Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі адзначае, што пастаўкі мяса пры ўзгодненым аб’ёме ў 170 тысяч тон ужо склалі 332 тысячы тон. Аб’ём увозу мяса птушкі перавышае ўзгоднены аб’ём у 6 разоў, сьвініны — у 2,5 разы. Пры гэтым расейскі бок сумняваецца, што ўсё мяса, увезенае ў краіну, мае беларускае паходжаньне.
У той жа час афіцыйны Менск прапануе на наступны год павялічыць аб’ёмы паставак мяса і малака ў Расею. Што за гэтым стаіць, разважае эканаміст Міхал Залескі:
«За гэтым стаіць расейская прымаўка: „Дружба — дружбой, а табачок — врозь“. Таму што кожны чалавек пільнуецца свайго інтарэсу. І кожная дзяржава таксама. Ёсьць расейскія вытворцы, не канкурэнтаздольныя на глябальным рынку. І любая прадукцыя, і нават беларуская, а асабліва таму, што наша прадукцыя датацыйная, — яна здольная пахіснуць расейскі рынак. Вось яны і адбрыкваюцца, як ўмеюць. Яны хочуць даказаць, што мы займаемся тут аўтсорсінгам. То бок, увозім, напрыклад, з Польшчы мяса, робім зь яго мясапрадукты і „фугасім“ пад выглядам беларускіх у Расею. Тут праблема ў тым, што ўсе пагадненьні міждзяржаўныя — Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, Мытнага Зьвязу — не адмяняюць нацыянальных інтарэсаў. Але ў нас такія словазлучэньні, кшталту „нацыянальны інтарэс“ — нямодныя. У нас слова „нацыя“ замяняюць „рэспубліка“ ў якасьці найменьня краіны. Адсюль усе беды ідуць. А ёсьць нацыя зь яе інтарэсамі».
Начальнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Нацыянальнага Саюзу вытворцаў малака «Саюзмалако» Тацяна Рыбалава патлумачыла, што пры заплянаваным на 2012 год аб’ёме ўвозу малочнай прадукцыі 3,7 мільёна тон (у пераліку на малако), фактычна пастаўлена ўжо больш за 4 мільёны тон. Пастаўкі сухога малака перавыкананыя на 60%, малочнай сывараткі — больш чым на 200%, вельмі шмат увозіцца цэльнамалочнай і кісламалочнай прадукцыі. Спадарыня Рыбалава прызнала, што па якасьці беларуская прадукцыя часьцяком значна лепшая за расейскую. Але яна выказала афіцыйную пазыцыю «Саюзмалака»:
«Наша пазыцыя дастаткова простая: прытрымлівацца дамоўленасьцяў, заключаных паміж урадамі. Пакуль у нас няма ніякіх іншых рычагоў узьдзеяньня на рынак, акрамя дамоўленасьцяў. Ніякай „малочнай вайны“ ня будзе, ня будзе і зьнікненьня Мытнага Зьвязу альбо Саюзнай дзяржавы. Гэта ня тыя сцэнары, якія маглі б працаваць. Зразумела, мы будзем адстойваць свае інтарэсы, улічваючы, што ёсьць вялікі цэнавы дысбалянс. Мы выкарыстоўваеце цэнавы дэмпінг. Але ў нас дыямэтральна розныя эканомікі: у вас — плянавая эканоміка, а ў нас — рынкавая. Мы ўсё ж настойваем на выроўніваньні цэнаў. І Беларусь, як ні супраціўляецца ня толькі пад ціскам Расеі, але і пад ціскам рынку (рынак таксама цісьне) — вы вымушаны пераходзіць на іншую сыстэму цэнаўтварэньня».
Іна Студзінская
Радыё Свабода, 26 сьнежня 2012