https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Каханне і валюта


Насуперак фінансавым цяжкасцям у Брэсце пройдзе ХVІ міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа". Сёлета ён прысвячаецца тэме кахання.
Чарговы брэсцкі тэатральны фэст, па ліку 16-ты, урачыста адкрыецца ў Брэсце 9 верасня. У апошні час склалася традыцыя: прысвячаць форум мастацтва якой-небудзь тэме. Прайшлі фестывалі, аб`яднаныя тэмай вайны і міру, прысвечаныя творчасці Гогаля, Чэхава, іншых драматургаў.

А цяпер асобных аўтараў не выдзялялі, але з многіх заяўленых спектакляў тэма кахання вынікала сама сабой. Вось і вырашылі, што ў 16 можна пра гэта аб`явіць. Ці не паспяшаліся падацца дарослымі, пакажа будучы тэатральны тыдзень, якога цэлы год чакаюць аматары любімага мастацтва.

Хлеб і фэст

Самае галоўнае, што фестываль будзе! Дарэчы, як прызнаўся на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Рыгор Бысюк, некалькі месяцаў таму лёс сённяшняга фэсту быў да канца не ясны. Адны прапаноўвалі перавесці яго ў разрад біенале (а значыць, праводзіць раз у два гады), іншыя казалі, што "Белую вежу" трэба перанесці на нявызначаны тэрмін і пачакаць, пакуль грошай стане больш. Фестываль жа па-ранейшаму пераважна фінансуецца Брэсцкім аблвыканкамам, таму і вырашаць яго лёс давялося губернатару. І як можна сёння канстатаваць, Канстанцін Сумар не даў памерці святу Мельпамены.

Адным словам, грошы былі выдзелены, афіша складзена, і неўзабаве пачаўся продаж білетаў. Падлічана, што паспяховая рэалізацыя квіткоў на спектаклі (а ідзе яна праз распаўсюджвальнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, праз касы тэатра, інтэрнэт) забяспечыць пакрыццё расходаў на мерапрыемства прыкладна напалову. І гэта ўжо нядрэнна. Але падчас падрыхтоўкі ўзнікла яшчэ адна сур`ёзная праблема: ганарар замежным артыстам трэба плаціць у валюце. А з апошняй, як няцяжка зразумець, у краіне — напруга. Вось і звярнулася культурная галіна рэгіёна да галіны аграрнай з вялікай просьбай прадаць валюту на выплаты замежным тэатральным калектывам. І ёсць надзея, што сельгаспрадпрыемствы і канцэрны ўсё ж не пашкадуюць нейкага дзясятка тысяч долараў, які яны апошнім часам зарабілі, каб не згубіць памежнаму гораду статуса тэатральнага.

Свае і госці

Але ж варта зазначыць: фінансавае становішча свой уплыў на форум не магло не аказаць. Сёлета колькасць краін-удзельніц паменшылася. У пятніцу 12 сцягоў вывесяць над Брэсцкім акадэмічным тэатрам драмы. Паказаць плануецца каля трыццаці спектакляў. Бывалі гады, калі колькасць краін-удзельніц была значна большай. Але і дванаццаць краін — гэта ўжо нямала. Галоўнае — каб яны прывезлі якасны, цікавы мастацкі прадукт. На што і спадзяюцца арганізатары.

Адкрываць "Белую вежу" на гэты раз будуць гаспадары. Брэсцкі тэатр пакажа айчынную класіку — "Раскіданае гняздо" Янкі Купалы. Прыемна, што спектаклі будуць пераважна на роднай мове. Бо ставіць "Раскіданае гняздо" ў Беларусі па-руску было б, згадзіцеся, нечым ненатуральным.

Дэбютуе як удзельнік фестывалю сёлета наш самы малады — Палескі драматычны тэатр. І на пастаноўку яны замахнуліся сур`ёзную — "Гарольд і Мод". Хочацца пажадаць ім удачы, а што будзе — паглядзім 14 верасня.

Некаторай інтрыгай будучага тэатральнага форуму з`яўляецца выступленне амерыканцаў. Як прызнаўся дырэктар фестывалю, кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Аляксандр Козак, чыкагская трупа — гэта кот у мяшку. Спакусіла перш за ўсё назва "У пошуку Белавежскай пушчы". У гэтым шматабяцальным праекце заняты дзве чыкагскія трупы сумесна з мінскімі калегамі. Яны іграюць без слоў, пластычная дзея павінна нам нейкім чынам па-новаму адкрыць Белавежскую пушчу. Спектакль пройдзе пад адкрытым небам, у гарадскім парку. Цалкам верагодна, што амерыканскія акцёры ніколі не былі ў пушчы, якую збіраюцца "шукаць". Таму Аляксандр Козак вырашыў арганізаваць для іх экскурсію ў старажытны лясны запаведнік за дзень да паказу, на ўсялякі выпадак.

Ля моста і ля варот


Білеты на спектакль "Маньяк" Ерэванскага рускага тэатра былі прададзены хутка. Армянскіх акцёраў у нас ведаюць і любяць. А што за "Маньяка" яны нам падкінуць на гэты раз, невядома. Цікава тое, што ў спектаклі будзе заняты ложак вядомай фірмы па вытворчасці мэблі СЭЗ "Брэст" "Чорны Чырвоны Белы". І сапраўды, цягнуць спальны гарнітур з Ерэвана і цяжка, і дорага. Усе астатнія спектаклі пройдуць з арыгінальнымі дэкарацыямі. І гэта правіла, якое строга выконваецца на "Вежы". Аднойчы, праўда, быў кур`ёз, калі турэцкая трупа ляцела да нас, а іх багаж паляцеў у Кітай. Давялося на хаду шукаць турэцкія ўборы і апранаць артыстаў.

Чаканым будзе выступленне пермскага тэатра "Ля моста". Летась яны ўзялі Гран-пры, і сёлета, каб задаволіць усіх гледачоў, арганізатары запланавалі яшчэ адзін паказ ужо пасля апошняга фестывальнага дня. А вязуць яны на гэты раз "Вяселле Бальзамінава". Не спалохалі нашых гледачоў і цэны на пастаноўку маскоўскага тэатра "Ля Нікіцкіх варот" — каля 100 тысяч рублёў. Квіткі на "Мірандаліну" разышліся ў першыя дні.

***
Многія тэатральныя форумы ў свеце праходзяць як святы, а не спаборніцтвы паміж тэатрамі. Можа, так будзе і ў нас, калі адменяць конкурс і журы. Але пакуль гэтыя атрыбуты фестывалю застаюцца. І на гэты раз журы ўзначаліць народная артыстка Украіны, прафесар Ларыса Кадырава.

Святлана Яскевіч
Звязда, 9 верасня 2011
 
Дата публикации:09.09.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3728
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Брэст
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме