Апрача Сямашкі і Дварковіча ў ёй узялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва профільных міністэрстваў і ведамстваў Беларусі і Расіі. Бакі "разгледзелі ход рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых падчас нядаўняга візіту Дварковіча ў Мінск (12 лютага. — БелаПАН.), перспектывы развіцця кааперацыі і сумесных праектаў у прамысловасці", зазначаецца ў паведамленні пасольства.
Пра падрабязнасці перамоў не паведамляецца. Прэс-сакратар Дварковіча Алія Самігуліна заявіла БелаПАН: "Пакуль мы не гатовыя каментаваць сітуацыю".
Сустрэча Сямашкі і Дварковіча прайшла за некалькі дзён да перамоў прэзідэнтаў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі падчас пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі 15 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу.
Чакаецца, што адным з ключавых пытанняў перамоў, якія маюць адбыцца, будзе пытанне аб умовах і аб`ёмах сёлетняй пастаўкі ў Беларусь расійскай нафты.
6 сакавіка канцэрн "Белнафтахім" распаўсюдзіў паведамленне, у якім гаварылася: "На працягу студзеня—сакавіка працягваецца планамерная праца па фарміраванні балансаў нафты і нафтапрадуктаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі на ўвесь 2013 год і ўзгадненні графіка транспарціроўкі нафты на другі квартал 2013 года". Паводле інфармацыі канцэрна, у першым квартале 2013 года Беларусь разлічвае атрымаць 5,75 млн. тон расійскай нафты — "у адпаведнасці з дасягнутымі з расійскім бокам дамоўленасцямі".
Перамовы аб умовах пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь вядуцца з кастрычніка 2012 года. Беларусь зацікаўлена ў імпарце 23 млн. тон нафты, у той час як Расія заяўляла пра гатоўнасць паставіць 18,5 млн. тон.
Раней расійскі бок заяўляў, што аб`ёмы паставак абмяркоўваюцца ва ўвязцы з вырашэннем праблемы экспарту беларускім бокам растваральнікаў. У Маскве выказвалі занепакоенасць тым, што Беларусь магла экспартаваць нафтапрадукты пад выглядам разбавіцеляў і растваральнікаў, каб пазбегнуць выплаты экспартных пошлін у бюджэт РФ. Лукашэнка, са свайго боку, заяўляў, што пытанне экспарту растваральнікаў не перашкаджае падпісанню нафтавага балансу з РФ на 2013 год.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 12 сакавіка 2013