https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: "Мы павінны берагчы як зрэнку вока наш народ"


Задачы новаму Ўраду.
Палата прадстаўнікоў прадэманстравала ўчора зайздросную аднадушнасць, даўшы згоду на прызначэнне Міхаіла Мясніковіча прэм`ер-міністрам. Усе 109 удзельнікаў пасяджэння сёмай пазачарговай сесіі сваім голасам аказалі яму падтрымку.

Адказваючы на іх пытанні ў Авальнай зале, М. Мясніковіч расказаў, як будуць развівацца лагістычныя цэнтры і прыдарожны сэрвіс у Беларусі, наколькі маштабная карэкціроўка спатрэбіцца дзейнаму заканадаўству, каб адпавядаць Дырэктыве №4. Паведаміў і пра тое, што праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку будзе разгледжаны новым Урадам першага лютага.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прадстаўляючы кандыдатуру М. Мясніковіча, згадаў яго вялікі вопыт эканамічнай, навуковай і кіраўніцкай дзейнасці, адказныя пасады, якія той займаў. І ў час, калі краіна пераходзіць на інавацыйны шлях развіцця, калі нам трэба яшчэ больш паскорана і мэтанакіравана праводзіць мадэрнізацыю, ствараць новую эканоміку, падобныя веды і рознабаковы вопыт асабліва важныя.

— Ён ведае, што такое нана-, бія-, лазерныя, фармакалагічныя, касмічныя і іншыя перадавыя тэхналогіі, зможа вызначыць, якія з гэтых напрамкаў нам лепш развіваць. Гэта важна, бо роля акадэмічнай, галіновай і вузаўскай навукі ў развіцці краіны ў бягучай пяцігодцы ўзрастае, — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што новы прэм`ер-міністр здольны арганізаваць работу не толькі па дасягненні валавых паказчыкаў, але і па забеспячэнні эфектыўнасці эканомікі.

— Я далёкі ад думкі, што ўсё гэта будзе давацца лёгка. Аднак для паспяховага руху наперад закладзена добрая аснова.

Вытворчасць ВУП на душу насельніцтва і ўзровень жыцця беларускага народа да 2016 года павінны наблізіцца да сярэднееўрапейскіх. Прэзідэнт акцэнтаваў, што для выканання намечанага на новую пяцігодку неабходны вялікая дынаміка развіцця краіны, сучасныя падыходы да кіравання эканомікай.

— Для гэтага ва Урадзе патрэбны людзі рашучыя, вопытныя, прагматычныя, якія добра ведаюць праблемы і ідуць ад жыцця. Менавіта такі Савет Міністраў цяпер у асноўным сфарміраваны.

І ён павінен стаць сапраўды калегіяльным органам кіравання.

— Не трэба "вісець" над міністрамі і пастаянна іх панукваць, — кажа кіраўнік дзяржавы. — На цяперашнім этапе трэба пераносіць усю адказнасць за стан эканомікі і сацыяльнай сферы на міністраў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, губернатараў, старшынь райвыканкамаў.

Вось на гэтых узроўнях павінны прымацца ключавыя рашэнні і актывізавацца ініцыятыва. А прэм`ер-міністр павінен найперш кантраляваць выкананне стратэгічных задач, вызначаных праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку. Яму трэба так выбудаваць работу Урада, каб спрэчкі і дыскусіі мелі месца толькі да моманту прыняцця рашэнняў.

— Далей — безумоўнае выкананне, без лішняй мітусні і разглагольстваванняў. Патрабаванне выканальніцкай дысцыпліны ніхто не адмяняў, — нагадвае Прэзідэнт.

Пры гэтым Ураду варта цесна ўзаемадзейнічаць з усімі галінамі дзяржаўнай улады, у прыватнасці, з парламентам.

— Трэба больш актыўна працаваць над удасканаленнем заканадаўства з улікам сучасных патрабаванняў лібералізацыі эканомікі, — зазначыў А. Лукашэнка.

Якія ж ключавыя задачы ставяцца перад новым Урадам?

Структурная перабудова эканомікі

— Яна павінна быць накіравана як на карэнную мадэрнізацыю дзейных прадпрыемстваў з мэтай павышэння іх канкурэнтаздольнасці, так і на стварэнне прынцыпова новых вытворчасцяў і сектараў эканомікі, якія выпускаюць экспартаарыентаваную, высокатэхналагічную інавацыйную прадукцыю, — адзначыў дзяржаўны лідар.

Таму да неканкурэнтаздольных, хранічна стратных прадпрыемстваў маюць быць прынятыя радыкальныя захады.

— З імі трэба разбірацца, зыходзячы з набытага вопыту — ад прыватызацыі да ліквідацыі. Патрабаванне тут адно: людзі, супрацоўнікі прадпрыемстваў, якія ліквідуюцца, не павінны быць пакрыўджаны. Па пытаннях працаўладкавання такіх работнікаў Ураду трэба цесна ўзаемадзейнічаць з мясцовымі органамі ўлады.

Кіраўнік краіны слушна задаецца пытаннем: "Калі дзяржаўнае прадпрыемства хранічна стратнае, эканамічна бесперспектыўнае, навошта прадаўжаць аказваць дапамогу, закопваючы ў зямлю фінансавыя рэсурсы?". І рэзюмуе: "Мы павінны падтрымліваць толькі эфектыўныя або асабліва значныя сацыяльныя праекты".

Не купляць больш, чым прадаваць

Сумесна з Нацбанкам новаму Ураду давядзецца заняцца ліквідацыяй дыспрапорцыі ў фінансавай сферы, скарачэннем адмоўнага знешнегандлёвага сальда. Такую задачу паставіў Прэзідэнт.

— Я неаднаразова папярэджваў ранейшы ўрад аб недапушчальнасці такой практыкі, калі на працягу шэрагу гадоў мы закуплялі з-за мяжы больш, чым прадавалі. Калі на $1 экспарту прыпадае $1,2 імпарту, гэта немінуча вядзе да нарастання пазыковага цяжару і, у канчатковым выніку, стварае пэўную пагрозу нашай эканамічнай бяспецы.

А сёлета яшчэ і цэны на энерганосьбіты для Беларусі дасягнуць амаль сусветнага ўзроўню.

— Пры такіх неспрыяльных умовах нам трэба не проста ўтрымаць эканоміку, але і дабіцца значнага прыросту, — заўважае Аляксандр Лукашэнка. — Ураду для гэтага неабходна прыняць вычарпальныя меры па павышэнні энергаэфектыўнасці, максімальна наблізіць паказчыкі энергаёмістасці эканомікі да ўзроўню развітых еўрапейскіх краін.

Тут у нас, паводле яго слоў, маецца сур`ёзнае адставанне, якое трэба ліквідаваць. Ён папярэдзіў, што ніякіх апраўданняў безгаспадарчасці ўзросшымі цэнамі на энергарэсурсы больш не будзе. Асаблівы акцэнт кіраўнік Беларусі зрабіў на ролі эканоміі матэрыяльных рэсурсаў ды імпартазамяшчэння. Там, дзе гэта эканамічна апраўдана і эфектыўна, трэба развіваць айчынную вытворчасць. А новыя магчымасці, якія дае Мытны саюз, — выкарыстоўваць па максімуму. Ён адкрывае рынак у 170 млн патэнцыйных спажыўцоў беларускай прадукцыі, у якой, па вялікім рахунку, няма канкурэнтаў ні ў Мытным саюзе, ні на традыцыйных рынках СНД.

Палегчыць шлях інвестыцыям

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Урада жыць толькі па сродках і пакласці канец нарошчванню дадатковых пазыковых абавязацельстваў. Аднак беларускі лідар усведамляе, што нам будзе складана ўкараняць тэхніку і тэхналогіі сусветнага ўзроўню ўласнымі сіламі — без прамых замежных інвестыцый крэдытаў на выгадных умовах. Таму трэба сфарміраваць такую сістэму работы з замежнымі інвестарамі, якая максімальна палегчаць іх шлях на наш рынак. Ужо сёлета ўдзельная вага замежных крыніц у інвестыцыях у асноўны капітал павінна скласці не менш за 21 працэнт. Адпаведна выкарыстоўваць прыцягнутыя сродкі варта як мага больш эфектыўна. А да 2014 года неабходна забяспечыць выхад на дадатнае сальда знешняга гандлю.

Жыллёвае будаўніцтва

Будаўніцтва жылля — якаснага і пры гэтым даступнага — у ліку ключавых дзяржаўных прыярытэтаў.

— Настаў час паставіць будаўнікоў у строгія рамкі вытворчай і эканамічнай дысцыпліны, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Калі нарматыўныя тэрміны будаўніцтва і цэны вызначаны, то ўсё, што будзе расходавана звышнарматыўна, — за кошт арганізацыі, што будуе, а не перакладваць гэта пад выглядам інфляцыі, яшчэ якіх-небудзь пытанняў на забудоўшчыкаў, жыхароў, прадпрыемствы.

Галоўныя патрабаванні да галіны застаюцца нязменнымі: строгае выкананне тэрмінаў і навядзенне парадку ў цэнаўтварэнні.

Разняволенне дзелавой ініцыятывы

Сістэмныя патрабаванні ў гэтай частцы да ўсіх бакоў выкладзеныя ў дырэктыве №4. Яны простыя і зразумелыя. "Развіццё добрасумленнай канкурэнцыі сярод суб`ектаў гаспадарання незалежна ад формы ўласнасці", — удакладняе беларускі лідар. Ён запатрабаваў ад Урада ў найкарацейшыя тэрміны рэалізаваць пастаўленыя ў дакуменце задачы.

— Калі хочаш працаваць, займацца прадпрымальніцтвам — добра. Магчымасці ёсць, людзі ёсць, грошы ёсць — добра. Будзеш рабіць прадукцыю, якая патрэбна нашай дзяржаве і якая была б экспартаарыентаванай, — вельмі добра. Ідзі на працягу сутак зарэгіструйся і пачынай свой бізнэс, мы цябе падтрымаем. Вось гэта і ёсць Дырэктыва № 4, — тлумачыць Прэзідэнт.

Не абмінуў увагай і шматлікія скаргі на кантралюючыя органы. Іх дзейнасць упарадкаваная.

— Немагчыма, каб які-небудзь інспектар ішоў міма ларка, па ўласнай волі зайшоў туды і пачаў тармасіць, — кажа кіраўнік дзяржавы. — Любое парушэнне кантралёрамі сваіх функцый будзе карацца бязлітасна.

Аднак і патуранняў ніякіх не будзе:

— Без кантролю не можа быць ні адно прадпрыемства, калі парушыў закон —- будзеш адказваць.

Дзяржава для народа


Гэты тэзіс павінен стаць рэальным у жыцці кожнага грамадзяніна, адзначае Прэзідэнт. У кантэксце эканамічнай палітыкі гэта азначае, што ніякія праблемы не павінны вырашацца за кошт насельніцтва.

— Стварэнне камфортных умоў для жыццядзейнасці людзей — гэта і ёсць найвышэйшая мэта беларускай дзяржавы. Менавіта таму нецярпімасць на ўсіх узроўнях да праяў валакіты, фармалізму, прадузятасці, абыякавасці ў адносінах да грамадзян павінна разглядацца як абавязковае патрабаванне і ўмова дзелавога стылю работы новага складу Урада.

Дзяржаўны пераварот прадухілены


Беларускі лідар не мог не выказацца і па сітуацыі ў дзяржаве пасля выбараў. краіну ўдалося абараніць, паводле яго слоў, толькі дзякуючы пазіцыі народа.

— Калі б не было гэтай пазіцыі, выказанай на выбарах, маральнай падтрымкі Прэзідэнту, праваахоўным органам, мы б нічога не зрабілі, — запэўнівае А. Лукашэнка. — А ў гэтым будынку (Доме ўрада. — Аўт.) ужо сядзелі б іншыя. Таму мы павінны берагчы як зрэнку вока наш народ, і гэта не папулізм.

Паводле яго слоў, 19 снежня ўлада дзейнічала ў рамках закона, прадухіляючы дзяржаўны пераварот, які рыхтавала апазіцыя.

— Ёсць відавочныя факты. Натоўп граміў Дом урада. Гэта бачылі ўсе. Прозвішчы гэтых пагромшчыкаў мы абнародавалі, — нагадвае Прэзідэнт. — Пытанне — хто іх прывёў сюды, да Дома ўрада? Хто аб`яўляў аб так званым "урадзе народнага выратавання" і заклікаў браць уладу ў свае рукі?

Для беларускага лідара адказ відавочны — "асобныя былыя кандыдаты ў прэзідэнты і іх давераныя асобы". Кіраўнік краіны спаслаўся на апублікаваныя матэрыялы аб падзеях 19 снежня.

— І ўсе змаглі пераканацца — апазіцыя рыхтавала дзяржаўны пераварот. Менавіта так — не больш і не менш. Усё планавалася пад шчыльным кантролем некаторых замежных спецслужбаў. Пра некаторыя мы таксама сказалі. Няхай яны адбрыкваюцца сёння (гэта натуральна), але калі я кажу, значыць, у нас для гэтага ёсць факты. Былі загадзя распісаны бізнэс-планы, падрыхтаваны каштарысы. Частка грошай, якія ім далі гаспадары, нашы "свядомыя", як заўсёды, параскрадалі. Яны аб гэтым самі гавораць. А тыя, што засталіся, патрацілі на падрыхтоўку пагрому.

