https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 


Найти
 
 


Форум да 200-годдзя Станіслава Манюшкі пройдзе ў НАН Беларусі


Міжнародны навукова-практычны форум "Мастацкая прастора Еўропы XIX-ХХ стагоддзяў і Станіслаў Манюшка: гісторыя, сучасны стан", прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння класіка польскай і беларускай музыкі, пройдзе ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 30-31 мая, паведамілі ў прэс-службе НАН.
Мэта форуму - усталяванне творчых і навуковых кантактаў з вядучымі замежнымі прадстаўнікамі навукі, культуры і мастацтва, абмеркаванне перспектыўных навукова-даследчых і грамадска-культурных праектаў.

Мерапрыемства ахоплівае мастацтвазнаўчую, культуралагічную, краязнаўчую, сацыялагічную праблематыку, актуальныя навуковыя пытанні, звязаныя з новымі ракурсамі даследавання творчасці Станіслава Манюшкі, з вывучэннем культуры Беларусі ў еўрапейскім кантэксце, з увекавечаннем памяці выдатных дзеячаў культуры і мастацтва ў Беларусі і свеце.

Да ўдзелу запрошаны вядучыя спецыялісты з Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы. Плануюцца выступленні вучоных з Польскай акадэміі навук, Ягелонскага ўніверсітэта, Універсітэта імя Адама Міцкевіча, Вільнюскага ўніверсітэта, Расійскай акадэміі навук, Расійскага нацыянальнага музея музыкі, Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.А.Рымскага-Корсакава, Акадэміі рускага балета імя А.Я.Ваганавай, Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Казахскай нацыянальнай акадэміі харэаграфіі, Інстытута культурнай спадчыны Акадэміі навук Малдовы і інш. Чакаецца больш за 100 удзельнікаў. Самастойнай часткай праграмы стане прэзентацыя дакументальнага фільма тэлеканала "Беларусь 3" пра Станіслава Манюшку і канцэрт з яго твораў мінска-віленскага перыяду творчасці ў выкананні музычнай капэлы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Прэзентацыя і канцэрт адбудуцца 30 мая ў 18.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН. Таксама будуць працаваць кніжныя выставы: выстава навуковых выданняў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН, выстава аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі.

Удзельнікі форуму будуць мець магчымасць наведаць Музей старажытнабеларускай культуры НАН. Культурная праграма 31 мая ўключае наведванне памятных мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю Станіслава Манюшкі і ўвекавечаннем яго памяці, у тым ліку наведванне раздзела экспазіцыі "Станіслаў Манюшка - дзеяч беларускай музычнай культуры" ў Чэрвеньскім раённым краязнаўчым музеі.

Падвядзенне вынікаў форуму адбудзецца ў "Музычнай гасцёўні Станіслава Манюшкі" ў гарадскім пасёлку Смілавічы (Чэрвеньскі раён). Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 мая 1819 года ў фальварку Убель пад Мінскам і большую частку жыцця быў звязаны па сваёй прафесійнай дзейнасці з Міншчынай і Віленшчынай. У 1840-1850-х гадах у Беларусі быў пастаўлены шэраг музычна-тэатральных твораў кампазітара, у мінска-віленскі перыяд ён дасягнуў творчага ўздыму як аўтар свецкай і духоўнай музыкі розных жанраў.

Станіслаў Манюшка ўнёс значны ўклад у музычную культуру розных народаў і быў добра вядомы ў Польшчы, Расіі, Літве і Украіне як кампазітар, дырыжор, педагог, арганіст, аўтарытэтны музычна-грамадскі дзеяч.

Арганізатары форуму - Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН (філіял "Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАН Беларусі"). Форум праводзіцца пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску.

24 мая 2019, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:24.05.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:171
 
Ключевые слова:
Беларусы ў свеце Станіслаў Манюшка Музыка Искусство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме