https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Бескампрамісны "Лістапад"


Сёння адкрываецца XVІІІ Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад".

Працягваючы амбітнае новаўвядзенне мінулага года, дырэкцыя фестывалю і сёлета вырашыла аздобіць цырымонію адкрыцця чырвоным дыванком. Мяркуецца, што па ім павінны прайсціся ўдзельнікі і госці "Лістапада-2011". Сярод якіх сёлета абяцаюць расійскую актрысу Вольгу Кабо, Дзяніса Паршына, Веніяміна і Аліку Смехавых, Кахі Каўсадзэ — знакамітага Чорнага Абдулу з "Белага сонца пустыні" і, безумоўна, айчынных славутасцяў. Усе ахвотныя далучыцца да эфектнага дзейства могуць прыйсці сёння да Палаца Рэспублікі а 16-й гадзіне. Вельмі хочацца спадзявацца, што ў гэты раз беларускі чырвоны кінадыванок будзе выглядаць сапраўды велічна і дарэчна.

Тое, што "Лістапад" сапраўды расце і імкнецца ствараць новы імідж, насамрэч заўважна. Сёлета (чаго не было ніколі дагэтуль) у сталічным метро можна пачуць аўдыярэкламу ММКФ "Лістапад". Дыктар задорным голасам у стылі дыджэя папулярнага радыё анансуе грандыёзнае кінасвята. Усё лепш, чым нічога. Прынамсі, рэклама звяртае ўвагу грамадскасці на міжнародны кінафестываль. Метро, бадай, самае люднае месца. Цяпер пра "Лістапад" будзе ведаць як мінімум уся сталіца. Не тое што некалькі гадоў таму, калі ўсё абмяжоўвалася сценамі аднаго кінатэатра...

Адметна, што фільмам адкрыцця "Лістапада-2011" стане карціна "Алена" расійскага рэжысёра Андрэя Звягінцава. Гэты прадстаўнік так званай расійскай "новай хвалі" з`яўляецца любімчыкам Канскага кінафестывалю, наогул самым тытулаваным расійскім рэжысёрам 2000-х гг., а яго "Алена" — сёлетні прызёр канскага "Асаблівага погляду". Іншыя фільмы Звягінцава ("Вяртанне", "Выгнанне") таксама ўзнагароджваліся самавітымі прызамі. Так што ўдвая прыемней, што фільм такога рэжысёра пакажуць у нас. Прыемна і тое, што сам рэжысёр са здымачнай групай прыедзе ў Мінск, каб прадставіць сваю сацыяльную драму. Так, "Алена" — гэта менавіта сацыяльная драма. Завуаляваная, з мноствам падтэкстаў, сімвалаў і дэталяў. Спрэчны фільм, за які адны Звягінцава гучна ўхваляюць і лічаць "Алену" ледзь не новым крокам у кінематографе, іншыя — гучна лаюць за штампы, самацытаты і штучнасць. Галоўная гераіня Алена, якую сыграла Надзея Маркіна, замужам за заможным мужчынам (Андрэй Смірноў). Але гэта яе другі шлюб. Ад першага застаўся сын, у якога ў жыцці ўсё складаецца не зусім паспяхова. У яго ёсць жонка, 17-гадовы і толькі што народжаны сыны. 17-гадоваму трэба неяк "адкасіць" ад войска. А для гэтага трэба грошы. Алена ўсю сваю пенсію прыносіць у сям`ю сына, а яшчэ просіць грошы ў мужа. Мужу гэта зусім не падабаецца. І, наогул, у іх з Аленай вельмі складаныя стасункі. Аднойчы Алена рашаецца на адчайны крок...
"Алена" — жорсткая экзістэнцыйная гісторыя пра нашу сучаснасць і пра вечныя праблемы таксама. Героі жывуць у цэнтры і на ўскрайку мегаполіса, ездзяць на метро і дарагіх аўто, размаўляючы, раз-пораз скарыстоўваюць модныя слэнгавыя слоўцы... Але паміж людзьмі з адной сям`і — прорва непаразумення, агіды і нянавісці. Іх раздзяляе не толькі метафізічная аддаленасць, але і матэрыяльная. Муж Алены — заможны, відаць, бізнэсмен. Сама Алена і сям`я яе сына — з простых працоўных людзей. І тут на фоне духоўнай адчужанасці з`яўляецца вечная тэма супрацьпастаўлення бедных і багатых. Нехта дадумваецца нават трактаваць гэта як зварот да праблемы класавай барацьбы ў Расіі. Адным словам, кожны знаходзіць сваю інтэрпрэтацыю. А рэжысёр баіцца, каб з "Аленай" не выйшла таго, што здарылася з яго першым фільмам "Вяртанне", калі, на яго думку, фільм не да канца зразумелі. Або — зразумелі зусім не так.

— Гуманістычныя паняцці ў сучасным свеце дэвальвуюцца на вачах, прычым з нейкім паскарэннем, якое нарастае, — разважае рэжысёр Андрэй Звягінцаў. — Чалавек у гэтым стане рухаецца ў глыб свайго "я" — да старажытных інстынктаў, жывёльнага паходжання. "Алена" — жорсткая драма. Бязлітасны, бескампрамісны погляд на чалавечую прыроду.

Крыху разабрацца ў гэтай прыродзе нам, магчыма, і дапаможа фільм Звягінцава "Алена". Яго наўрад ці пакажа пасля беларускі кінапракат, як і многія іншыя фільмы-ўдзельнікі і фільмы-госці "Лістапада-2011", так што лавіце момант. Фестываль ідзе!

Вольга Чайкоўская
Звязда, 5 лістапада 2011

 
Дата публикации:05.11.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4588
 
Ключевые слова:
"Лістапад-2011" Фэст культуры Кинематограф Белорусское кино
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме