https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь і Томская вобласць паставілі задачу павялічыць тавараабарот у сярэднетэрміновай перспектыве ў два-тры разы


Аб гэтым заявіў пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой па выніках перагавораў з губернатарам Томскай вобласці Уладзімірам Мазурам, якія адбыліся 17 студзеня падчас паездкі кіраўніка беларускай дыпмісіі ў расійскі рэгіён.
Адной з асноўных тэм перагавораў стала навукова-вытворчае супрацоўніцтва. "Томская вобласць славіцца сваімі ўніверсітэтамі, навуковымі школамі, і напрамкі, якія мы сёння вызначылі ў якасці базавых - беспілотная авіяцыя і мікраэлектроніка, - падыходзяць да нашых дамоўленасцей на ўзроўні ўрадаў Беларусі і Расіі па тэме імпартазамяшчэння, - сказаў Дзмітрый Крутой. - Таму вялікая частка майго візіту прысвечана менавіта гэтай тэматыцы, каб лепш зразумець спецыфіку і напрацоўкі, якія ёсць у томскіх універсітэтаў і вытворчых пляцовак. У ідэале, вядома, выйсці на нейкую сярэднетэрміновую праграму па тэме беспілотнай авіяцыі, каб мы не дубліравалі адзін аднаго, а тыя напрацоўкі, якія ёсць у Беларусі і Томскай вобласці, - злучылі. У тым ліку ў рамках распрацоўкі і рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы па тэме, якая вызначана як сфера хуткіх транзістараў для выкарыстання ў аэракасмічнай сферы і авіяцыйнай прамысловасці".

Другім блокам на перагаворах сталі пастаўкі беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і яе сэрвіснае абслугоўванне. "Наступны важны элемент - транспартная рэформа. Губернатарам пастаўлена задача да 2030 года прывесці пасажырскі транспарт Томскай вобласці да нарматыўнага стану, правесці сур`ёзнае абнаўленне ўсіх відаў пасажырскай тэхнікі, - дадаў пасол. - Гэта абсалютна кладзецца ў рэчышча даручэння Прэзідэнта Расіі на Дзяржсавеце па транспарце. Томск будзе ўдзельнічаць у праграме, якую цяпер фарміруе расійскі Мінтранс. Улічваючы, што стратэгічна па тралейбусах менавіта беларускі вытворца "Белкамунмаш" быў асноўным партнёрам Томска (а на сённяшні дзень пытанне абнаўлення тралейбусаў стаіць вельмі востра), наша кампанія гатова ў гэтым удзельнічаць. Адпаведныя заяўкі ўжо сфарміраваны, мы чакаем толькі адкрыцця фінансавання і вызначэння фінансавых інструментаў, якія рэгіён будзе выкарыстоўваць для гэтых новых паставак".

Яшчэ адной тэмай перагавораў сталі магчымыя пастаўкі беларускай тэхнікі для ляснога комплексу Томскай вобласці. "Абсалютна ў кожным сегменце лясной гаспадаркі і лесанарыхтоўчай прамысловасці ёсць цікавасць да нашай рэспублікі", - падкрэсліў Дзмітрый Крутой. Ён паведаміў, што шэраг мадэлей сумесных беларуска-расійскіх машын, якія вырабляюцца на заводзе ў Карэліі, пачалі ўжо тэсціравацца ў рэжыме доследнай эксплуатацыі ў Томскай вобласці. Паводле яго слоў, беларускі бок спадзяецца да канца года выйсці на пастаўку ўсёй лінейкі машын для ляснога сектара.

Асобна была закранута тэма, звязаная з тушэннем лясных пажараў. "У Беларусі з`явіўся шэраг інавацыйных сучасных прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць у тым ліку кампазітныя матэрыялы, вельмі цікавыя рашэнні. І сёння яны паспяхова прадаюць пажарную і спецтэхніку для ліквідацыі надзвычайных здарэнняў у іншых рэгіёнах Расіі. Губернатар Уладзімір Мазур паглядзеў іх прэзентацыю, убачыў на справе гэтыя новыя машыны і паабяцаў, што томскія арганізацыі, у першую чаргу лесагаспадарчыя аб`яднанні, будуць выкарыстоўваць і гэтыя напрацоўкі беларусаў", - расказаў Дзмітрый Крутой.

Гаворачы пра ўзаемадзеянне ў аграпрамысловай сферы, пасол адзначыў, што калі спачатку ў томскага боку была цікавасць толькі да паставак беларускіх малакавозаў у спецыяльным выкананні, то цяпер тэма супрацоўніцтва пашырылася: Томская вобласць мае намер будаваць малочнатаварныя комплексы па глыбокай перапрацоўцы малака, выкарыстоўваючы беларускія праектныя рашэнні, беларускае абсталяванне і тэхналогіі.

"І адна яшчэ важная тэма, якая пакуль знаходзіцца ў пачатковым стане, - кааперацыя на ўзроўні прадпрыемстваў медыцынскай сферы, якія вырабляюць сродкі рэабілітацыі, імпланты і іншыя медыцынскія вырабы. Мы на сённяшні дзень забяспечваем партнёраў з беларускага боку: у нас ёсць адпаведны тэхнапарк і шэраг кампаній, якія займаюцца мэтанакіравана толькі гэтай тэматыкай. Важна забяспечыць гэтыя элементы супрацоўніцтва і ўзаемнай кааперацыі ў медыцынскай сферы", - дадаў Дзмітрый Крутой.

17 студзеня 2024, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА
 
Дата публикации:17.01.2024
Тематика:Товары из Беларуси, Союзное государство
Просмотров:248
 
Ключевые слова:
Томская область Россия Кооперация Технологии Сотрудничество
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме