https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Раманчук застаўся ў партыі, якая страціла да яго давер


7 лютага Нацыянальны камітэт Аб`яднанай грамадзянскай партыі выказаў вотум недаверу намесьніку старшыні партыі Яраславу Раманчуку і пазбавіў пасады Андрэя Дзьмітрыева, які ўзначальваў партыйную камісію па міжнародных пытаньнях.
Яраслаў Раманчук выступіў з дакладам па першым пытаньні парадку дня — аб выніках прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Сябры ж АГП ініцыявалі пытаньне аб далейшым удзеле Раманчука ў жыцьці партыі. На пасяджэньні была заслухана яго пазыцыя. З крытыкай дзеяньняў Яраслава Раманчука пасьля 19 сьнежня выступілі ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч, намесьнік старшыні Леў Марголін, а таксама іншыя актывісты АГП. Пасьля гэтага адбылося галасаваньне аб даверы Раманчуку як намесьніку старшыні партыі. За давер не прагаласаваў ніхто. Цяпер далейшы лёс партыйнай кар`еры спадара Раманчука павінен вырашыць зьезд партыі. Леў Марголін патлумачыў:

"Нацыянальны камітэт прагаласаваў за тое, каб дэ-факта пазбавіць Яраслава Раманчука функцый намесьніка старшыні партыі. Бо каб гэта зрабіць, дэ-юрэ патрэбна правядзеньне зьезду. Але ўсё ж мы падкрэсьлілі, што лічым немэтазгодным у гэтай сытуацыі, каб Яраслаў Раманчук выконваў абавязкі намесьніка старшыні".

Паводле спадара Марголіна, правядзеньне зьезду залежыць ад шэрагу акалічнасьцяў, і таму цяжка сказаць, калі ён адбудзецца. Ці будзе спадар Раманчук да зьезду выконваць абавязкі намесьніка? На гэта спадар Марголін сказаў:

"Гэта ўжо залежыць ад яго. Ён паслухаў думкі, якія выказалі сябры Нацыянальнага камітэту, якія выказаліся супраць гэтага, а далей ён будзе сам рабіць высновы. Я думаю, ён усё зразумеў".

Спадар Марголін адзначыў, што пытаньне аб выключэньні Яраслава Раманчука з партыі не паўставала, бо ён "вельмі добры спэцыяліст і можа прынесьці партыі шмат карысьці, а гэтыя здарэньні застануцца на яго сумленьні".

"Я сутыкаюся з шараговымі сябрамі партыі штодня і ведаю думку большасьці пра тое, што здарылася 20 сьнежня. Мы рэкамэндавалі Яраславу, каб ён усё ж зрабіў нешта накшталт прэс-канфэрэнцыі і распавёў, што ён думаў тады і што ён думае зараз пра гэта. Але, на жаль, гэтага не адбылося. Ён таксама не скарыстаў магчымасьць самому падаць у адстаўку. Таму давялося прымаць нейкае рашэньне".

Яраслаў Раманчук заявіў, што паважае пазыцыю сваіх аднапартыйцаў. Ён кажа, што будзе працаваць у партыі на ранейшых прынцыпах, дапамагаць сваім сябрам.

"А што такое абавязкі намесьніка, я ня вельмі добра ведаю, бо яны былі на добраахвотнай аснове. То бок кантакты застаюцца. Гэта палітычнае рашэньне, якое не выключае палітычнай дзейнасьці, дапамогі нашым сябрам і, безумоўна, перш за ўсё дзейнасьці па вызваленьні Анатоля Лябедзькі".

Паводле Раманчука, за сваю асабістую пазыцыю ён нясе пэрсанальную адказнасьць.

"Калі выйдзе Анатоль Лябедзька, будзем вырашаць. Але я сёньня ня бачу магчымасьці балятавацца на пасаду намесьніка старшыні на наступным зьезьдзе. Гэтае рашэньне я прыму хутчэй, калі палічу, што гэта неяк дапаможа партыі і справе абароны свабоды і незалежнасьці нашай краіны".

На пытаньне, ці памяняў ён сваю пазыцыю ад 20 сьнежня пасьля сёньняшняга пасяджэньня Нацкаму, спадар Раманчук сказаў:

"Адзінай мэтай і матывацыяй гэтай заявы было, безумоўна, ратаваньне жыцьця людзей. Кропка. Іншай матывацыі не было. У гэтай сытуацыі, калі ёсьць і была абмежаваная інфармацыя і была такая пагроза, я палічыў неабходным гэта зрабіць, разумеючы, што гэта можа паставіць крыж на маёй кар`еры. Палітычна менавіта ў гэтым сэнсе. Ёсьць іншыя спосабы, захады працаваць у грамадзкай супольнасьці і палітыцы, але сёньня я лічу, што найбольш карысьці я магу прынесьці тым, што я раблю ў сфэры эканамічнай адукацыі, эканамічнага рэфармаваньня. Менавіта гэтым я буду займацца".

Нацыянальны камітэт АГП вызваліў ад пасады Андрэя Дзьмітрыева, які ўзначальваў партыйную камісію па міжнародных пытаньнях. Новым старшынём гэтай камісіі абраны Юры Лаўрэнцьеў. З прапановай вызваліць Дзьмітрыева выступіў на пасяджэньні Нацыянальнага камітэту ганаровы старшыня партыі Станіслаў Багданкевіч, і гэтая прапанова была прынятая бальшынёй галасоў. Леў Марголін патлумачыў:

"Ён працаваў у кампаніі "Гавары праўду". І гэтая кампанія будзе працягваць сваё існаваньне. Тут можа быць проста канфлікт інтарэсаў".

20 сьнежня Яраслаў Раманчук выступіў з заявай, у якой асудзіў дзеяньні Андрэя Саньнікава, Віталя Рымашэўскага і Міколы Статкевіча. Ён распавёў, што разам са старшынём АГП Анатолем Лябедзькам неаднаразова спрабаваў пераканаць Саньнікава і Статкевіча адмовіцца ад плянаў радыкальных дзеяньняў.

У кіраўніцтве Аб`яднанай грамадзянскай партыі тры асобы. Старшыня Анатоль Лябедзька дагэтуль знаходзіцца за кратамі "амэрыканкі". Яго часова замяніў ганаровы старшыня — Станіслаў Багданкевіч. На сваіх месцах два намесьнікі — Леў Марголін і Яраслаў Раманчук.

Алесь Дашчынскі
Радыё Свабода
7 лютага 2011

 
Дата публикации:07.02.2011
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:3372
 
Ключевые слова:
Выборы в Беларуси Оппозиция Цветные революции
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме