https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дэмакратычная грамадскасць Беларусі адзначае Дзень Волі


Сёння дэмакратычная грамадскасць Беларусі адзначае Дзень Волі — 93-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Незалежнасць БНР была аб`яўлена ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года ў Мінску. Пасля зрыву мірных перамоў у Брэсце і наступлення германскіх войскаў бальшавікі пакінулі Мінск. У гэтай сітуацыі дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з`езда аб`явілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да склікання Устаноўчага сейма.

21 лютага 1918 года Выканкам Рады сфарміраваў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.

Урад БНР прыкладаў шмат намаганняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынята пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветныя таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, ішла праца па адкрыцці ў Мінску Беларускага ўніверсітэта.

Быў уведзены пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, узаконена дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня". У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.

Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна аказалася неабароненай перад расійскімі бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым — у Гродна.

1 студзеня 1919 года бальшавікі аб`явілі аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ў 1922 годзе ўвайшла ў склад СССР.

Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.

Дзень 25 сакавіка 1918 года сімвалізуе пачатак сучаснай еўрапейскай нацыянальнай дзяржаўнасці беларусаў, без якой бальшавікі не пагадзіліся б на ўтварэнне БССР, якая стала асновай Рэспублікі Беларусь, адзначыў у каментары БелаПАН палітык Вінцук Вячорка.

Паводле яго слоў, гэты дзень заўсёды адзначалі пакаленні беларусаў, якія далучыліся да нацыянальнага руху. Так, у 70—80-я гады мінулага стагоддзя ў Мінску, ва ўмовах падполля, гадавіну абвяшчэння БНР штогод адзначалі прадстаўнікі нацыянальнага маладзёжнага руху і творчай інтэлігенцыі.

З 1991 года, адзначыў Вячорка, святкаванне Дня Волі стала масавым і традыцыйным шэсцем, "афарбаваным у святочныя, а часам — трагічныя таны духоўнага супраціўлення". Так было ў 1996 годзе, калі навісла рэальная пагроза незалежнасці краіны ў сувязі з падпісаннем дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы з Расіяй.

Вячорка ўпэўнены, што ў дэмакратычнай Беларусі гэта дата будзе адзначацца як Дзень незалежнасці і стане галоўным дзяржаўным святам, а памяць пра заснавальнікаў БНР будзе шырока ўвекавечана.

Яшчэ адзін прадстаўнік дэмакратычнага руху Беларусі, Юрый Хадыка, звярнуў увагу на беспрэцэдэнтнасць сітуацыі, якая склалася сёлета са святкаваннем Дня Волі.

Ён нагадаў пра жорсткі разгон мірнага шэсця на плошчы Незалежнасці ў Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, пасля якога многія лідары апазіцыі, у тым ліку былыя кандыдаты ў прэзідэнты, апынуліся за кратамі.

"Парушыўшы канстытуцыйныя правы беларускага народа, улада не задаволіла заяўку на правядзенне ў Дзень Волі шэсця і мітынгу і дала толькі месца для мітынгу ў аддаленым раёне горада. Вось чаму аргкамітэт святкавання Дня Волі кардынальна змяніў яго фармат і заклікаў усіх людзей да 18.00 да помніка Янку Купалу", — сказаў Хадыка.

Ён падкрэсліў, што ўскладанне кветак да помніка і сустрэчы ў вузкім коле "ніяк не падпадаюць пад дзейнае рэпрэсіўнае заканадаўства".

Нагадаем, у Мінску прадстаўнікі апазіцыі планавалі адсвяткаваць Дзень Волі двума мітынгамі і шэсцем. Першы мітынг меркавалася пачаць а 18-й гадзіне каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, затым з 19.00 планавалася шэсце да сквера імя Янкі Купалы, дзе з 20.00 да 21.00 павінен быў прайсці другі мітынг.

Мінгарвыканкам адмовіў аргкамітэту ў правядзенні акцыі ў заяўленым фармаце і прапанаваў свой варыянт — мітынг у парку Дружбы Народаў каля плошчы Бангалор. У выніку аргкамітэт вырашыў мітынг не праводзіць і прапанаваў грамадзянам трэці варыянт — на працягу святочнага дня ўскладаць кветкі да помніка Янку Купалу.

Актывісты маладзёжнага дэмакратычнага руху збіраюцца правесці сёння вечарам акцыю на плошчы Якуба Коласа. "Прапанаваная для святкавання Дня Волі плошча Бангалор непрымальная, аднак яшчэ больш непрымальна акцыю адмяняць", — заявіў 22 сакавіка журналістам Мікалай Дземідзенка.

У некаторых гарадах улады адмовілі прадстаўнікам апазіцыі ў правядзенні акцый. Так, Магілёўскі гарвыканкам забараніў праводзіць 25—27 сакавіка серыю пікетаў у розных месцах горада.

У Гомельскай вобласці ўчастковыя інспектары міліцыі за некалькі дзён да нефармальнага свята наведвалі мясцовых актывістаў апазіцыі і прасілі даць распіску аб тым, што яны не будуць удзельнічаць у святкаванні Дня Волі.

У Брэсце першапачаткова санкцыянаваны пікет супраць пагаршэння матэрыяльнага становішча жыхароў рэгіёну гарадскія ўлады напярэдадні, 24 сакавіка, забаранілі праводзіць.

Марат Гаравы, БелаПАН
Мінск, 25 сакавіка 2011
 
Дата публикации:25.03.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4307
 
Ключевые слова:
Дзень Волі Оппозиция
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме