Да 2014 г. Нацыянальны аэрапорт “Менск” мае быць цалкам адрамантаваны. “Апроч рэканструкцыі аэравакзальнага комплексу запланаванае будаўніцтва сучаснага міжнароднага пасажырскага транзітнага тэрміналу, – кажа начальнік аддзелу аэрапортаў Дэпартаменту авіяцыі Валер Балбатунаў. – Аэрапорт таксама абсталююць дадатковымі сістэмамі бяспекі ды абвяшчэння, пабудуюць другую штучную паласу для ўзлётаў і пасадак”.
Замоўнікам выступае адмыслова створаная Дырэкцыя будаўніцтва і рэканструкцыі аб’ектаў Нацыянальнага аэрапорту “Менск” пры Міністэрстве транспарту і камунікацыяў. Пасля таго, як аб’екты аэрапорту ўвядуць у эксплуатацыю, іх перададуць у гаспадарчае веданне адміністрацыі аэрапорту.
А вось генеральным падрадчыкам абралі Усекітайскую імпартна-экспартную кампанію дакладнага машынабудавання. Эксперты звязваюць гэта з тым, што ўлады Беларусі чакаюць грашовых укладанняў менавіта з Кітаю. “Як вядома, Кітай імкнецца даваць прывязаныя крэдыты – гэта значыць, або таварамі, або працоўнаю сілаю. Да таго ж яны моцна лабіююць свае нацыянальныя інтарэсы на сусветным рынку, таму пераважна працуюць у звязцы са сваімі прадстаўнікамі”, – тлумачыць інвестыцыйны кансультант і аналітык Міхаіл Бараздзін. Для працы ў Беларусі будзе створанае адмысловае кітайскае сталае прадпрыемства.
Усекітайская імпартна-экспартная кампанія дакладнага машынабудавання ўжо мае сталае прадстаўніцтва ў Расеі, дзе яе называюць “Точмаш”. Вядома пра некалькі скандальных крымінальных справаў, дзе яна фігуравала. Гэтак, былі абвінавачаныя расейскія навукоўцы Дробаў і Уласаў – за тое, што далі гэтай кітайскай кампаніі інфармацыю, якая ёсць дзяржаўнаю таямніцаю. У Кітаі прадпрыемства пераважна выконвае замовы Народна-вызваленчай арміі.
БЕЛСАТ
8 чэрвеня 2011