"Затрыманне ў Беларусі кіраўніка "Уралкалія" — не першы канфлікт Лукашэнкі з расійскай элітай, і ні разу апошняя не здолела паставіць беларускага прэзідэнта на месца", — гаворыцца ў рэдакцыйным каментарыі "На зоне інтэграцыі" аднаго з вядучых расійскіх інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў "Газета.ru".
Арышт Уладзіслава Баўмгертнера беларускімі ўладамі "паводле сваіх абставін беспрэцэдэнтны". "Выкарыстанне кіраўніка ўрада як падсадной качкі, безумоўна, з`яўляецца прарывам у тэхналогіі аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў", — іранізуе газета.
У той жа час "не менш дзіўнай з`яўляецца і надзвычай акуратная, каб не сказаць бездапаможная, рэакцыя афіцыйнай Масквы на гэтую аперацыю". "Па гарачых слядах абураны вокліч выдаў віцэ-прэм`ер Ігар Шувалаў: "Гэта не ўкладваецца ні ў якія рамкі". Затым пасол Расіі ў Беларусі заявіў пра намер патрабаваць вызвалення Баўмгертнера, а паслу Беларусі ў Расіі МЗС РФ зрабіла прадстаўленне, "у якім, ні многа ні мала, папярэдзіла аб тым, што затрыманне Баўмгертнера "можа паўплываць на графік расійска-беларускіх кантактаў на палітычным узроўні". "Страшная пагроза, што і казаць", — саркастычна адзначае "Газета.ru".
"Рэзкай, вялікадзяржаўнай рэакцыі Расіі на гэты інцыдэнт чакаць, мабыць, не даводзіцца, — гаворыцца ў каментарыі. — Як не было і ў мінулых скандалах з Лукашэнкам. У гэтым канкрэтным выпадку шырокая грамадскасць яе патрабаваць і не будзе — бездань паміж масамі і прадстаўнікамі буйнога бізнесу ў Расіі настолькі шырокая, што захоп Баўмгертнера многія ўспрымаюць хутчэй са злараднасцю, чым з абурэннем".
"Можна, вядома, чакаць рашучых мер з боку Анішчанкі адносна беларускай малочнай і прадукцыі з агародніны, можна — нейкіх выпадаў з боку энергетыкаў. Вось яшчэ графік кантактаў можа змяніцца. Але ў асноўным, хутчэй за ўсё, падзеі будуць развівацца ў межах схаванага торгу. Які, дарэчы, зусім не абавязкова прывядзе да вызвалення заложніка. Бо ў нас даволі лёгка ставяцца да такіх дробязяў, як турма, а прэзідэнт Пуцін любіць, узгадваючы чыйсьці прыгавор, да тэрміну пазбаўлення волі прышпільваць ласкальныя суфіксы. Такая вось культурная агульнасць", — рэзюмуе "Газета.ru".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 28 жніўня 2013