Як лічыць губернатар, для Беларусі, якая актыўна развівае жывёлагадоўлю, такі праект быў бы вельмі выгадны нават з улікам транспартных расходаў.
Акрамя таго, паводле слоў Кажамякі, Амурская вобласць "гатова пашырыць аб`ёмы закупак новых энерганасычаных трактароў у Беларусі, а таксама мінісельгасабсталявання для фермерскіх гаспадарак". Для гэтага расійскага рэгіёну карысны беларускі вопыт па развіцці сельскай гаспадаркі і стварэнні малочна-таварных ферм.
У сваю чаргу Лукашэнка адзначыў, што ўзаемаадносіны Беларусі з Амурскай вобласцю развіваюцца больш дынамічна, чым з іншымі рэгіёнамі Расіі. За пяць месяцаў года аб`ём узаемнага гандлю перавысіў 30 млн. долараў (на 66,5% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года). Кіраўнік дзяржавы таксама ўказаў на значны рост паставак у Амурскую вобласць беларускай сельгастэхнікі, трактароў, шын, харчовых тавараў. Акрамя таго, у гэтым расійскім рэгіёне былі створаны зборачныя вытворчасці збожжаўборачных камбайнаў беларускіх прадпрыемстваў.
Апошнім часам, адзначыў Лукашэнка, многае зроблена ў пытаннях інтэграцыі паміж Беларуссю, Казахстанам і Расіяй. "Упэўнены, з 1 студзеня са стварэннем Адзінай эканамічнай прасторы мы фактычна ўзнаўляем адзіную краіну ў эканоміцы. Гэта таксама вельмі важна. Вядома, напружанасці яшчэ хапае, але раз ужо Расія рызыкнула пайсці гэтым шляхам, я думаю, гэта справа часу — зняць гэтую напружанасць", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.
"У нас добрыя перспектывы", — сказаў Лукашэнка, у чарговы раз пацвердзіўшы "прыхільнасць да развіцця адносін з Расійскай Федэрацыяй".
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 19 ліпеня 2011