https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Засцярога нас беражэ


Дадатковыя меры бяспекі плануюцца не толькі на транспарце і ў месцах канцэнтрацыі людзей.
Наўрад ці ёсць сёння нешта больш актуальнае для беларусаў, чым бяспека. Карыстаючыся прысутнасцю ў парламенце міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова, народныя выбраннікі пацікавіліся ў яго пра дадатковыя меры бяспекі ў краіне. Турбаваліся, ці распаўсюдзяцца яны, напрыклад, на бальніцы, куды сёння, лічы, вольны ўваход. Анатоль Куляшоў паведаміў, што на сумеснай нарадзе сілавых ведамстваў вылучаны канкрэтныя прапановы па мерах бяспекі. Яны датычаць не толькі грамадскага транспарту (у прыватнасці, станцый метро) і месцаў масавага наведвання. У полі зроку праваахоўнікаў таксама аб`екты жыццезабеспячэння (куды ўключаюць і бальніцы), а таксама тыя аб`екты, дзе ёсць пагроза тэхнагенных аварый. Дадатковыя захады вымагаюць, натуральна, і дадатковых сродкаў — як тэхнічных, так і матэрыяльных. Таму, відавочна, гэта не аднаго дня справа.

— Важна тое, што наша грамадства ўсведамляе: толькі праваахоўнымі захадамі поўнай бяспекі дамагчыся немагчыма, — мяркуе міністр унутраных спраў.

Прызнае ён таксама і тое, што гэта не дае яму "права апраўдвацца" і казаць, што немагчыма забяспечыць бяспеку ў краіне.

— Усе намаганні будуць скіраваны на рэалізацыю гэтай задачы, — запэўнівае міністр.

У гутарцы з журналістамі ён пацвердзіў інфармацыю пра тое, што асобы, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні тэракту ў сталічным метро, планавалі яшчэ тры выбухі ў сталіцы. Цяпер ідзе ацэнка наяўных і збор дадатковых доказаў. Прызначаны крыміналістычная, хіміка-тэхнічная ды іншыя экспертызы. Паводле яго інфармацыі, у распараджэнні праваахоўнікаў ёсць канкрэтныя факты, якія выкрываюць затрыманых у здзяйсненні злачынства.

Абвінавачванне, паводле слоў міністра, павінна быць прад`яўлена ім на працягу 20 сутак з моманту затрымання. Давайце лічыць: калі затрыманы яны былі 13 красавіка, то, значыць, да 3 мая.

Вяліся гутаркі і пра службовую праверку. Міністр унутраных спраў заявіў журналістам, што заведзена крымінальная справа па факце службовай халатнасці. Следства мае намер высветліць ступень віны і адказнасці тых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, хто быў у стане папярэдзіць злачынства, але не змог гэтага зрабіць.

У шлюб — з несамавітай паперкай?!


Міністр юстыцыі падтрымлівае прапанову дэпутата палепшыць выгляд пасведчання аб шлюбе.

Народныя выбраннікі прагаласавалі за папраўкі ў Кодэкс аб шлюбе і сям`і. Іх прэзентаваў у Авальнай зале міністр юстыцыі Віктар Галаванаў. Там з`яўляюцца новыя артыкулы пра шлюбны дагавор і дадатковыя захады па абароне дзяцей у выпадку разводу бацькоў. Падрабязней мы пазнаёмім вас з імі ў адным з бліжэйшых нумароў "Звязды". А пакуль, апярэджваючы падзеі, толькі некалькі цікавых фактаў з абмеркавання ў Авальнай зале.

Дэпутат Анатоль Глаз спецыяльна да пасяджэння прыпас два ўзоры пасведчанняў аб рэгістрацыі шлюбу. Адно — 1973-га года. "Паглядзіце, цвёрдая вокладка, герб", — каментуе паказ парламентарый. Другое — сучаснае. "Складзеная паперка фармату А4", — абураецца дэпутат. "Гэта калі памяць", — не губляецца міністр. "Хоць бы золатам ціснёныя літары, — працягвае няўрымслівы народны выбраннік. Дакумент на ўсё жыццё, паводле яго перакананняў, павінен выглядаць больш самавіта. А так што гэта? Нейкую цыдулку — ды пад марш Мендэльсона? Аналагічныя прэтэнзіі ў спадара Глаза і да пасведчанняў аб нараджэнні.

— Падтрымліваю, павінны быць адпаведныя дакументы, — пагадзіўся Віктар Галаванаў. — Але Мінюст распрацоўвае сам праект дакумента, а як ён будзе вырабляцца — гэта ўжо аблвыканкам вырашае. Добра, прааналізуем, каб усё было ў больш прымальнай форме.

Ала Мачалава
Звязда
28 красавіка 2011
 
Дата публикации:28.04.2011
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:3643
 
Ключевые слова:
Законодательство Взрыв в минском метро
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме