https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Паранармальныя мясціны Беларусі


У Гальшанах спыняюцца гадзіннікі, а ў Брэсце “кусаецца” мядзведзь- прывід.
Як правіла, аповеды пра розныя лятаючыя талеркі, кругі на палях ці “прагулкі” прывідаў мы ўспрымаем скептычна. Ці па меншай меры, пачуўшы пра іх, кажам, што такое магло адбыцца дзесьці за мяжой. Якія там у Беларусі НЛА ды полтэргейсты! Між тым наша краіна, па даных Міжнароднай уфалагічнай арганізацыі, уваходзіць у ТОП-100 анамальных зон свету. А колькі нам расказалі пра паранармальныя месцы і з`явы жыхары раёнаў, куды нашы журналісты ездзілі ў рамках праекта “Сем цудаў Беларусі”!

Старшыня Крыпталагічнага камітэта Руслан Ліннік упэўнены, што большасць заяў беларусаў пра нейкія незвычайныя з’явы насамрэч з’яўляюцца выдумкай, легендай ці раздутым з мухі ў слана фактам. Але сустракаюцца і такія з’явы, якія сапраўды цяжка растлумачыць навукова. Адным словам... паранармальныя з’явы. Па меркаванні Руслана Лінніка, усе іх можна раздзяліць на тры групы: праявы невядомых навуцы законаў фізікі, дзеянні разумных сіл (НЛА, полтэргейсты, невядомыя жывёлы і гэтак далей) і вынікі чорнай магіі. Так што і ў Беларусі ёсць чаму здзіўляцца і палохацца адначасова. Нават  без фільмаў жахаў і фантастыкі.

Прывід і абрыкос

Калі ў Лошыцкім парку распускае кветкі абрыкос, на прагулку выходзіць белы прывід пані Ядвігі. Палохацца яго не варта. Нічога дрэннага  прывід не робіць. Кажуць, наадварот, падказвае маладым, як жыць далей у каханні і згодзе.

Блукае прывід па зямлі, бо яго гаспадыня пані Ядвіга скончыла жыццё самагубствам — нібыта праз каханне з мінскім генерал-губернатарам Мусіным-Пушкіным. Трагедыя здарылася ці то ад неўзаемнасці з яго боку, ці то пасля сваркі Ядвігі з мужам панам Любаньскім, які даведаўся пра жончыну здраду. Пасля смерці Ядвігі на беразе Свіслачы, каля таго месца, дзе знайшлі ў рацэ цела няшчаснай, па загаду пана пасадзілі абрыкос. Цвіце ён і дагэтуль, прыцягваючы ўвагу наведвальнікаў парка... і прывіда пані Ядвігі.

Цур, русалка!

Прыгожых жанчын з доўгімі валасамі і рыбіным хвастом большасць з нас бачылі ў мульціках ці на ілюстрацыях у зборніках казак. Жыхары ж Гарадоцкага раёна настойваюць, што сустракалі іх у жыцці. Паводле легенды, у лясным возеры каля Гарадка Віцебскай вобласці некалі сам Люцыпар затапіў царкву, чым і наклікаў вялікі праклён на гэту мясцовасць. Кажуць, убачыць там сёння русалак можна не толькі ноччу, але нават і днём. Галоўная іх асаблівасць — ярка-блакітныя вочы, якія не рухаюцца, а толькі пранізліва глядзяць на цябе, завабліваючы ў свае азёры і балоты. Каб не паддацца гіпнозу русалак, неабходна акрэсліць сябе кругам ці прамовіць “цур мая”. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што гэта дапаможа не толькі не паддацца чарам русалкі, але і прывесці прыгажуню дадому, дзе яна будзе працавітай гаспадыняй.

Мядзведзь у калідоры

Пра прывідаў і пярэваратняў у раёне Кавалёва (Брэст) мясцовым жыхарам вядома добра. Чалавека- і жывёлападобныя істоты неаднаразова з’яўляліся ў іх дамах. Адной з самых папулярных зданяў адназначна быў прызнаны... плюшавы мядзведзь. Як правіла, ён знянацку з’яўляецца ў канцы доўгага калідора і імкліва набліжаецца да чалавека. І усё б нічога, калі б мядзведзь... не кусаўся.

Ягады ад здані

Здаецца, кожная наступная гісторыя пра Чырвонае балота ў Мазырскім раёне ўсё больш дзіўная і менш растлумачальная, чым папярэдняя. Балота даўно называюць згубным месцам і пры магчымасці стараюцца абходзіць яго бокам.

Адна з самых загадкавых гісторый, звязаных з гэтай мясцовасцю, адбылася ў пачатку ХХІ стагоддзя. Мужчына, набіраючы ваду з крыніцы, якая знаходзіцца  побач з Чырвоным балотам, убачыў дзяўчынку незямной прыгажосці і з колерам вачэй, які нагадваў каламутную марскую ваду. Дзяўчынка сядзела на камені каля вады і выразна глядзела на мужчыну. Затым  працягнула яму ў прыгаршчы чырвоныя спелыя ягады. Толькі ён хацеў да яе наблізіцца, як за яго спінай пачуўся голас сябра, які яго шукаў. Дзяўчынка раптам растала на вачах. Можна было б падумаць, што мужчыне ўсё здалося. Аднак побач з яго нагамі ляжала жменька рассыпаных ягад.

Чорная Панна Нясвіжа і Белая Дама Гальшан

Вось ужо чатыры стагоддзі ў замку старажытнага Нясвіжа з’яўляецца прывід маладой жанчыны. Згодна з легендай, гэта блукае пакутлівая душа недарэчна загубленай гаспадыні ўладанняў — Барбары Радзівіл. Кажуць, кароль Жыгімонт Аўгуст так пакутаваў пасля смерці жонкі, што вырашыў шукаць дапамогі ў алхімікаў, паспрабаваць выклікаць яе душу. Караля папярэдзілі: ні ў якім разе не спрабаваць дакрануцца да прывіда. Але засмучаны муж не вытрымаў... І цяпер душа Барбары не можа знайсці дарогу назад, блукае па  Нясвіжскім замку, з’яўляючыся перад жывымі ў чорным адзенні ў знак жалобы па сваім загубленым каханні, крычыць, плача, енчыць.

Пра прывід у Гальшанах у Беларусі хіба ведаюць лепш за ўсіх. Шмат каму давялося яго тут убачыць. Камусьці ён з’яўляецца ў выглядзе жанчыны, якая плача і кліча да сябе, кагосьці проста кратае халоднымі, як лёд, далонямі, а з кімсьці жартуе, як малое дзіця, запальваючы і выключаючы святло. Не аднойчы пабывалі тут і спецыялісты па анамальных з’явах. Напрыклад, экспедыцыя з расійскага “Касмапошуку” правяла такі эксперымент: два спецыяльныя гадзіннікі настройваліся абсалютна аднолькава. Пасля ж уваходу чалавека ў анамальную зону (такой, напрыклад, лічыцца адна з келляў былога францысканскага манастыра ў Гальшанах) паказанні гадзіннікаў адрозніваліся!

Адкуль у Гальшанах з’явіўся дзіўны прывід? На гэты конт у мясцовых жыхароў ёсць свая легенда. Колькі стагоддзяў таму было вырашана пабудаваць у мястэчку кляштар і касцёл. Узвесці будынкі спяшаліся да нейкага вялікага рэлігійнага свята. Але адна са сцен пастаянна падала. Будаўнікі баяліся, што не паспеюць у час здаць працу і будуць пакараны гаспадаром. Хтосьці са старэйшых жыхароў патлумачыў, што будынак патрабуе чалавечай ахвяры. Тады і вырашылі: чыя жонка прынясе абед першая, той і быць ахвярай. І прыбегла першай самая маладая і прыгожая. Яе і замуравалі ў сцяну. Як таго і чакалі, будоўля пайшла належным чынам. Але  несупакоеная душа, так званая Белая панна Гальшан, дагэтуль блукае па кляштары. Хтосьці скажа: гэта ўсяго толькі прыгожая легенда! Аднак у сярэдзіне 90-х гадоў падчас рэстаўрацыі ў падвале кляштара рабочыя і сапраўды знайшлі шкілет, замураваны ў сцяну.

Народная Газета
14 траўня 2011

 
Дата публикации:14.05.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3647
 
Ключевые слова:
Туризм в Беларуси Замки Беларуси Гольшанский замок Брест Несвиж Городок Мозырь Города Беларуси Легенды
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме