«Аказалася, што мы наогул не былі гатовыя да тых нагрузак, таго ўзроўню забруджвання...»
Ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобыля ў дзень 39-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС прыйшлі сотні неабыякавых беларусаў. У ліку дэлегацый — прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, Адміністрацыі Прэзідэнта, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Мінскага гарвыканкама, адміністрацый раёнаў горада, удзельнікі грамадскіх аб’яднанняў, духавенства, моладзь.
Першымі каля памятных знакаў усклалі кветкі ліквідатары наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Сярод іх быў і Мікалай Варакса, які ў ліпені і жніўні 1986 года удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі. За чатыры гады да выбуху рэактара на атамнай станцыі мужчына скончыў інстытут, дзе вывучаў радыяцыйную гігіену. У першыя месяцы пасля аварыі Мікалай Варакса працаваў у населеных пунктах, якія падлягалі адсяленню.
«Мы працавалі на перанасных радыелагічных лабараторыях, на якіх было сучаснае абсталяванне: як стацыянарнае, так і пераноснае, — успамінае Мікалай Варакса. — У адселеных населеных пунктах мы праводзілі работу па зніжэнні дозы радыеактыўнага выпраменьвання. Мы працавалі добраахвотна, бо лічылі, што былі падрыхтаваныя. Але аказалася, што мы наогул не былі гатовыя да тых нагрузак, таго ўзроўню забруджвання»
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Барсукоў — удзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У ліку першых займаўся эвакуацыяй людзей з пацярпелых раёнаў.
«Важна захоўваць памяць пра тых, хто прыняў на сябе першы ўдар у барацьбе з радыяцыяй, — адзначыў дэпутат. — Рызыкуючы жыццём і здароўем, гэтыя людзі зрабілі ўсё, што залежала ад іх у той сітуацыі».
«Важна захоўваць памяць пра тых, хто прыняў на сябе першы ўдар у барацьбе з радыяцыяй, — адзначыў дэпутат. — Рызыкуючы жыццём і здароўем, гэтыя людзі зрабілі ўсё, што залежала ад іх у той сітуацыі».
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па экалогіі і прыродакарыстанні Жанна Чарняўская адзначыла, пасля чарнобыльскай трагедыі жыццё падзялілася на да і пасля: «Пад ударам апынуліся больш за 2,2 мільёна чалавека, 500 населеных пунктаў апынуліся сцёртыя з твару зямлі, было эвакуявана дзве тысячы чалавек. Людзі, апынуўшыся пад ударам радыяцыі, вучыліся жыць па-новаму. У 1990 годзе дзяржавай было прынята рашэнне канцэнтраваць фінансавыя сродкі і ўкладваць іх у ліквідацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС. Дзяржаўная праграма — той інструмент, які дазволіў зрабіць многае. Гэта не толькі абарона чалавека ад радыяцыі, але і аздараўленне, дыспансерызацыя, забеспячэнне ўмоў жыцця, газіфікацыя, электрыфікацыя, водазабеспячэнне, інфармацыйны складнік, навука і многае іншае».
Паводле яе слоў, Беларусь паспяхова падышла да адраджэння забруджаных тэрыторый: «Сёння мы гаворым пра тое, што вучоныя міжнароднага фармату бяруць нашы напрацоўкі, ім важны наш вопыт, таму што мы апынуліся правы, не пакінуўшы ні аднаго метра зямлі без нагляду. Мы сталі займацца гэтымі землямі, укладвацца ў іх. І сёння наша Беларусь паказала ўсяму свету, што забруджанымі тэрыторыямі трэба займацца. Прадукцыя, якая вырабляецца на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі, чыстая».
Парламентарый падзякавала ўсім людзям, якія былі добраахвотнікамі, якія па абавязку службы ліквідавалі наступствы катастрофы, якія цаной свайго здароўя і жыцця прадухілілі яшчэ большую катастрофу, якая магла б адбыцца.
Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран адзначыў, што ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарвыканкама да катэгорыі ліквідатараў аднесены 4,2 тысячы чалавек.
«Гэта быў подзвіг у мірны час, які ўдалося здзейсніць дзякуючы самаадданасці тых людзей, хто ў першыя гадзіны аварыі дазволілі пазбегнуць яшчэ большых наступстваў. Мы не толькі шануем памяць тых, хто загінуў, але і тых жыхароў, якія так ці інакш удзельнічалі пры ліквідацыі наступстваў той трагедыі».
«Гэта быў подзвіг у мірны час, які ўдалося здзейсніць дзякуючы самаадданасці тых людзей, хто ў першыя гадзіны аварыі дазволілі пазбегнуць яшчэ большых наступстваў. Мы не толькі шануем памяць тых, хто загінуў, але і тых жыхароў, якія так ці інакш удзельнічалі пры ліквідацыі наступстваў той трагедыі».
Ліквідатары праявілі непадробную мужнасць і гераізм, з гонарам выканалі свой абавязак, падкрэсліў кіраўнік дэпутацкага корпуса сталіцы. «У памяць аб гэтым ва ўстановах адукацыі Мінска адкрываюцца музейныя экспазіцыі, прысвечаныя ліквідатарам. Такім чынам захоўваецца памяць і пераемнасць пакаленняў», — дадаў Арцём Цуран.
Данііл Хмяльніцкі
Звязда, 26 красавіка 2025
Звязда, 26 красавіка 2025