https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Адкрылася фотадакументальная выстава, прысвечаная Гомельскім канцлагерам


Фотадакументальная выстава «Канвеер смерці. Лагеры савецкіх ваеннапалонных у акупаваным Гомелі» адкрылася ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.
Экспазіцыя прымеркавана да Дня Перамогі. Гэты праект адлюстроўвае адны з самых страшных, трагічных і бесчалавечных падзей у гісторыі акупаванага Гомеля. На выставе прадстаўлены фотаздымкі, схемы, архіўныя дакументы аб масавым знішчэнні людзей у перасыльных лагерах для ваеннапалонных, якія размяшчаліся ў самым цэнтры горада. Яны дзейнічалі з верасня 1941 па кастрычнік 1943 года. Пракурор Гомеля Юрый Булынка падкрэсліў: «ДУЛАГ-220 і ДУЛАГ-121, які змяніў яго, былі аднымі з асноўных звёнаў нямецкага канвеера смерці. Фактычна тут адлюстравана галоўная мэта генацыду — татальнае знішчэнне савецкіх людзей». Ён таксама нагадаў, што ў красавіку 2021 года Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Гомель знаходзіўся пад акупацыяй 829 дзён, напоўненых страхам, болем і разрухай. «У самым цэнтры горада — у межах вуліц Савецкай, Тэльмана, Партовай і цэнтральнага стадыёна — існаваў сапраўдны канвеер смерці, у якім загінула больш за 100 тыс. чалавек. Прычым гэтая лічба не канчатковая. Яе пацвярджаюць раскопкі ўсяго ў трох месцах: у рове былога стралковага ціра на тэрыторыі самога лагера (паводле актаў, там пахавана каля 75 тыс. чалавек) і двух процітанкавых равах, якія размяшчаліся ў паўночнай частцы Гомеля. Аднак з паказанняў сведак, якія прыложены да актаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў нацыстаў, вынікае, што пахаванні былі і ў іншых месцах. Акрамя гэтага існавалі печы, як у Асвенцыме, дзе таксама спальвалі целы загінулых ваеннапалонных», — адзначыў Юрый Булынка.

Загадчык аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, куратар выставы Юрый Панкоў растлумачыў, што экспазіцыя распавядае пра тыя трагічныя дні, калі ў лагерах у нечалавечых умовах знаходзіліся тысячы савецкіх ваеннапалонных. Паводле ацэнак надзвычайнай Дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў нацыстаў, у Гомелі за гады акупацыі загінулі больш за 100 тыс. савецкіх ваеннапалонных.

На выставе прадстаўлены дакументы і фатаграфіі, якія раней нідзе не публікаваліся. Гэта экспанаты з фондаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, абласнога музея ваеннай славы, дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці і грамадскіх аб’яднанняў, пракуратуры Гомельскай вобласці, Гомельскага раённага краязнаўчага музея, Красненскай сярэдняй школы. Таксама прадастаўлены экспанаты і Камітэтам дзяржаўнай бяспекі.

У аснове выставы — фотадакументальныя матэрыялы. Гэта фатаграфіі, зробленыя нацыстамі ў гады акупацыі, на якіх адлюстраваны савецкія ваеннапалонныя ў Гомелі, а таксама здымкі з месцаў пошукавых работ у 1958, 1988, 1991 гадоў, калі ўздымалі астанкі загінуўшых. Вялікі масіў дакументаў з успамінамі, допытамі і сведчаннямі распавядае пра страшныя пакуты і нечалавечыя выпрабаванні савецкіх вайскоўцаў і грамадзянскіх жыхароў Гомеля.

На гістарычных фота — калоны ваеннапалонных на вуліцах разбуранага Гомеля. На жудасных кадрах адлюстраваны моманты, калі загінулых з дапамогай вяровак сцягвалі ў роў. На адным са здымкаў нямецкі афіцэр і «рускі» урач аглядаюць барак ваеннапалонных. У кадры — высокія двух’ярусныя нары, на якіх спалі палонныя. Па ўспамінах былых вязняў, лепш за ўсё было менавіта на верхніх ярусах, так як знізу ўсё кішэла вошамі. Захаваны і момант, калі савецкія ваеннапалонныя абсталявалі пад’язны шлях да нямецкага ваеннага шпіталя, які размяшчаўся ў будынку педінстытута.

У экспазіцыі прадстаўлены таксама фрагменты запісак з салдацкіх медальёнаў, манета і гузік, а таксама салдацкі медальён, якія былі выняты падчас эксгумацыі пахаванняў ваеннапалонных у раёне тралейбуснага парку № 1 Гомеля ў 1988 годзе.

Экспазіцыю ацэняць і гамяльчане, і госці горада, а таксама гісторыкі, даследчыкі. «Калі мы будзем памятаць пра сотні тысяч загінулых, мы будзем лепш разумець цану міру, і ў Год міру і стваральнай працы берагчы наш свет», — акцэнтаваў Юрый Панкоў.

Як патлумачыла дырэктар музея Аксана Торапава, выстава з першых гадзін працы выклікала ў наведвальнікаў вялікую цікавасць. У гэтыя дні сотні чалавек наведваюць палацава-паркавы ансамбль з групавымі экскурсіямі, сем’ямі з дзецьмі. «Ад гэтых фактаў проста стыне кроў», — падзялілася эмоцыямі ад убачанага гамяльчанка Марыя.

Па словах пракурора Гомеля, гэтая выстава, Як і праекты-папярэднікі — «Мы не рабы! Лёсы астарбайтэраў у фотадакументах, лістах і ўспамінах» і «Бывайце, людзі...». «Факты пра злачынствы нацыстаў у акупаваным Гомелі» — будзе прадстаўлена шырокаму колу жыхароў рэгіёну. Яе мабільная версія адправіцца па ўсёй вобласці.

Пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў падзякаваў усім, хто прымаў удзел у арганізацыі выставы.

Звязда, 7 траўня 2023
 
Дата публикации:07.05.2023
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:149
 
Ключевые слова:
Гомель Выставка Великая Отечественная война Нацизм Концлагерь
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме