Такім чынам, зазначыў Лузгін, "Нацбанк адмяняе раней накіраваны банкам рэкамендацыйны ліст адносна выкарыстання межавага 10-працэнтнага адхілення ад афіцыйнага курсу пры ажыццяўленні здзелак куплі-продажу замежнай валюты на міжбанкаўскім валютным рынку".
Гэтае рашэнне, растлумачыў прадстаўнік Нацбанка, прынята ў мэтах паэтапнага аднаўлення функцыянавання ўнутранага валютнага рынку, яго ёмістасці, ліквіднасці, павышэння празрыстасці курсаўтварэння.
Апрача таго, зазначыў Лузгін, зробленыя захады скіраваны на "пераадоленне няпэўнасці ўдзельнікаў рынку адносна далейшага развіцця сітуацыі на ўнутраным рынку, а таксама на пераход да ўніфікаванага абменнага курсу на розных сегментах валютнага рынку".
"Пасля дасягнення раўнаважнага значэння курсу беларускага рубля пры ажыццяўленні здзелак куплі і продажу замежнай валюты паміж банкамі і суб`ектамі гаспадарання будзе забяспечана прыняцце далейшых мер па стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку з паступовым выхадам на адзіны абменны курс беларускага рубля на ўсіх сегментах рынку", — дадаў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.
Разглядаецца таксама магчымасць увядзення дадатковай сесіі на валютна-фондавай біржы. "Такая практыка ў нас была ў канцы 1990-х гадоў. На біржы на аснове попыту і прапановы будзе ўстанаўлівацца курс пры свабоднай куплі і продажу валюты пры паралельным захаванні першых, асноўных, таргоў, на якіх ажыццяўляецца продаж валюты на мэты крытычнага імпарту", — растлумачыў Мікалай Лузгін.
Андрэй Кажамякін, БелаПАН
Мінск, 19 красавіка 2011