https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Станіслаў Багданкевіч: Урад і Нацбанк упалі ў прастрацыю


Урад і Нацыянальны банк Беларусі ўпалі ў прастрацыю, не маюць колькі-небудзь сур`ёзнай праграмы аздараўлення эканомікі. Такую думку выказаў былы кіраўнік Нацбанка, ганаровы старшыня Аб`яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч.
АГП у межах кампаніі "Пабудуем новае, захаваем лепшае" выпрацоўвае план дзеянняў па выпраўленні сітуацыі ў эканоміцы. Чарговае пасяджэнне рабочай групы па падрыхтоўцы антыкрызіснай праграмы адбылося з удзелам экспертаў у Мінску 6 мая. На іх думку, урад дэманструе параліч і поўную бяздзейнасць у эканамічнай сферы.

Каментуючы цяперашнюю сітуацыю, кіраўнік рабочай групы, прафесар Станіслаў Багданкевіч адзначыў, што "некампетэнтнае аўтарытарнае кіраванне эканомікай прывяло ў пачатку 2011 года да абвальнага разбурэння цывілізаванага валютнага рынку — аднаго з нямногіх рэальных дасягненняў улады. Разбурэнне стала вынікам нізкай эканамічнай эфектыўнасці, жыцця краіны не па сродках у апошнія гады — за кошт продажу дзяржуласнасці і прыцягнення знешніх пазык".

"Бачнасць дабрабыту, бачнасць росту эканомікі забяспечваліся велізарнай крэдытнай экспансіяй, "друкарскім станком" Нацыянальнага банка. У рублёвай рэсурснай базе банкаўскай сістэмы краіны доля друкарскага станка дасягнула 49%. Знешнегандлёвы дэфіцыт па таварах, які перавысіў за мінулы год 9 млрд. долараў (больш за 16% ВУП), у першым квартале гэтага года ўзяў новую вышыню 3,4 млрд. долараў (25% ВУП)", — падкрэсліў Багданкевіч.

Ён адзначыў, што за няпоўныя чатыры месяцы 2011 года інфляцыя перавысіла паказчыкі гадавога прагнозу, а па выніках года можа перавысіць 20%. З-за блытаніны ў грашова-валютнай сферы за апошні час 600 тысяч работнікаў былі вымушаны прыпыніць сваю дзейнасць, што складае 12,9% ад агульнага ліку занятых у эканоміцы.

29 красавіка Аб`яднаная грамадзянская партыя аб`явіла аб пачатку агульнанацыянальнай кампаніі "Пабудуем новае, захаваем лепшае".

У сувязі з пачаткам кампаніі палітсавет АГП даручыў кіраўніку экспертнага савета партыі Станіславу Багданкевічу сфарміраваць склад рабочай групы, закліканай выпрацаваць першачарговыя меры "па выхадзе Беларусі з эканамічнага крызісу".

Чакаецца, што да 15 мая група распрацуе антыкрызісную праграму, якая затым будзе перададзена прэм`ер-міністру Міхаілу Мясніковічу.

Паводле слоў кіраўнікоў АГП, гэта будзе ліберальная праграма, якая будзе ўтрымліваць пэўныя прапановы наконт таго, што неабходна зрабіць у валютнай сферы, у сферах прыватызацыі і інвестыцый.

"Цяпер для нас самае галоўнае — дайсці да людзей з той пазітыўнай альтэрнатывай, найперш эканамічнай, з якой мы выступаем", — растлумачыў журналістам ідэю правядзення кампаніі старшыня АГП Анатоль Лябедзька. "Сёння людзі як ніколі гатовы слухаць і жадаюць чуць адказы на тыя пытанні, на якія не гатовы даць адказ улады, — заявіў ён. — Гэта вялікі шанс для апазіцыі, і мы павінны выкарыстоўваць гэты шанс".

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 8 мая 2011
 
Дата публикации:08.05.2011
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3610
 
Ключевые слова:
Валютный кризис в Беларуси Финансы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме