"Ёсць добры варыянт: мы аддаем свае нафтаперапрацоўчыя заводы, калі ласка, перапрацоўвайце там сваю нафту. А вы, калі ласка, дайце нам магчымасць самім, як гэта робяць амерыканцы і іншыя, здабываць нафту і прыродны газ", — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Беларусь можа перапрацоўваць 24 мільёны тон нафты. "Няхай мы 10 мільёнаў здабудзем, а 14 мільёнаў у вас купім, усё роўна залежнасць будзе. На ўмовах, як BP, Shel і гэтак далей. Мы вам заводы, а вы нам — магчымасць на ўмовах, якія прыняты ў Расіі для іншаземцаў, нафту здабываць", — яшчэ раз прапанаваў Лукашэнка.
Аднак, паводле яго слоў, пакуль на гэтую прапанову адказу няма.
Лукашэнка падкрэсліў, што Саюзная дзяржава павінна існаваць толькі на ўмовах раўнапраўя. "Саюзы не могуць быць даўгавечныя, калі яны пабудаваны не на ўзаемапавазе і раўнапраўных умовах", — упэўнены кіраўнік дзяржавы. "Гэта не азначае, што, як пішуць некаторыя СМІ, Лукашэнка ўсё хоча аб`яднаць і падзяліць пароўну", — заявіў ён, зазначыўшы, што абедзве краіны павінны мець роўныя ўмовы гаспадарання.
Беларускі кіраўнік прывёў прыклад няроўнасці цэнавых умоў для спажыўцоў расійскага газу. Так, для беларускіх прадпрыемстваў яна складае 274 долары за тысячу кубаметраў, а ў Расіі — 150-160 долараў. "Розніца ёсць? Наш БелАЗ, нашы прадпрыемствы, нашы людзі аддаюць па столькі, а там (у Расіі. — БелаПАН.) — у два разы менш. Я не кажу, што аддайце нам газ па 150 долараў, няхай будзе па 300, але ў Расіі і Беларусі павінна быць аднолькава. Мы — Саюзная дзяржава", — падкрэсліў Лукашэнка.
"Таму, калі вы чуеце: "Лукашэнка — нахлебнік, прысмактаўся да Расіі", — Гасподзь з вамі… Я так "прысмактаўся", што купляю ў два разы даражэй, чым у Расіі", — дадаў кіраўнік дзяржавы.
"Мы ўсё роўна будзем ад Расіі залежныя, — сказаў ён. — Няхай мы будзем здабываць 10 мільёнаў тон таннага беларускага газу, гэта будзе для нас танней, гэта будзе для Беларусі прымальна. Чаму ў Венесуэле пры долях 40 на 60% у СП мы здабываем нафту?"
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 16 кастрычніка 2012