https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Каб заробкі стасаваліся з цэнамі


Федэрацыя прафсаюзаў лічыць, што рост спажывецкіх цэн павінен быць кампенсаваны павышэннем заробкаў. Аб гэтым паведаміў падчас сустрэчы з журналістамі з нагоды 1 Мая старшыня ФПБ Леанід Козік.
"Кампенсацыі" цяпер не лішнія

Паступовы рост заробкаў і адчувальнае павелічэнне "мінімалкі" да 460 тысяч рублёў аказалася ці не галоўным вынікам мінулага года. Аднак апошнія падзеі сведчаць: павышэнне заробкаў часам "з`ядаюць" новыя цэны ў крамах.

— Прафсаюзы праводзяць маніторынг у 16 крамах сталіцы і абласных цэнтраў, прычым вынікі апошняга абследавання паказваюць, што з 18 па 26 красавіка рост цэн на асноўныя прадукты харчавання нарэшце амаль спыніўся, — паведаміў Леанід Козік. — Тым не менш дагэтуль рост цэн адбыўся, таму цяпер мы выступаем за тое, каб урад шукаў магчымасці для павышэння даходаў і, у прыватнасці, зарплаты людзей. І днямі з гэтай нагоды ФПБ вырашыла звярнуцца да ўрада — мы лічым, што час для такіх крокаў ужо настаў.

Бізнэс чакаць не павінен

Ці не найбольш актуальная тэма на сёння — сітуацыя на валютным рынку. Як зазначыў Леанід Козік, вельмі важна, каб тут як мага хутчэй наступіла яснасць. Бо ўжо з`явілася інфармацыя: з-за няпэўнасці фактычна спынілі дзейнасць шмат супрацоўнікаў прыватных фірмаў і кампаній.

— Разам з тым цяперашні малюнак далёка не адназначны, калі-нікалі бізнэс спыняе дзейнасць фактычна па ўласнай ініцыятыве, — заўважыў Леанід Козік. — Ёсць шмат прыкладаў, калі прыватнікі маюць тавар на складзе, але яго не прадаюць — усе чакаюць, які будзе курс долара. І з гэтым неабходна разабрацца. Аперацыі па продажы тавараў і аказанні паслуг не павінны спыняцца, у рэшце рэшт, прыватнаму сектару нельга забывацца на вядомы ва ўсім свеце фактар камерцыйнай рызыкі.

Падтрымцы патрэбныя межы

Падтрымка прадпрымальніцтва — справа важная. Тут таксама існуюць пытанні. Адзін з прыкладаў: у краіне змякчыліся ўмовы ліцэнзавання дзейнасці, але часцяком ліцэнзіі замяніла сістэма дазволаў. У выніку, канстатуюць у Федэрацыі прафсаюзаў, фактычна нічога не змянілася.

— У той жа час ёсць адваротны бок медаля: калі-нікалі жаданне паспрыяць бізнэсу пераходзіць межы, — адзначыў Леанід Козік. — Так, з`явілася прапанова: зменшыць тэрмін папярэджання работнікаў пры скарачэнні і зменшыць такім работнікам сумы выхадной дапамогі. Па сутнасці, прапануецца даць кіраўнікам прыватных арганізацый магчымасць звальняць работнікаў ці не ў любы момант. Прафсаюзы з падобным катэгарычна не згодныя — наёмны работнік павінен мець сацыяльныя гарантыі.

Рост і плюс умовы

Асаблівая і таксама няпростая праблема — дапамогі па беспрацоўі. Не сакрэт, што цяпер іх памеры ў Беларусі з`яўляюцца ці не самымі нізкімі ў СНД.

— Мы заўсёды выступалі з прапановай павялічыць гэтыя дапамогі — беспрацоўны не можа жыць менш чым на долар у суткі, — зазначыў Леанід Козік. — Таму прафсаюзы будуць узнімаць гэта пытанне і надалей. Мы перакананыя: памер дапамогі павінен узрасці. Пры гэтым мы не выключаем, што для стымулявання пошукаў працы тут могуць быць вызначаны пэўныя ўмовы — скажам, гаворка аб абмежаванні павялічаных выплат па часе.

Датэрміновая — яшчэ не кропка?

Між тым прафсаюзы маюць намер выступіць з ініцыятывай некаторых змяненняў у пенсійным заканадаўстве. Гаворка аб работніках, якія занятыя ў шкодных ці небяспечных умовах. У ФПБ перакананыя: час працы такіх работнікаў у асаблівых умовах ад моманту афармлення датэрміновай пенсіі і да моманту дасягнення агульнавызначанага пенсійнага ўзросту павінен прымацца да ўвагі пры разліку памеру пенсій.

— З падобнай прапановай прафкамы "шкодных" прадпрыемстваў выступаюць даўно, аднак ніякай рэакцыі тут няма, — канстатаваў Леанід Козік. — Таму ФПБ прыняла рашэнне распачаць афіцыйную працэдуру змянення заканадаўства — мы падрыхтуем адпаведныя праекты змяненняў і вынесем іх на разгляд Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях з удзелам прадстаўнікоў урада, прафсаюзаў і аб`яднанняў наймальнікаў.

Сяргей Грыб
Звязда, 30 красавіка 2011


 
Дата публикации:30.04.2011
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3078
 
Ключевые слова:
Рост цен Соцзащита Компенсации Профсоюзы Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме