Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 4 снежня падпісаў закон аб ратыфікацыі міжурадавага пагаднення з Беларуссю аб супрацоўніцтве ў галіне касмічных даследаванняў у мірных мэтах.
Пагадненне было падпісанае 15 сакавіка 2011 года ў Мінску. 23 лістапада 2012 года было прынятае Дзярждумай, а 28 лістапада — ухваленае Саветам Федэрацыі.
Асноўным кірункам супрацоўніцтва ў межах пагаднення дэкларуецца стварэнне беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі, якая ў сваім складзе будзе мець новыя касмічныя апараты і Цэнтр прыёму касмічнай інфармацыі ў Мінску. Цяпер да яго прыцягнуты 29 беларускіх арганізацый, якія валодаюць неабходным навукова-тэхнічным патэнцыялам у галіне стварэння оптыка-электронных сродкаў, распрацоўкі праграмнага забеспячэння і электронна-вылічальнай тэхнікі, сродкаў апрацоўкі і адлюстравання інфармацыі.
Дакумент носіць рамачны характар і вызначае неабходныя прынцыпы, нормы і ўмовы для развіцця двухбаковых адносін у касмічнай галіне, у тым ліку па пытаннях размеркавання і аховы правоў інтэлектуальнай уласнасці, экспартнага кантролю, абароны маёмасці, аховы тэхналогій, мытнага афармлення тавараў касмічнага прызначэння.
У пагадненні прапісаны пытанні прававой і фізічнай абароны падахоўных вырабаў і тэхналогій, аховы тэхналогій у выпадку затрымкі, адмены запуску ці няўдалага запуску, а таксама метады і сістэмы тэхнічнага кантролю і рэгістрацыі, у тым ліку маркіроўкі падахоўных вырабаў і тэхналогій.
Агавораны ўмовы мытнага кантролю і мытнага афармлення прадукцыі на экспарт і дзеянні бакоў у выпадку прычынення ўрону падахоўным вырабам і тэхналогіям, у тым ліку кампенсацыя расходаў на вытворчасць, перавозку і страхавыя выдаткі ў выпадку такога ўрону.
Акрамя таго, пагадненне прадугледжвае сумесную працу ў галіне спадарожнікавых навігацыйных сістэм, касмічнай медыцыны і біялогіі, па шэрагу іншых кірункаў.
БелаПАН
Мінск, 4 снежня 2012