https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лукашэнка: Няма ніякай неабходнасці сёння падштурхоўваць людзей да датэрміновага галасавання


"Няма ніякай неабходнасці сёння падштурхоўваць людзей да датэрміновага галасавання. Людзей трэба прасіць, каб яны абавязкова прагаласавалі. А калі — гэта іх права", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 снежня на нарадзе па пытаннях выбарчай прэзідэнцкай кампаніі і арганізацыі грамадскай бяспекі ў гэты перыяд.
"Другі дзень, як пачалося галасаванне на выбарах прэзідэнта краіны. Я запрасіў вас для таго, каб адказныя асобы змаглі мне паведаміць пра тую сітуацыю, што сёння існуе ў нашай дзяржаве. Як праходзяць гэтыя два дні, ці ўсюды забяспечаны парадак, доступ насельніцтва да ўчасткаў галасавання? Ці ўсюды нам удалося вырашыць тыя праблемы, якія былі пастаўлены перад урадам, перад вамі па арганізацыі працэсу выбараў?" — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.

"Я, вядома, далёкі ад таго, каб верыць усяму таму, што сёння пішуць, асабліва ў гэтак званых апазіцыйных СМІ. Мы гэта чакалі. Так як мы чакалі, так яны і дзейнічаюць. Яны пачынаюць зараз абвінавачваць кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый у тым, што яны націскаюць на народ і прымушаюць ісці датэрмінова галасаваць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Яшчэ раз падкрэсліваю — гэта катэгарычна недапушчальна. Калі з-за нейкіх прычын трэба, каб людзі прагаласавалі датэрмінова, з ініцыятывы кіраўнікоў прадпрыемстваў або яшчэ з-за нейкіх там прычын, людзей трэба папрасіць, і апошняе слова — за людзьмі. Хочуць яны ісці датэрмінова галасаваць — няхай ідуць. Не хочуць — мы іх чакаем 19 снежня на ўчастках для галасавання".

Звяртаючыся да кіраўніка свайго выбарчага штаба Аляксандра Радзькова і члена штаба Віктара Шэймана, Лукашэнка сказаў: "Разбярыцеся, калі ласка, у штабе. Звяжыцеся з Адміністрацыяй прэзідэнта і ўдакладніце яшчэ раз, наколькі адпавядаюць сапраўднасці тыя заявы (там няма фактаў) гэтак званых апазіцыянераў аб тым, што "ўлады гоняць людзей табуном" на датэрміновае галасаванне. Разбярыцеся яшчэ раз. Ніякай спешкі ў нас быць не павінна. Калі людзі не могуць прагаласаваць 19-га, папрасіце, няхай прыйдуць прагаласуюць датэрмінова, і кропка. За каго галасаваць, людзі ўжо вызначыліся. Мы ўжо не ў стане (нас 10 чалавек кандыдатаў) нешта змяніць. Людзі вызначыліся. Таму трэба ім даць магчымасць спакойна прыйсці і прагаласаваць. Гэта наша задача, задача ўлады, усёй улады".

Ад кіраўнікоў праваахоўных органаў на нарадзе Лукашэнка запатрабаваў "не паддавацца ні на якія правакацыі": "Вядома, яны (апазіцыя) ўвесь час крычаць: "Плошча, плошча, плошча!" Яшчэ раз хачу сказаць: мы папярэдзілі бацькоў, мы папярэдзілі выкладчыкаў ВНУ, тэхнікумаў, каледжаў, ліцэяў, школ. Мы папярэдзілі аб магчымых правакацыях, якія могуць быць у гэты дзень, у тым ліку ў месцах масавага знаходжання людзей. Мы ўсіх папярэдзілі. Ёсць закон. Нельга ні ў якім выпадку паддавацца на правакацыі, таму што ім патрэбна карцінка, хаця б карцінка зараз, што вось, маўляў, такія "недэмакратычныя" ўлады, што Лукашэнка там "на касцях, на крыві зноў прыйшоў да ўлады". Ім гэта трэба. Мы ж падставіцца не павінны. Мы дакладна аддаем сабе ў гэтым справаздачу. Ні ў якім выпадку нельга падставіцца. Дзейнічаць трэба ў адпаведнасці са становішчам. Але самае галоўнае — не дай бог будзе ўчынена якая-небудзь правакацыя і не дай бог здарыцца нешта з людзьмі. Мы павінны абараніць людзей. Гэта задача праваахоўных органаў, і тут літасці нікому не будзе. Не дай бог толькі пераступіць хтосьці той Рубікон, да якога наогул нельга блізка падыходзіць. Анатоль Нілавіч (кіраўнік МУС Анатоль Куляшоў. — БелаПАН.), рэакцыя праваахоўных органаў, дый ваенных, павінна быць адэкватнай і жорсткай. Ідзіце з мірам (дэманстранты) туды, куды можна ісці, дзе вызначана месца. Ідзіце, калі ласка, размаўляйце, мітынгуйце. Але калі гэта парушэнне закону, то і рэакцыя павінна быць адэкватнай".

Прэзідэнт даручыў дзяржаўнаму сакратару Савета бяспекі Леаніду Мальцаву скаардынаваць дзеянні праваахоўных органаў. "Каб у нас не было ні мітусні, ні нейкіх там залішніх целарухаў. Вы ж добра разумееце, што калі б гэтыя "майстры" (апазіцыя) на нешта былі здольныя, яны сябе б так не паводзілі. Яны проста спрабуюць нас справакавать. Мы аддаем сабе ў гэтым поўную справаздачу. Ніякі народ яны на плошчу не выведуць. Народу не патрэбна ніякая плошча. Усе ж цудоўна разумеюць, што хлопцаў, падлеткаў кінуць наперадзе, а самі (арганізатары) схаваюцца, як звычайна, за іх спінамі або наогул уцякуць, як гэта было заўсёды. Нават падлеткі гэта цудоўна разумеюць", — зазначыў Лукашэнка.

"У нас дастаткова сіл і сродкаў, каб цывілізавана і разумна супрацьстаяць гэтым хістанням і разброду, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Трываласць улады сёння настолькі вялікая, што нам няма неабходнасці прымяняць нейкія там надзвычайныя метады. Але да ўсяго мы павінны быць гатовыя".

БелаПАН
Мінск, 15 снежня 2010




 
Дата публикации:16.12.2010
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3608
 
Ключевые слова:
Выборы в Беларуси Досрочное голосование
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме