https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


А.Лукашэнка запатрабаваў далажыць аб мэтазгоднасці аднаўлення работы беларускіх дзьюці-фры


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе па пытанню функцыянавання беларускіх магазінаў бяспошліннага гандлю запатрабаваў далажыць яму аб мэтазгоднасці аднаўлення работы гэтых аб`ектаў.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы на нарадзе, неабходна прынцыпова вызначыцца па пытанню работы магазінаў бяспошліннага гандлю. Ён нагадаў, што некалькі гадоў таму пасля маштабных праверак Камітэта дзяржкантролю было прынята рашэнне аб закрыцці большасці такіх магазінаў. Толькі некалькі з іх прадоўжылі функцыянаваць у Мінску для абслугоўвання дыпкорпуса і ў Нацыянальным аэрапорце Мінск для авіяпасажыраў. "Ініцыятары такога радыкальнага падыходу матывавалі неабходнасць закрыцця тым, што гэтыя гандлёвыя кропкі з-за сістэматычных і масавых парушэнняў аказвалі негатыўны ўплыў не толькі на ўнутраны рынак тавараў, але і на карупцыю сярод мытнікаў, пагранічнікаў, мясцовага чыноўніцтва і іншых", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, апошнім часам стаўленне да бяспошліннага гандлю рэзка змянілася. Тыя дзяржаўныя структуры, якія раней былі катэгарычна супраць дзейнасці такіх магазінаў, цяпер выступаюць актыўнымі прыхільнікамі іх адкрыцця. "З чаго б гэта?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым, прадоўжыў Прэзідэнт, у якасці асноўных аргументаў прыводзіцца тое, што бяспошлінны гандаль - гэта добрая крыніца паступлення валюты ў краіну, дадатковая магчымасць рэалізацыі айчынных тавараў. "Акрамя таго, нашы суседзі на Захадзе актывізавалі гандаль бяспошліннымі таварамі праз сеткі магазінаў, размешчаных у аўтадарожных і чыгуначных пунктах пропуску праз дзяржаўную граніцу. Адсюль вывад: нам не адстаць бы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неаднаразова даручаў Савету Міністраў, Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта, Нацбанку і КДК унесці ўзгодненае рашэнне па пытаннях арганізацыі работы магазінаў бяпошліннага гандлю. "Пытанне важнае. Таму трэба сёння адкрыта гаварыць: так ці не. У гэтым мэта сённяшняй нарады", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Цяпер падрыхтаваны праект дакумента, які рэгламентуе работу ў гэтай сферы, ён накіраваны ў адрас кіраўніка дзяржавы для падпісання. "Зыходзячы з гэтага дакумента, мэтазгоднасць аднаўлення работы такіх магазінаў сумненняў ні ў кога не выклікала, але ўмовы работы прыватнага бізнесу на гэтым сегменце рынку выявілі палярнасць поглядаў некаторых дзяржаўных органаў. Існуюць і іншыя праблемы", - канстатаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што ў 2005 годзе Камітэт дзяржкантролю правёў шэраг праверачных мерапрыемстваў у пяці арганізацыях і 21 магазіне бяспошліннага гандлю, а таксама двухдзённы кругласутачны маніторынг рэалізацыі алкагольных напіткаў гэтымі магазінамі. У выніку было ўстаноўлена, што большая частка алкагольных напіткаў, каля 60 працэнтаў, паступала на ўнутраны рынак Беларусі, пры гэтым нелегальна. У сваю чаргу тавары айчыннай вытворчасці займалі ўсяго 0,2 працэнта ад тавараабароту магазінаў бяспошліннага гандлю. "Практычна на базе названых магазінаў быў арганізаваны крымінальны бізнес па рэалізацыі алкагольнай прадукцыі на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым у здзелках прымалі ўдзел службовыя асобы, якія мелі доступ у зоны пунктаў мытнага афармлення", - расказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што такім чынам з`явіліся крымінальныя карупцыйныя пункты па ўсёй краіне, у тым ліку на граніцы.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, магазіны бяспошліннага гандлю маюць сур`ёзныя падатковыя льготы. "Калі чалавек выязджае з краіны, калі ласка, купляй беларускі тавар, гарэлку і вязі туды, куды ты едзеш. Валюта ў краіну павінна была паступаць, але яна паступала не ў тых аб`ёмах, а спіртное і іншыя тавары ішлі не толькі за мяжу, але больш за ўсё ў адваротным напрамку і ў вялікіх аб`ёмах".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў магазінах бяспошліннага гандлю планавалася прадаваць айчынную прадукцыю, аднак у асноўным гандлявалі імпартнымі таварамі на льготных умовах. Паводле яго даных, сітуацыя мала змянілася і цяпер. "Айчынныя тавары ў тых магазінах, якія былі пакінуты, складаюць каля 5 працэнтаў. І што, вы мне прапануеце гуляць у гэту гульню за 5 працэнтаў тавару і хочаце мяне пераканаць у тым, што не будзе той практыкі, якая існавала раней? - паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка перад удзельнікамі нарады. - Мне гэта трэба? Не. Дзяржаве гэта трэба? Не. Народу гэта беларускаму трэба, ён штосьці ад гэтага атрымліваў? Не".

"Я хацеў бы пачуць матывацыю, навошта мы пачынаем гэту вакханалію, каму яна патрэбна, каму яна выгадная, што пры гэтым атрымае дзяржава, якія аб`ёмы валюты пацякуць у краіну", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што хацеў бы пачуць канкрэтныя адказы на пастаўленыя пытанні.

Звязда, 6 верасня 2011
 
Дата публикации:06.09.2011
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3088
 
Ключевые слова:
Беспошлинная торговля
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме