https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Недаспявалі, недалюбілі, недажылі..."


Кажуць, Дальва была апошняй беларускай вёскай, якую знішчылі фашысты ў вайну. Яе спалілі 19 чэрвеня 1944 года, 67 гадоў таму.
Кастуся і Тарэса, Ганна і Настасся, Віця, Яніна і Франя. Гэтыя дзеці жылі ў Дальве. Калі пачалася вайна, іх бацькоў пазабіралі на фронт. Жывучы з маці і бабулямі, яны палолі буракі, хадзілі на рыбу, памагалі капаць бульбу. А летам — бегалі ў грыбы, збіралі суніцы. Ад шашы да Дальвы кіламетраў пяць. Лясны край. Тут так пахне суніцамі!

Сёння ў гэтым месцы няма хат. Ды і вёскай гэтае месца назваць цяжка. Тут паўсюль лес. Той, які ёсць на ўскрайку амаль кожнай вёскі. Толькі тут яго вельмі многа. А яшчэ тут незвычайна прыгожа.

Калі заканчваецца асфальт і пачынаецца лясная дарога, яшчэ здалёк заўважны велічны помнік — фігура маці, да якой туліцца голенькае дзіця. Надзвычай моцны позірк у жанчыны. Як тлумачыць сам аўтар помніка, скульптар Уладзімір Церабун, жанчына з дзіцем мае рэальны прататып — жыхарку вёскі Дальва, маці адзінага выжыўшага тады Мікалая Пятровіча Гірыловіча, якой удалося выбрацца з палаючага хлява і якую застрэлілі ўжо побач з ім.

Помнік быў збудаваны ў 1973 годзе. Уладзімір Церабун вучыўся тады на трэцім курсе скульптурнага аддзялення Тэатральна-мастацкага інстытута.

— Само жыццё дало імпульс для стварэння такога помніка. Я сам з вёскі і ведаю, чым вёска жыве, — працягвае скульптар. — І мне хацелася, каб гэты помнік быў не пампезны, а вельмі сціплы і вясковы. І самае галоўнае — пратэст унутры самога вобраза, які атрымаўся.
"Недажылі..."

— Забіваць дзяцей — няма гэтаму апраўдання. Самае святое, што ёсць — гэта нашы дзеткі, — гаворыць дырэктар ГМК "Хатынь" Артур Зельскі. — І калі злачынцы Хатыні панеслі пакаранне, то злачынцы Дальвы — не. Але на іх ёсць рука Божая.

— У Бога няма мёртвых, у Яго ўсе жывыя, — ключар Свята-Духавага кафедральнага сабора протаіерэй Георгій Дзічкоўскі гаварыў гучна. На службе, якую праваслаўны святар правёў тут, сабраліся жыхары прылеглых вёсак, кіраўніцтва з раёна, школьнікі... — Нашай малітвай мы ўспамінаем ахвяраў той вайны, усіх бязвінных людзей. Ніколі не варта забываць: малітва — гэта мост паміж зямлёй і небам.

Усю службу дзесьці непадалёку кукавала зязюля. Гучна. Доўга. А над падмуркамі—сімваламі хат свавольнічаў у кронах бяроз вецер. Нібыта гэта жыхары спаленай Дальвы хочуць нешта сказаць.

29 дзяцей, 13 жанчын, двое мужчын. Недажылі, недаспявалі, недалюбілі. За гады вайны ў Лагойскім раёне, акрамя дальвінцаў, было знішчана больш за восем тысяч мірных жыхароў.

— Пакуль мы памятаем — мы жывём, — гаворыць старшыня Мінскага абласнога аддзялення фонду міру Любоў Ермаловіч. — Трэба быць пільнымі, каб у нашых душах не наступіў духоўны Чарнобыль — і мы не забыліся на трагедыю.

— Дальва — гэта наш напамін. Напамін пра вайну. Каб моладзь ведала, што такое вайна, што яна нясе з сабою, — выказаўся падчас урачыстай цырымоніі памяці старшыня Савета ветэранаў Белтэлерадыёкампаніі Дзмітрый Марчанка. — За маёй спінай жанчына з малым дзіцем, якая заклікае ўсіх нас: людзі добрыя, не дапускайце болей вайны, жывіце ў міры і спакоі. Будзем спадзявацца, што наша рэспубліка будзе мацнець-дужэць, і над намі заўсёды будзе сонейка на блакітным небе.

Адзіны жыхар Дальвы, які тады ўратаваўся, — Мікалай Гірыловіч, летась адышоў з гэтага свету. Яго дачка — Вольга Мікалаеўна — сёння жыве ў Аўстраліі, але штогод 19 чэрвеня яна прыязджае сюды на радзіму бацькі.

— Тое, што адбылося тады ў 1944-м, прайшло з маім татам праз усё жыццё, — успамінае жанчына. — Гэта тая трагедыя, якая вечна застаецца з табой. Я лічу, што перажыць такое, — гэта немагчыма. Тата заўсёды прыязджаў сюды — на гэту зямлю. І мая радзіма таксама тут. Менавіта ў Дальве я адчуваю сябе дома. Паглядзіце: якое неба, якая прырода. Тут усё размаўляе — і хоча жыць поўным жыццём. Я абавязкова вярнуся.

Калі сціхаюць чалавечыя галасы, пачынаеш заўважаць, як хораша тут слухаць сябе. Ціха-ціха. Паволі шумяць дрэвы, клапатліва сноўдаюць у траве мурашы, шчыруюць шпакі. Вось толькі шпакоўняў ім ніхто не зрабіў. Людзі тут больш не жывуць.

Ілья Лапато, Лагойскі раён
Звязда  21 чэрвеня 2011


 
Дата публикации:21.06.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:5160
 
Ключевые слова:
Сожжённые деревни Нацизм Великая Отечественная война Дальва
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме