Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, падчас сумеснай аперацыі супрацоўнікаў упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і фінансавай міліцыі Камітэта дзяржкантролю затрымана злачынная група ў складзе грамадзян Беларусі, Ірана і Азербайджана. Арганізатара гэтай валютнай групоўкі, 40-гадовага грамадзяніна Азербайджана, затрымалі на сталічным рынку "Экспабел" у момант, калі ён незаконна абменьваў долары ЗША на беларускія рублі. Паводле даных ГУУС, з чэрвеня гэтага года ён пры дапамозе пецярых саўдзельнікаў з Беларусі і Ірана атрымаў даход на суму больш чым 50 млн. рублёў. Сумы асобных здзелак складалі да 30—40 тыс. долараў.
У дачыненні да валютчыка распачата справа па артыкуле 233 Крымінальнага кодэкса Беларусі (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць). Цяпер вырашаецца пытанне аб прыцягненні да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці яго саўдзельнікаў, якія займаліся скупкай валюты.
Упраўленне ўнутраных спраў адзначае: калі віна азербайджанца і членаў яго групы будзе даказана, замежным грамадзянам пагражае высылка за межы Беларусі на тэрмін да пяці гадоў.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 22 ліпеня 2011