Гаворачы аб гэтым праекце, Уладзімір Сямашка спаслаўся на дамоўленасці, дасягнутыя ў ходзе яго перагавораў з намеснікам прэм`ер-міністра Расіі Аркадзем Дварковічам, якія завяршыліся ў Маскве 17 мая. Першы віцэ-прэм`ер нагадаў, што кіраўнік дзяржавы ў штогадовым Пасланні беларускаму народу і парламенту выказаў волю на аб`яднанне МАЗа і КамАЗа і сказаў, што гэта трэба рабіць акуратна і асцярожна. "Асцярожна, гэта значыць, што мы не прадаём гэта важнейшае для Беларусі прадпрыемства, размова ідзе аб стварэнні холдынга", - растлумачыў Уладзімір Сямашка.
На думку першага віцэ-прэм`ера, стварэнне холдынга дасць магчымасць узмацніць патэнцыял двух гігантаў аўтапрама, асабліва іх экспартны патэнцыял. У выніку аб`яднання канструктарскіх, вытворчых і збытавых магутнасцей узрасце эканамічная эфектыўнасць Мінскага аўтазавода і Камскага аўтазавода, знізяцца іх выдаткі, што дасць магчымасць прадпрыемствам больш паспяхова канкурыраваць з сусветнымі лідарамі на рынку Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі.
"Гадоў праз пяць, калі мы ўбачым, што і МАЗ, і КамАЗ павялічылі сваю вытворчасць і продажы, тады толькі, можа быць, мы вернемся да размовы аб перадачы акцый ва ўласнасць ці іншай форме арганізацыі інтэграцыі двух прадпрыемстваў", - удакладніў Уладзімір Сямашка.
Паводле яго слоў, МАЗ сёння з`яўляецца дынамічным прадпрыемствам з добрымі эканамічнымі паказчыкамі, лёс якога добра ўяўляюць і ў яго кіраўніцтве, і ва ўрадзе, распрацаваны і рэалізуюцца адпаведныя бізнес-планы. Аднак ва ўмовах АЭП і ўступлення Расіі ў СГА інтэграцыя МАЗа і КамАЗа дасць ім магчымасць дзейнічаць больш эфектыўна, перш за ўсё на рынку Расіі.
Гаворачы аб тэрмінах рэалізацыі інтэграцыйнага праекта, Уладзімір Сямашка паведаміў, што стварэнне холдынга будзе прапрацоўвацца на працягу месяца, будуць распрацоўвацца статут холдынга і пагадненні аб перадачы акцый МАЗа і КамАЗа ў давернае кіраванне новай структуры.
20 мая 2013, Мінск
Анатоль Шырвель - БЕЛТА