Працэдура абяцае быць няпростай: расійскі бок занепакоены значным перавышэннем узгодненага аб`ёму паставак з краіны, а Мінск просіць павялічыць для яе аб`ёмы ўвозу ў Расію, прыводзіць словы Шастакова агенцтва Прайм.
Мінсельгас Расіі гатовы ў чымсьці пайсці насустрач, аднак настойвае на выкананні дамоўленасцяў з боку краіны-партнёра, адзначыў Шастакоў. "Нашу занепакоенасць выклікае істотнае перавышэнне ўзгодненых аб`ёмаў паставак малочнай і мясной прадукцыі з Беларусі", — заявіў прадстаўнік Мінсельгаса.
На мінулым тыдні ў Маскве прайшла сустрэча міністра сельскай гаспадаркі Расіі Мікалая Фёдарава з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанідам Зайцам. Бакі абмеркавалі перспектывы ўзаемнага гандлю, а таксама праблемныя пытанні, звязаныя з гэтым.
У прыватнасці, пры вызначаным на 2012 год аб`ёме ўвозу малочнай прадукцыі 3,7 млн. тон (у пераліку на малако) фактычны аб`ём паставак складзе, згодна з прагнозам Мінсельгаса РФ, 4,1 млн. тон, да таго ж назіраецца "частковы дэмпінг".
Пастаўкі сухога натуральнага малака замест узгодненых 14 тыс. тон сёлета склалі 26 тыс. тон. "Мы таксама завастрылі ўвагу беларускіх калег на шматразовым перавышэнні ўзгодненых аб`ёмаў паставак сухой малочнай сыроваткі: узгоднена 14 тысяч тон, цяпер ужо пастаўлена 72 тыс. Яны на сустрэчы паабяцалі, што гэтую сітуацыю возьмуць пад асаблівы кантроль і далей будуць пастаўляць выключна ў рамках узгодненых аб`ёмаў", — сказаў Шастакоў.
Ён таксама адзначыў, што сістэма трэйдараў, існуючая ў гандлі малочнай прадукцыяй паміж Расіяй і Беларуссю, непразрыстая, і гэта з`яўляецца адной з асноўных праблем. "Ёсць прыклады таго, што малочная сыроватка, паколькі таннейшая, падмешваецца да сухога малака, то бок пастаўляецца пад выглядам сухога малака. А гэта несправядлівая канкурэнцыя", — падкрэсліў суразмоўца.
Мінсельгас РФ таксама адзначае, што пастаўкі мяса пры ўзгодненым аб`ёме 170 тыс. ужо склалі 332 тыс. тон. Аб`ём увозу мяса птушкі перавышае ўзгоднены аб`ём у шэсць разоў, свініны — у 2,5 разу, у значным аб`ёме ўвозяцца мясапрадукты. Пры гэтым расійскі бок сумняваецца, што ўсё мяса, якое ўвозіцца з краіны, мае беларускае паходжанне.
"З аднаго боку, Беларусь просіць павялічыць ім імпартныя квоты на пастаўкі мяса з трэціх краін. З другога боку, мы бачым, што гэтае мяса або шляхам замяшчэння, або транзітам ідзе да нас. І мы чулі заявы неафіцыйных асоб, што ім гэта вельмі выгадна", — заявіў Шастакоў.
І калі адносна паставак малака беларускі бок ужо заявіў пра гатоўнасць разабрацца з сітуацыяй, то адносна імпарту мяса толькі прыняў інфармацыю да ведама. "Беларускі бок спасылаецца на тое, што доля яго паставак у агульным аб`ёме імпарту мясной прадукцыі РФ не такая значная", — патлумачыў чыноўнік. Расійскі ж бок лічыць такое стаўленне не вельмі партнёрскім. "Калі нашы калегі не зробяць захады, тады мы будзем ставіць пытанне аб скарачэнні імпартных квот на пастаўку мяса для Беларусі. Імпартная квота неабходная для таго, каб папаўняць дэфіцыт, а не каб гэтае мяса перапраўляць у РФ", — заявіў ён.
Усе праблемныя пытанні аграрныя міністэрствы дзвюх краін вырашылі абмеркаваць на сумеснай калегіі. "Папярэдне дамовіліся правесці яе ў лютым у Беларусі. На гэтай калегіі мы таксама будзем узгадняць баланс", — паведаміў Шастакоў.
Паводле яго слоў, Мінск прапаноўвае на наступны год павялічыць для Беларусі аб`ёмы паставак мяса і малака ў Расію: прычым, павялічыць не проста адносна ўзгодненых на 2012 год аб`ёмаў, а фактычных аб`ёмаў паставак, і на "дзясяткі працэнтаў". "Але тут будзем адстойваць пазіцыю расійскіх вытворцаў. Мы не супраць павелічэння паставак, але, па-першае, яно не павінна ісці такімі тэмпамі, а па-другое, нашы партнёры павінны ісці ў рамках узгодненых аб`ёмаў, каб наш рынак мог разумець, якія дадатковыя аб`ёмы паступаюць на расійскі рынак", — падкрэсліў суразмоўца.
БелаПАН
Мінск, 25 снежня 2012