https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Каралевіч з сэрцам шляхціца


Днямі ў Музеі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбылося адкрыццё выставы гістарычных партрэтаў Юрыя Каралевіча "Рэмінісцэнцыя".
Неспрактыкаваны глядач, трапіўшы на гэтую выставу, магчыма, пераблытаў бы партрэты Каралевіча з тымі, што вісяць у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і называюцца сармацкімі. І часткова меў бы рацыю. Бо сармацкія партрэты сапраўды з`яўляліся дапамогай для мастака падчас працы. Выкананыя ў рэалістычнай манеры, карціны Каралевіча кампазіцыйна і канцэптуальна нагадваюць славутыя сармацкія партрэты Вялікага княства Літоўскага. Зрэшты, амаль усе асобы, прадстаўленыя на партрэтах, таксама родам з ВКЛ.

"Рэмінісцэнцыя" — гэта вельмі патрыятычная выстава з відавочным адукацыйна-асветніцкім ухілам. Яна мовай выяўленчага мастацтва распавядае пра нашу гісторыю, слаўных сыноў беларускай зямлі ад Рагвалода і Усяслава Чарадзея да Льва Сапегі і Тадэвуша Касцюшкі. Ёсць тут і выявы Канстанціна Астрожскага, Гедыміна, Вітаўта, Альгерда, Стэфана Баторыя, Мікалая Радзівіла Сіроткі і інш. На такую выставу ў першую чаргу варта весці цікаўных школьнікаў, каб выхаваць у іх непадробнае пачуццё павагі да роднай гісторыі і гонар за яе. Атрымаецца выдатны інтэрактыўны ўрок! Тым больш што побач з кожным партрэтам змешчаны копіі гістарычных матэрыялаў, якія дапамагалі Юрыю Каралевічу выштукоўваць той ці іншы вобраз: старажытныя гравюры, летапісы, партрэты беларускіх дзеячаў, зробленыя папярэднікамі.

— Карані мае карціны маюць "сармацкія". "Рэмінісцэнцыя" — гэта сучасная версія сармацкага партрэта, — распавядае мастак Юрый Каралевіч. — Сармацкі партрэт — гэта надзвычайная з`ява ў выяўленчым мастацтве. Ён акумулюе ў сабе якасці, цікавыя для мяне, як для мастака, і якія з`яўляліся свайго роду кодэксам шляхецкага жыцця і ўвасаблялі прынцыпы паводзін шляхты ў грамадстве: пачуццё самапавагі, годнасці, адказнасці.

Прадстаўнікі беларускай шляхты былі непахісныя ў сваіх поглядах і перакананнях, былі высакародныя і справядлівыя. На жаль, сёння мы гэта страчваем. Адсюль вынікае, што трэба адраджаць нашу беларускую нацыянальную ідэю. І вось гэтая ідэя, на маю думку, найбольш яскрава ўвасабляецца ў сармацкім партрэце. Тут і касцюм нацыянальны: жупаны, паясы і г. д. І сама прысутнасць такіх славутых беларусаў побач з намі хаця б на партрэтах перадае нам гэтую шляхетную нацыянальную ідэю. Маёй галоўнай задачай было перанесці на палатно дух беларускай шляхты, яе высакароднасць.



Цікава, што мастак менавіта з такім казачным шляхетным прозвішчам — Каралевіч — піша беларускія гістарычныя партрэты. Сам Юрый Мікалаевіч прызнаецца, што магчыма, нарадзіўся не ў тую эпоху, бо ягоныя прыярытэты ў сённяшні неспакойны камп`ютарны час — гэта высокія маральныя якасці беларускай шляхты і класічны жывапіс. І тое, і другое сёння не ў модзе, але ўдала спалучаецца на карцінах мастака-манументаліста. Выстава ягоная і праўда можа падацца крыху архаічнай. Але адначасова яна — добры імпульс для таго, каб паглядзець на сваіх продкаў і павучыцца ў іх таму ўнікальнаму беларускаму, без чаго мы немагчымыя як нацыя.

Вольга Чайкоўская
Звязда
12 сакавіка 2011
 
Дата публикации:12.03.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4716
 
Ключевые слова:
Белорусские художники Живопись Выставки
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме