Нацбанк прыняў рашэнне аб зняцці з 19 красавіка абмежаванняў па фарміраванні курсу беларускага рубля пры ажыццяўленні здзелак куплі і продажу замежнай валюты паміж банкамі і суб`ектамі гаспадарання. Акрамя таго, разглядаецца пытанне аб увядзенні дадатковай сесіі на валютна-фондавай біржы, дзе плануецца сфарміраваць рыначны курс рубля на аснове попыту і прапановы. Чакаецца, што потым на ўсіх сегментах рынку будзе ўстаноўлены адзіны абменны курс рубля. Аднак тэрміны не называюцца.
Былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч лічыць гэтыя рашэнні палавінчатымі. "Гэта крокі ў правільным напрамку. Сёння бізнес сутыкнуўся з дэфіцытам валюты, што адбіваецца на яго фукнцыянаванні. Цяпер у яго з`явіцца магчымасць купіць валюту хаця б па дэвальвіраваным курсе", — сказаў ён БелаПАН.
Разам з тым Багданкевіч не разумее, чаму ўлады не пайшлі ўжо цяпер на ўстанаўленне адзінага курсу на ўсіх сегментах рынку.
"Незразумела, навошта ісці на два курсы — афіцыйны і рыначны, калі ў нас ужо ёсць негатыўны вопыт існавання множнасці курсаў, што выражалася ў росце карупцыі, махінацыях. Трэба было цяпер дэвальвіраваць рубель і ўстанавіць адзіны курс для эканомікі і насельніцтва. Падобна на тое, што на ўнутраным рынку ў абменных пунктах валюты не з`явіцца", — лічыць экс-кіраўнік Нацбанка.
Фінансавы аналітык Сяргей Чалы адзначае, што множнасць валютных курсаў без абмежаванняў у той ці іншай форме на рынку наяўнай валюты не ліквідуе дэфіцыт валюты для насельніцтва: "Так ці інакш трэба штосьці прыдумваць. Напрыклад, не даваць больш за 100 долараў у адны рукі або яшчэ штосьці. А так сітуацыя не зменіцца".
Паводле яго прагнозаў, рынак наяўнай валюты застанецца ў ранейшым стане.
"Для насельніцтва будзе афіцыйны курс, па якім валюту не купіць, і чорны рынак, курс на якім будзе прыкладна ідэнтычны курсу на міжбанку з папраўкай на рызыкаванасць аперацый", — адзначыў эксперт.
На нарадзе 15 красавіка Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што нельга адрэгуляваць складаныя працэсы, напрыклад, толькі дэвальвацыяй рубля. "Вось дэвальвіравалі рубель, і ўсё будзе нармальна. Камусьці будзе нармальна, а камусьці і не вельмі. Дапусцім, сёння мы танней прадаем валюту для закупкі лекаў, для аплаты прыроднага газу і іншых жыццёва неабходных тавараў. Давайце дэвальвіруем. Якая заўтра будзе цана ўсяго гэтага?" — задаўся пытаннем кіраўнік дзяржавы.
Прадстаўнікі МВФ заяўляюць, што Беларусі неабходна "некаторая гнуткасць абменнага курсу". Пры гэтым яны заклікаюць Нацбанк уніфікаваць курс, адзначаючы, што множнасць абменных курсаў можа прывесці да сур`ёзных праблем у эканоміцы.
У канцы сакавіка Нацбанк рэкамендаваў ажыццяўляць здзелкі куплі-продажу замежнай валюты паміж банкамі і суб`ектамі гаспадарання па курсе, які адхіляецца ад афіцыйнага не больш чым на 10%. Дагэтуль банкам было дазволена ўстанаўліваць абменны курс для юрасоб з адхіленнем не больш чым на 2% ад курсу, устаноўленага Нацбанкам. Аднак пашырэнне калідора на пазабіржавым рынку дагэтуль не прывяло да яго ажыўлення.
Андрэй Кажамякін, БелаПАН
Мінск, 19 красавіка 2011