https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Што прапаноўваюць удзельнікам «Ночы музеяў — 2025»?


Кожны год музейныя ўстановы краіны далучаюцца да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», якая дазваляе ім прэзентаваць сябе ў новых фарматах, а наведвальнікам — правесці вольны час карысна і цікава.
Адкрыцці ў знаёмых інтэр’ерах

Расказваем, куды можна завітаць ужо ў гэтыя выхадныя.

«Жураўлі над Беларуссю»

Так называецца тэма «Ночы музеяў» у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Як адзначаюць арганізатары, такі выбар, асабліва ў 80-гадовы юбілей Вялікай Перамогі, невыпадковы. Горды, прыгожы журавель здаўна лічыўся ў славян сімвалам усеагульнага шчасця і радасці, дабрабыту і росквіту, а вяртанне журавоў з выраю ўспрымалася знакам абнаўлення жыцця. Вобраз жураўлёў, што лунаюць на Беларуссю, не раз апявалі ў літаратурных творах і выяўленчым мастацтве. У аснову канцэпцыі музейнай ночы пакладзена пачуццё бясконцай любові да беларускай культуры, а таксама ўдзячнасці нашага пакалення за мірнае неба над галавой. Наведвальнікаў чакаюць новыя экспазіцыі, тэатральныя замалёўкі, харэаграфічныя пастаноўкі, светлавыя і мультымедыйныя інсталяцыі, вакальнае і інструментальнае мастацтва, інтэрактыўныя лакацыі і квэсты з падарункамі.

«100 і 1 ноч», ці «Шлях пераможцаў»

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы мерапрыемствы да «Ночы музеяў — 2025» распачнуцца заўтра ў 14.00. Інтэрактыўная праграма «100 і 1 ноч» прысвечана 100-годдзю надання Янку Купалу звання народнага паэта Беларусі і 120-годдзю пачатку творчай дзейнасці. Удзельнікаў чакаюць сямейны квэст «Адпачынак з Купалам», адкрыццё выстаўкі «Шляхам гадоў...», квэст па экспазіцыі музея «Яго Вялікасць Слова», а таксама «Беларуская вечарынка» з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы, дзе пакажуць урывак са спектакля «Паўлінка». Запланаваны таксама паказ батлеечнага спектакля «Купальская містэрыя», рэтракіно з фондаў музея і майстар-клас па народных танцах і спевах.

Прайсці «Шляхам пераможцаў» прапануюць у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут наведвальнікаў запрашаюць наведаць канцэрт «Сэрца спявае — Перамога жыве». Пасля можна паўдзельнічаць у квэсце «Шлях пераможцаў», наведаць майстар-клас па вырабе тэматычных паштовак, стаць удзельнікамі гульняў «Музейны дэшыфратар» ці «Таемны экспанат» і наведаць адкрытую пляцоўку самалёта ЛІ-2. 

Кола(с) часу з атмасферай мінулага

Здзейсніць сапраўдную вандроўку прапаноўваюць і ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Самых юных наведвальнікаў з 13.00 17 мая чакае «Дзіцячы час» з гульнёй-квэстам «У грыбы з дзядзькам Якубам», паказам інтэрактыўнага спектакля «Поўны наперад!», з кантактным заапаркам, майстар-класам па вырабе значкоў з самазастывальнай гліны і іншае. У «Час Перамогі» можна наведаць выставачныя залы, інтэрактыўныя пляцоўкі «Водар Перамогі» і «Вялікая Айчынная вайна».

Таксама пройдзе выстаўка-прэзентацыя аналагаў пасляваенных аўтамабіляў Якуба Коласа. Акрамя гэтага, «Час знаёмства» дазволіць завітаць на размову з унукам народнага пісьменніка Андрэем. Не абыдзецца і без народнай творчасці. Завітайце на майстар-клас па вырабе цукерак па матывах «Новай зямлі», на пляцоўку беларускіх традыцыйных танцаў. А ў «Культурны час» — на прэзентацыю першага віртуальнага музея выцінанкі альбо паслухайце лекцыю па этыкеце для дарослых. 

У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў «Ноч музеяў» можна наведаць гульнявыя лакацыі, паглядзець сярэднявечныя баі на мячах, паўдзельнічаць у майстар-класах, лекцыях, пасядзець каля вогнішча і прасякнуцца атмасферай начной беларускай вёскі ХІХ стагоддзя. 

Кірмаш цудаў і сакрэты мінскай кухні

Нацыянальны гістарычны музей «Ноч музеяў» праводзіць пад назвай «Крылы часу». Удзельнікаў запрашаюць здзейсніць падарожжа ў часе па беларускай гісторыі і адкрыць яе невядомыя старонкі. Паспрабаваць сябе ў ролі «першабытнага мастака» або знаўцы сярэднявечных гульняў зможаце на экспазіцыі «Беларусь ад вытокаў да ХVІІ стагоддзя». На «Кірмашы цудаў» адчуем атмасферу гандлёвых вуліц і кірмашоў. Зрабіць непаўторную паштоўку і акунуцца ў свет вінтажнай творчасці дае магчымасць выстаўка «1000 рарытэтаў Беларусі «Я Вам пішу...». 

Музей гісторыі горада Мінска мерапрыемствы ў рамках акцыі будзе ладзіць у трох лакацыях: у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, у Археалагічным музеі і ў выставачных залах на Ракаўскай, 17. Галоўнай інтэрактыўнай падзеяй стане квэст «Сакрэты мінскай кухні» па пастаянных экспазіцыях музея і новых выстаўках «Смак і стыль: за сталом у дваранскай сядзібе», «Гастранамічная гісторыя Мінска ХХ стагоддзя». 

Калі ж вы чакалі нагоду правесці час у атмасферы паэзіі, паўдзельнічаць у літаратурным квізе, паспрабаваць сябе ў конкурсе калажаў альбо навучыцца візуальнай паэзіі, то завітайце ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча. 

Эксклюзіў і трафеі замкаў

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» чакае гасцей спачатку на тэатралізаваную экскурсію-анімацыю «Трафейнае стагоддзе» па экспазіцыі палацавага ансамбля з наведваннем яго падземных памяшканняў і замкавых бастыёнаў. Акрамя гэтага, будзе арганізавана забаўляльная праграма, у якой запланаваны музычна-харэаграфічныя пастаноўкі, гандлёвыя рады рамеснікаў, інтэрактыўная рыцарская пляцоўка і г. д. 

У Замкавым комплексе «Мір» запрапануюць эксклюзіўную экскурсію, дзе наведвальнікі не толькі пазнаёмяцца з экспазіцыямі, але і зазірнуць у «закуліссе» музейнай прасторы, што дазволіць адчуць усю шматфункцыянальнасць замка. 

Жыхары і госці Брэста 17 мая могуць завітаць на «Фотаноч у краязнаўчым». А 18 мая наведвальнікаў чакаюць у Археалагічным музеі пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы.

Аўтар: Алена Драпко
Звязда, 15 траўня 2025
 
Дата публикации:15.05.2025
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:49
 
Ключевые слова:
Ночь музеев Фэст культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме