https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Латыніна: Трыюмф расейскіх спэцслужбаў у Беларусі


Такую ацэнку дае ў артыкуле ў “Ежедневном журнале” расейскі аналітык Юлія Латыніна. Паводле яе посьпехам палітыкі Масквы сталі, ў прыватнасьці, прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне, пераварот у Кіргізстане і вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
На першы погляд, расійскую зьнешнюю палітыку ў 2010 годзе адрозьнівалі скандалы і неразумны піяр. Напрыклад, узьнёслая сустрэча, якую аказалі 11 шпіёнам-блазнам, ці палёт прэзыдэнта Мядзьведзева на Курылы. Але гэта толькі зьнешні бок справы, пры больш пільным поглядзе расейская зьнешняя палітыка ці, дакладней, інтрыгі, якія ў Расеі замяняюць зьнешнюю палітыку, у гэтым годзе суправаджаліся сур`ёзнымі посьпехамі.

Украіна

Першай перамогай Пуціна, і рэваншам за «аранжавую рэвалюцыю», сталі ўкраінскія выбары, на якіх 25 лютага 2010 года перамог Віктар Януковіч. Пасьля гэтага Ўкраіна з неверагоднай хуткасьцю пачала рухацца па «пуцінскім» сцэнары. Грамадзянскія свабоды ў краіне згортваліся, а былы браток, асуджаны за крадзеж шапак ў прыбіральні, стаўшы прэзыдэнтам, павёў сябе гэтак жа, як у бандыцкія часы.

Зразумела, Януковіч не зьяўляецца крэатурай Пуціна. Але бессэнсоўна разглядаць палітыку Пуціна ў адносінах да Ўкраіны як нешта рацыянальнае. Галоўным рухавіком гэтай палітыкі было жаданьне адпомсьціць ненавіснаму Віктару Юшчанку. У гэтым сэнсе Пуцін атрымаў поўную перамогу, хаця ніхто так не спрыяў гэтай перамозе, як сам бясьсільны і карумпаваны прэзыдэнт Юшчанка.

Кіргізстан


Яшчэ большы посьпех чакаў Пуціна ў Кіргізстане, дзе прэзыдэнт Бакіеў, шалапутны дыктатар, сваякі якога параскрадалі ўсю краіну, вырашыў «кінуць» Расею і, узяўшы з Крамля 2 млрд. дал. за тое, каб выгнаць амэрыканцаў з ваеннай базы ў Манасе, пераназваў базу і амэрыканцаў там пакінуў.

Бакіева, мабыць, было вырашана пакараць. І 7 красавіка 2010 года мясцовыя бандыты прывезьлі ў Бішкек з гор дзясяткі аўтобусаў гапаты, раздаўшы ёй зброю. Мабыць, плянавалася толькі акцыя застрашваньня. Але спрахнелы рэжым абрынуўся імгненна, верагодна, нечакана для арганізатараў акцыі, а Крэмль ўпершыню адчуў сябе ў ролі “стваральніка каралёў” на прасторах СНД.

Беларусь


І, нарэшце, яшчэ адной, амаль бездакорнай камбінацыяй, стаў трыюмф расейскіх спэцслужбаў у Беларусі.

Увосень 2010 году Пуцін канчаткова пасварыўся з беларускім дыктатарам Лукашэнкам. Мэханізм сваркі быў той жа, што і ў выпадку з Бакіевым: Лукашэнка ўзяў з Расеі грошы за прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, а прызнаць – не прызнаў.

Расійскае тэлебачаньне прынялося здымаць выкрывальныя стужкі пра Лукашэнку, а расейскія спэцслужбы – падтрымліваць апазыцыю на выбарах 19 сьнежня. Галоўная падтрымка аказвалася Андрэю Саньнікаву і Уладзімеру Някляеву. Менш дапамагалі Яраславу Раманчуку (які пасьля адзіны ня сеў у турму, а каяўся ў прамым эфіры). Зрэшты, Раманчук сустракаўся з Сурковым.

Я зусім не асуджаю беларускую апазыцыю. Супраць царскай улады – хоць у плямбаваным вагоне.

Пазыцыя Крамля на гэты раз была бяспройгрышнай. Атрымаецца выйграць -- будзе, як у Кіргізстане. Не атрымаецца – значыць, Бацька зьвернецца да рэпрэсій і стане канчаткова ня вартым пацісканьня рукі ў вачах Захаду. Дрэйф Бацькі ў бок Захаду (згоду Захаду сябраваць з Лукашэнкам у Крамлі, думаецца, моцна перабольшвалі) будзе спынены.

Рэалізаваны быў, як вядома, другі варыянт. Па падліках Андрэя Іларыёнава, рэальная колькасьць галасоў, пададзеных за Лукашэнку, не перавышала 40-44%, а Някляеў і Саньнікаў набралі ня менш за 16% кожны. Гэтыя вынікі, верагодна, прывялі Бацьку ў шаленства. Напружвацца, даказваючы сувязь апазыцыі і Крамля, яму наўрад ці хацелася.

Лукашэнка проста і груба арганізаваў правакацыю (штурм Дома ўрада) і арыштаваў ўсіх кандыдатаў, акрамя Раманчука, за спробу дзяржаўнага перавароту. Дарэчы, сярод лібэральных палітыкаў Андрэй Іларыёнаў быў адзіны, хто сказаў услых аб падтрымцы беларускай апазыцыі Крамлём.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што кіргіскі варыянт у Беларусі не атрымаўся. Скідаць «на халяву» можна толькі тую ўладу, якая і так на нагах не ставіць. А вось выставіць крывавым дыктатарам можна толькі таго, хто і на самай справе зьяўляецца крывавым дыктатарам.

Так ці інакш, усе гэтыя прыклады дэманструюць рашучы трыюмф расейскай зьнешняй палітыкі. Мэты гэтай палітыкі, праўда, дарэчныя былі б, хутчэй, у Італіі XIX стагодзьдзя, чым у глябальным сьвеце стагодзьдзя XXI. Але нельга не прызнаць, што гэтых мэтаў у 2010 годзе Крэмль дамогся, прычым цалкам.

04 студзеня 2011
Радыё Свабода

 
Дата публикации:04.01.2011
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:3769
 
Ключевые слова:
Выборы в Беларуси Российские спецслужбы Итоги выборов Оппозиция Оранжевые революции Кыргызстан Украина
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме