Эканамічная мадэль, якую выпрацавала сённяшняя ўлада, была прыдатная для сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя і першых гадоў новага тысячагоддзя, але яна не адпавядае сучасным патрэбам краіны. Каб выправіць гэтае становішча, я і мая каманда распрацавалі праграму эвалюцыйнай Мадэрнізацыі Беларусі. Аснову гэтай праграмы складаюць эканамічны рост, эфектыўная дзяржава і актыўнае грамадства.
І. Эканамічны рост
Падмуркам развітой і багатай краіны заўсёды была і будзе канкурэнтаздольная гаспадарка. Аднак сёння мы становімся сведкамі таго, што наша эканоміка не дае рады з сусветнымі і рэгіянальнымі зменамі, а шматлікая бюракратыя, недасканалыя законы, заблытаная сістэма падаткаў і цэнтралізаваная ўлада замінаюць развіццю Беларусі. Паколькі самым надзейным паказчыкам паляпшэння жыцця грамадзян з`яўляецца павышэнне іх даходаў, то першая мэта маёй праграмы — гэта забеспячэнне эканамічнага росту.
Я выступаю ЗА:
* стварэнне празрыстых і зразумелых законаў, якія дапамогуць прыцягнуць у нашу краіну замежныя інвестыцыі і тэхналогіі;
* ахову прыватнай уласнасці і павышэнне ўзроўню эканамічных свабод;
* аптымізацыю падаткаў і шырокую падтрымку малога і сярэдняга бізнесу;
* адмену цэнавай рэгуляцыі на камерцыйныя тавары і паслугі;
* адлучэнне бізнесу ад структур улады і спецслужбаў;
* мадэрнізацыю горадаўтваральных прадпрымстваў беларускай прамысловасці;
* развіццё інфраструктуры і высокатэхналагічнай вытворчасці;
* укараненне новых метадаў кіравання і збыту;
* аптымізацыю працэдур адкрыцця і закрыцця бізнесу, ліцэнзавання, сертыфікацыі і фінансавай справаздачнасці;
* развіццё камерцыйных банкаў і даступных формаў крэдытавання;
* амністыю максімальна магчымай колькасці беларусаў, якія апынуліся ў турмах з прычыны іх уцягнутасці ў эканамічную дзейнасць;
* правядзенне зямельнай рэформы і дзяржаўную падтрымку фермерскіх гаспадарак;
* дыверсіфікацыю пастаўшчыкоў электраэнергіі і прыродных рэсурсаў;
* большую незалежнасць Нацыянальнага банка і ўзмацненне беларускай валюты;
* актывізацыю іпатэчнага крэдытавання;
* развіццё электроннай камерцыі, страхавых паслуг і інтэрнет-плацяжоў;
* усебеларускую інфарматызацыю і праграму аздараўлення публічных фінансаў;
* стварэнне Агенцтва фінансавага развіцця, якое будзе займацца ўскосным датаваннем беларускіх дзяржпрадпрыемстваў;
* стварэнне ўмоў для ўключэння шырокіх слаёў насельніцтва ў працэс акцыянавання беларускай эканомікі пасродкам пенсійных і страхавых фондаў;
* рэалізацыю нацыянальнай праграмы "Старт", накіраванай на падтрымку пачынаючых прадпрымальнікаў і канвеерны запуск новых бізнесаў;
* стварэнне інфармацыйна-кансультацыйных цэнтраў экспертных ведаў для малога і сярэдняга бізнесу і "інкубатараў прадпрымальніцтва";
* стварэнне нафтагазавага Кансорцыўма ў складзе Беларусі, Украіны, Еўрасаюза і Расіі, які будзе займацца пытаннямі транзіту энерганосьбітаў у Еўропу.
Каб паспяхова абараняць беларускія пазіцыі на міжнародных рынках, беларускім суб`ектам гаспадарання трэба дапамагчы ў справе засваення "законаў" эфектыўнага прасоўвання тавараў і паслуг. Маркетынг, РR і рэклама могуць стаць ключом да стварэння прывабнага іміджу нашай рэспублікі далёка за яе межамі.
Узаемадзеянне дзяржавы, навукі і бізнесу мусіць стаць крыніцай тэхналагічнага прарыву Беларусі. Я веру ў будучыню навуковых паркаў, актыўнае супрацоўніцтва навуковых устаноў з бізнесам і рэалізацыю пры фінансавай падтрымцы дзяржавы новых перспектыўных патэнтаў.
ІІ. Эфектыўная дзяржава
Дзяржава — гэта механізм, які павінен спраўна выконваць задачы, для якіх ён быў створаны, не абмяжоўваючы без пільнай патрэбы свабоды сваіх грамадзян. Прычым забеспячэнне гаспадарчага і тэхналагічнага лідэрства ў нашым рэгіёне палягае не столькі ў вынаходстве рэформаў, колькі ў якасці дзяржаўных інстытутаў, якія будуць ажыццяўляць гэтыя рэформы.
Я выступаю ЗА:
* незалежнасць судоў і ўвядзенне прынцыпу выбарнасці беларускіх суддзяў;
* узмацненне ролі парламента і Канстытуцыйнага суда, падпарадкаванне Генеральнай пракуратуры Нацыянальнаму сходу;
* рэформу выбарчага заканадаўства;
* вяртанне да канстытуцыйнай нормы, паводле якой адна асоба не можа быць прэзідэнтам больш за два тэрміны;
* абранне кіраўнікоў абласцей і мэраў гарадоў жыхарамі гэтых рэгіёнаў;
* свабоду слова і развіццё камерцыйных тэлеканалаў, радыёстанцый і газет;
* ліквідацыю ўсіх упраўленняў і аддзелаў па ідэалогіі і паступовую прыватызацыю дзяржаўных СМІ;
* павышэнне статусу ваеннаслужачых;
* захаванне дактрыны, якая грунтуецца на ваенным нейтралітэце Беларусі (пры гэтым беларускае войска дзеля падтрымання сваёй бояздольнасці павінна праводзіць сумесныя вучэнні як з Расіяй, так і з НАТО);
* пенсійную рэформу і стварэнне накапляльнай сістэмы з персанальнымі пенсійнымі рахункамі;
* канкурэнцыю прыватных пенсійных фондаў пры захаванні дзяржаўных сацыяльных пенсій;
* устанаўленне грамадскага кантролю над працай праваахоўных органаў;
* укараненне прынцыпу конкурснага прыёму на дзяржаўную службу і спрашчэнне вертыкалі на карысць мясцовых органаў самакіравання;
* актывізацыя палітычных адносін, якія маюць на мэце доступ да заходніх рынкаў, тэхналогій, інвестыцый і абарону інтарэсаў беларускіх фірмаў за мяжой;
* узаемавыгадныя сяброўскія дачыненні з Расіяй і краінамі СНД, стратэгічнае партнёрства з Еўрапейскім Саюзам і Украінай;
* уключэнне краіны ў міжнародную гандлёва-эканамічную сістэму і ўступленне ў Сусветную Гандлёвую Арганізацыю ў 2012 годзе;
* паніжэнне кошту шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян і ў перспектыве ўвядзенне бязвізавага рэжыму з Еўрасаюзам;
* прыцягненне прыватных фундатараў для мадэрнізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, павышэнне якасці і расшырэнне асартыменту камунальных паслуг;
* забеспячэнне празрыстасці і справядлівасці ў сістэме камунальных тарыфаў.
Ахова навакольнага асяроддзя мусіць стаць іміджаўтваральным элементам беларускай палітыкі. Я перакананы, што будаўніцтва ўласнай АЭС ніякім чынам не ўпісваецца ў канцэпцыю стварэння іміджу "Краіны блакітных азёр пад белымі крыламі". Больш таго, патэнцыйная эканамічная эфектыўнасць станцыі падаецца вельмі сумніўнай. Беларусі па сілах стаць адным з цэнтраў зялёнага руху ў Еўропе і свеце, краінай, якая выступае ініцыятарам абароны прыроды, экалагічна чыстых прадуктаў харчавання і развітой медыцыны, прыродаахоўных тэхналогій і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў. Гуманнасць беларускай дзяржавы павінна выказвацца ў стаўленні да жывёл. Неабходна адмовіцца ад знішчэння беспрытульных жывёл і стварыць для іх сістэму прытулкаў.
ІІІ. Актыўнае грамадства
Аснова дабрабыту Беларусі — гэта Мы, наш інтэлект, воля, ініцыятыва, наша самастойнасць і актыўная пазіцыя. Назапашванне сацыяльнага капіталу, якім з`яўляецца актыўнае і самадзейнае грамадства, стане залогам выхаду нашай краіны на новыя цывілізацыйныя далягляды.
Я выступаю ЗА:
* дэцэнтралізацыю палітычнай і эканамічнай улады на карысць рэгіёнаў;
* падзел шасці існуючых цяпер абласцей на 17 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак — паветаў — з наступнымі адміністрацыйнымі цэнтрамі: Брэст, Пінск, Мазыр, Гомель, Гродна, Баранавічы, Слуцк, Бабруйск, Ліда, Маладзечна, Барысаў, Магілёў, Крычаў, Глыбокае, Полацк, Віцебск, Орша; а таксама асобную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку —
г. Мінск разам з Мінскім раёнам;
* адмену кантрактнай сістэмы і ўдасканаленне заканадаўчай базы, прызванай абараніць правы працаўнікоў прыватнага і дзяржаўнага сектара, свабоду дзейнасці прафсаюзаў;
* адаптацыю сістэмы вышэйшай адукацыі да патрэб рынка, павышэнне сацыяльнага статусу настаўніка і пабудова эканомікі, заснаванай на ведах і інавацыях;
* скасаванне прымусовага размеркавання выпускнікоў ВНУ;
* інтэграцыю Беларусі ў еўрапейскую сістэму адукацыі і ўзаемнае прызнанне дыпломаў і адукацыйных стандартаў;
* увядзенне падатковых ільгот для фірмаў, якія інвестуюць у павышэнне ведаў і кваліфікацыі сваіх супрацоўнікаў;
* дынамічнае развіццё камерцыйных ВНУ і даступных формаў студэнцкага крэдытавання;
* сацыяльную інтэграцыю прадстаўнікоў уразлівых груп насельніцтва, пабудова грамадства роўных магчымасцяў;
* развіццё розных формаў медыцынскага страхавання;
* роўныя правы для рэлігійных канфесій, якія традыцыйна былі прадстаўленыя ў Беларусі (сюды мэтазгодна аднесці і пратэстантаў), і партнёрства дзяржавы і рэлігійных арганізацый у сферах, дзе такое супрацоўніцтва не супярэчыць пастулатам свецкай дзяржавы;
* аднаўленне і развіццё беларускай культурнай спадчыны;
* пашырэнне ўжывання беларускай мовы праз забеспячэнне грамадзян інфармацыяй аб дзейнасці дзяржаўных органаў на беларускай мове.
Надзвычай важнай умовай для захавання беларускай ідэнтычнасці з`яўляецца супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, першым чынам у Расіі, ЗША і краінах ЕС. Увядзенне "карты Беларуса" можа стаць сур`ёзным крокам да абароны права спадчынных беларусаў вярнуцца на гістарычную радзіму. Нам таксама трэба распрацаваць праграмы адаптацыі мігрантаў, якія пераехалі ў Беларусь з краін былога СССР.
Што тычыцца нацыянальных меншасцяў, то яны павінны мець у Беларусі шырокую аўтаномію і права захоўваць і развіваць свае традыцыі, культуру і мову.
Я перакананы, што эканамічны рост, эфектыўная дзяржава і актыўнае грамадства ў стане сфармаваць эканамічны, істытуцыянальны і сацыяльны капітал нашай краіны, які дазволіць Беларусі прэтэндаваць на ролю цывілізацыйнага лідара Усходняй Еўропы і забяспечыць яе грамадзянам годны ўзровень дабрабыту.
Я веру ў нашу Беларусь і веру ў яе патэнцыял, і сапраўды ведаю: У НАС УСЁ АТРЫМАЕЦЦА!
Аляксей Міхалевіч.
Звязда