Пытаньне аб экстрадыцыі зь Беларусі ў Расею гендырэктара кампаніі «Ўралкалій» Ўладзіслава Баўмгертнэра для далейшага расьсьледаваньня гэтай справы расейскімі сілавікамі, захоўваецца. У Сьледчым камітэце Беларусі паведамілі, што гаворка аб перадачы расійскага топ-мэнэджэра на радзіму не ідзе — у сьледчых няма пацьверджаньня таго, што супраць Баўмгертнэра ў Расеі сапраўды была заведзеная крымінальная справа, паведамляе расейская газэта «Известия».
14 кастрычніка Сьледчы камітэт Расеі па матэрыялах беларускіх калег распачаў супраць старшыні назіральнай рады ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» і гендырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра і былога першага намесьніка кіраўніка ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» Канстанціна Саладоўнікава крымінальную справа па ч. 2 арт . 201 КК РФ («Злоўжыванне паўнамоцтвамі») . Паводле вэрсіі сьледзтва, яны «злоўжывалі сваімі паўнамоцтвамі, выкарыстоўваючы іх насуперак законным інтарэсам гэтых арганізацый і ў мэтах здабываньня выгод і пераваг для іншых асоб, што пацягнула прычыненьне істотнай шкоды і цяжкія наступствы для Беларускай калійнай кампаніі і «Беларуськалія».
У беларускай вэрсіі крымінальнай справы «Ўралкалія» абвінавачаным таксама праходзіў найбуйнейшы акцыянэр кампаніі Сулейман Керымаў, аднак у Сьледчым камітэце Расеі патлумачылі, што ў матэрыялах, якія прыйшлі да іх зь Беларусі, ён не згадваецца.
У Сьледчым камітэце Расеі паведамілі, што цяпер сьледзтва рыхтуе дакумэнты ў Генпракуратуру РФ для арганізацыі працэдуры экстрадыцыі Баўмгертнэра зь Беларусі, дзе ён быў арыштаваны летам 2013 года. Пазьней яго перавялі пад хатні арышт у адну з кансьпіратыўных кватэр беларускага КДБ у Менску. Займацца экстрадыцыяй расейскага бізнэсмэна будзе Ўправа экстрадыцыі галоўнага ўпраўленьня міжнародна-прававога супрацоўніцтва Генпракуратуры Расеі.
Аднак, як высьветлілася, сьледчыя ў Беларусі не сьпяшаюцца з экстрадыцыяй.
Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэта Рэспублікі Беларусь Павал Траулька заявіў, што аб выдачы Баўмгертнэра казаць рана:
«Дамоўленасьць аб тым, што менавіта Расея будзе расьсьледаваць справу Баўмгертнэра, пакуль не дасягнутая. Справа пакуль застаецца ў Рэспубліцы Беларусь».
Траулька адзначыў, што ніякіх афіцыйных пацьверджаньняў таго, што Сьледчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу ў дачыненьні да Баўмгертнэра, пакуль няма.
Баўмгертнэр быў затрыманы ў Менску 26 жніўня, куды ён прыбыў на запрашэньне прэм’ера Беларусі Міхаіла Мясьніковіча. Тады беларускія ўлады заявілі, што падазраюць яго ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі ў якасьці кіраўніка назіральнай рады Беларускай калійнай кампаніі.
Радыё Свабода
16 кастрычніка 2013