Прыпыніць увоз сухога натуральнага малака, сухога абястлушчанага малака, сухой малочнай сыроваткі і масла жывёльнага вясковага 72,5% і 82,5% тлустасці з Беларусі, а таксама з далёкага замежжа з 4 чэрвеня да 1 снежня 2012 года запатрабавалі ўдзельнікі Усерасійскай нарады прадстаўнікоў прадпрыемстваў малочнай галіны.
"У сувязі з вельмі цяжкай сітуацыяй у сусветнай малочнай індустрыі, выкліканай перавытворчасцю малака, і, як вынік, падзеннем цэн, расійская малочная галіна сутыкнулася з недапушчальным зніжэннем цэн як на сырое малако, так і на гатовую малочную прадукцыю", — гаворыцца ў апублікаванай 28 мая рэзалюцыі нарады, якая прайшла 24 мая.
На думку ўдзельнікаў нарады, для захавання малочнай галіны краіне неабходна прыняць комплекс тэрміновых і доўгатэрміновых мер. "Калі прапанаваныя меры не будуць прынятыя ў названыя тэрміны, нас чакае немінучы развал малочнай галіны Расіі, які суправаджаецца невяртаннем значнага аб`ёму крэдытных рэсурсаў; стратай сродкаў дзяржпадтрымкі малочнай галіны, патрачаных за апошнія 10 гадоў; усплёскам росту беспрацоўя на вёсцы, дэградацыяй традыцыйна аграрных тэрыторый краіны; масавым банкруцтвам прадпрыемстваў па вытворчасці і перапрацоўцы малака; значным скарачэннем пагалоўя малочнага статку (да 30%); поўнай залежнасцю Расіі ад імпартнай малочнай прадукцыі", — падкрэсліваецца ў дакуменце.
Мяркуемае прыпыненне імпарту названых вышэй таварных пазіцый з Беларусі мае на мэце "стабілізацыю цэн на названую прадукцыю на расійскім рынку і спыненне дэмпінгу з боку беларускіх пастаўшчыкоў". "Аператыўны кантроль за выкананнем гэтай меры даручыць ДІБДР МУС Расіі і РЧ Расіі. Даручыць распрацаваць сістэму кантролю за якасцю, аб`ёмамі і цэнамі малочнай прадукцыі, што пастаўляецца з Беларусі ў Расію, Мінсельгасу, Расветнагляду і Рассельгаснагляду Расіі да 1 снежня 2012 года", — прапаноўваюць расійскія малочнікі.
Першым пунктам у пакеце тэрміновых мер прапаноўваецца "правесці экстранную нараду пад кіраўніцтвам старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Д.А.Мядзведзева па крытычнай сітуацыі ў малочнай галіне краіны да 10 чэрвеня 2012 года".
Сярод доўгатэрміновых мер па стабілізацыі сітуацыі аўтары рэзалюцыі прапаноўваюць "для забеспячэння роўных канкурэнтных умоў унутры Мытнага саюза […] распрацаваць і заканадаўча замацаваць сістэму планавання і кантролю тавараабароту ў яго рамках, а таксама гарманізаваць узровень дзяржаўнай падтрымкі з улікам доўгатэрміновых планаў па нацыянальным развіцці краін — удзельніц Саюза". Да часу прыняцця адпаведнай сістэмы трэба "ўзмацніць кантроль за выкананнем Балансаў гандлю малочнымі прадуктамі і выкананнем індыкатыўных цэн".
На думку аўтараў рэзалюцыі, трэба паскорыць прыняцце Тэхнічнага рэгламенту на малако і малочныя прадукты Мытнага саюза з улікам "усіх прапаноў расійскага боку". У першую чаргу — "узмацніць патрабаванні да выкарыстання раслінных тлушчаў пры вытворчасці прадуктаў з утрыманнем малака, а таксама не дапусціць прыняцця тэрміну "адноўленае малако".
Апошні сур`ёзны "малочны канфлікт" паміж Расіяй і Беларуссю разгарэўся летам 2009 года.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 28 мая 2012