Кіраўнік дзяржавы згадвае, што некаторыя кажуць, маўляў, нічога страшнага не адбылося — падумаеш, шыбы пабілі.

— Пытанне трэба ставіць інакш, — перакананы ён, — а што калі б гэтых граміл не спынілі? Калі б ім далі поўную волю і яны, не дай бог, дарваліся да зброі?

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, варта памятаць урокі гісторыі — усе крывавыя рэвалюцыі і грамадзянскія войны пачынаюцца са звычайнага хуліганства... У Беларусі такога не дапусцяць.

Санкцыямі пужаць няма чаго

Выступаючы ў Авальнай зале, беларускі лідар спыніўся і на пэўных аспектах знешняй палітыкі. Гаворачы аб двайных стандартах у палітыцы Захаду, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што літаральна нядаўна ў адной з краін, супастаўнай з Беларуссю па насельніцтве і тэрыторыі, прайшлі выбары. "Там апазіцыя, узброіўшыся, кінулася на дом урада. Што зрабілі праваахоўныя органы? Расстралялі натоўп, загінулі людзі. Дык дзе ж прынцыповасць еўрапейцаў? Што, там свая "дыктатура", а тут не свая? Мы ні ў кога не стралялі, не прымянялі слёзатачывы газ, не палівалі нікога вадой, халодна ж было".

Пракаментаваў таксама і заявы аб магчымасцях увядзення санкцый, якія гучаць з Захаду.

— Вы мяне пужаеце санкцыямі, візамі... Гасподзь з вамі. Я ўжо жыву ў гэтым візавым абмежаванні, напэўна, дзясятак гадоў. Жывы, здаровы пакуль.

Запужванне ён назваў бесперспектыўным.

— Ні ў які тупік мы не зайшлі. Мы пераадолелі чарговы бар`ер, выбудоўваючы сваю незалежнасць і суверэнітэт, — сказаў Прэзідэнт. — Цяжкасці і складанасці былі ў кожнай дзяржавы.

Беларускі лідар сказаў, што не хоча дапусціць бойні ў краіне.

— Калі ў народа іншы падыход, ён выбраў бы сабе іншага прэзідэнта. Значыць, людзі лічаць, што так (як ёсць. — Аўт.) і павінна быць. Мы павінны, што б там ні было, абараніць сваю краіну.

Ён прызнае наяўнасць разумных ідэй і ў Амерыкі, і ў Еўрасаюза, а таксама падкрэслівае адкрытасць Беларусі да дыялогу. Але ж "націснуць на нас, нахіліць нас, павесіць на нас чужую віну, зрабіць нас вінаватымі — з гэтым мы не згодны". Беларусь павінна кіравацца сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, супрацоўнічаючы як з Усходам, так і з Захадам.

— Калі нехта лічыць, што мы цяпер будзем выбудоўваць палітыку, каб пазбавіцца залежнасці ад Расіі і поўзаць на каленях перад Еўропай — гэта не наш шлях. Мы павінны бачыць мэту, ісці да гэтай мэты, — перакананы беларускі лідар. — Не трэба тут іграцца і мяне ў чымсьці папракаць: ну, цяпер бацька пойдзе на Усход. Нікуды не пойдзем — будзем ісці да сваёй мэты.

Зоя Варанцова
_______________

Дэпутацкая пазіцыя

Народная выбранніца Таццяна Філімончык лічыць з`яўленне на новай пасадзе былога кіраўніка Акадэміі навук своечасовым: краінай узяты арыенцір на інавацыйную палітыку. "Яму гэта ўдасца ў найлепшай ступені, ён гэта, так бы мовіць, намацаў рукамі", — пераканана парламентарый. Народная выбранніца канстатуе: любая змена ўрада прыўносіць пэўныя змены. Аднак у той жа час яна выражае меркаванне, што пераемнасць захаваецца — усё ж такі "многае зроблена ў папярэднія гады", — і ўсё найлепшае будзе працягнута.

— Мы ў Палаце прадстаўнікоў спадзяёмся на яшчэ больш цеснае супрацоўніцтва з новым Урадам. Нам неабходна ўзгадняць законы яшчэ на ранняй стадыі іх распрацоўкі, каб не зацягваць іх прыняцце і каб яны хутка ўкараняліся ў жыццё

Звязда
28 студзеня 2011

 
Дата публикации:28.01.2011
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:3907
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме