https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь гатова абмяркоўваць пытанне пашырэння аб`ёмаў пастаўкі расійскіх нафты і газу


Аб гэтым заявіў 16 мая Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам ААТ НК "Раснафта" Ігарам Сечыным і прэзідэнтам ААТ НК "РусНафта" Міхаілам Гуцарыевым, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для развіцця супрацоўніцтва з гэтымі кампаніямі няма абсалютна ніякіх перашкод.

"Калі, дапусцім, умовы будуць нармальныя, лепшыя, чым у іншых кампаній, то мы можам узяць большую колькасць нафты на перапрацоўку, пры вашым, вядома, жаданні. Тут у нас праблем ніякіх няма", - сказаў Прэзідэнт.

"Што датычыцца паставак нафтапрадуктаў, калі ласка, давайце будзем дамаўляцца разам, у нас таксама тут ніякіх перашкод няма. Нашы нафтаперапрацоўчыя заводы вы ведаеце", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў расійскаму боку ўдзел у рэалізацыі праектаў у сферы хімічнай прамысловасці.

"У нас добры шлейф і нафтахімічнай прадукцыі, - адзначыў Прэзідэнт, - а таксама вопыт і школа па вытворчасці азотных угнаенняў. У вас пад 50 млрд.куб.м газу, вы не пастаўляеце на экспарт, але, я лічу, унутры, у Саюзнай дзяржаве, мы маглі б дамовіцца. І вы маглі б пад 3 млрд.куб.м перапрацоўваць, калі мы пабудуем новы завод, а пляцоўка ўжо гатова. Вы пастаўляеце газ, дамовімся па акцыяніраванню прадпрыемства і пастаўках на знешні рынак, вельмі добрая эканоміка". Аляксандр Лукашэнка дадаў, што, у выпадку неабходнасці, гатовы размаўляць на гэту тэму з Прэзідэнтам Расіі.

"І іншых праектаў тут дастаткова", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Мы гатовы адкрыць дзверы для таго, каб вы маглі вельмі эфектыўна ўвайсці ў Беларусь, і пажадана, вядома, каб была высокая даходнасць і эфектыўнасць вашай работы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Прынцып адзін: у нас павінен быць інтарэс крыху вышэйшы, чым у іншых кампаній. Я лічу, вы зможаце Беларусь зацікавіць, паколькі аб`ёмаў і нафты, і газу ў вас шмат, і наперадзе вялікае развіццё".

У сваю чаргу Ігар Сечын падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за асабістую ўвагу да праектаў.

Ён адзначыў, што "Раснафта" сёння ўжо актыўна працуе ў Беларусі і пастаўляе каля палавіны аб`ёмаў нафты, якая перапрацоўваецца на беларускіх заводах. "Поўнасцю пацвярджаю, што прынцыпы, якіх мы будзем прытрымлівацца ў рабоце з нашымі стратэгічнымі беларускімі партнёрамі, - гэта давер, узаемная павага і ўлік узаемных інтарэсаў. Мы гатовы ў поўным аб`ёме дзяліцца выгадай з нашымі партнёрамі і ствараць доўгатэрміновыя праекты", - запэўніў Ігар Сечын.

16 мая 2013, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:16.05.2013
Тематика:Бизнес, Союзное государство
Просмотров:1594
 
Ключевые слова:
Беларусь-Россия Роснефть Энергетика Нефтепереработка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме