"Прамудрасць збудавала сабе дом, выцесала сем слупоў яго... яна сказала: "
...пакіньце неразумнасць, і жывіце, і хадзіце шляхам розуму" (Прам. 9: 1, 7).
Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!
З глыбіні біблейскіх часоў гучыць заклік Бога да чалавека — ісці шляхамі ісціны і здзяйсняць падарожжа свайго жыцця шляхамі розуму.
Магчыма, хтосьці ўспрыме гэтыя словы толькі як літаратурны вобраз, пышную фразу, якая амаль не мае адносін да паўсядзённага жыцця і штодзённых праблем. Але гэта не так! Бо сёння мы святкуем падзею, якая для кожнага чалавека раскрыла дакладны і ясны сэнс гэтага Божага закліку.
Сёння нарадзіўся ў свет Сын Божы, Сын Чалавечы! І Ён сведчыў пра Сябе тымі самымі словамі і вобразамі, якія сыходзілі з вуснаў Яго Нябеснага Айца: "Я — шлях, і ісціна, і жыццё: ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як праз Мяне" (Ін. 14: 6).
Свет людзей, у якім заззяла Віфлеемская зорка Спасіцеля, жорсткі і саманадзейны. Але гэты свет здольны змяняцца, калі зварот да дабра адбываецца ў чалавечых сэрцах.
Нараджэнне і зямное служэнне Госпада Іісуса Хрыста, Яго словы і малітвы, самаахвярны подзвіг і ўваскрасенне з мёртвых сталі не толькі натхняльным прыкладам для хрысціян усіх часоў і народаў. Евангельская гісторыя і евангельскае вучэнне раскрылі перад чалавечым родам самыя падрабязныя настаўленні і парады, перасцярогі і нават прадказанні адносна таго, як зрабіць сваё жыццё паўнавартасным не толькі ў зямным вымярэнні, але і ў бессмяротнай вечнасці.
Дзіцятка Іісус нарадзіўся ў пячоры, дзе ў непагадзь гаспадары трымалі сваіх авечак. У Віфлееме, куды Святая Сям`я прыбыла для перапісу насельніцтва Рымскай імперыі, ёй не знайшлося месца ні ў перапоўненым заезным доме, ні ў доме людзей, якім належала пячора. Аднак гэта не было віною альбо сведчаннем жорсткасці сэрцаў жыхароў горада. Наадварот: тайна нараджэння чалавека ў свет заўсёды патрабуе адасобленасці для маці, а ў шумным горадзе і сапраўды не было месца больш прыдатнага.
Але як дзівосна і правідэнцыйна ўладкавала Божая Прамудрасць дом для Нованароджанага Богадзіцяці Хрыста! Паводле падання, у ноч Ражджаства ў пячоры адкрылася крыніца; тут былі яслі і збожжа. І калі маленькі Іісус, спавіты, быў пакладзены Прачыстаю Маці ў гэтую хлебную калыску, тады замкнулася сувязь часоў: у "горадзе хлеба", як перакладаецца слова "Віфлеем", у яслях, напоўненых хлебам, узлёг "хлеб жывы, які сышоў з неба" (Ін. 6: 51).
Прамудрасць стварыла для сябе дасканалы дом, заснаваны на Тайнах, якія раскрываюцца і робяцца зразумелымі і даступнымі ўжо не для вузкага кола абраных, а для кожнага чалавека. Гэты дом мы называем Царквою Божаю — Хрыстовай Царквой, якая створана Богам для людзей і складаецца з людзей, і Заснавальнік якой — Сын Божы, Сын Чалавечы.
Мы маем цудоўную традыцыю ўладкоўваць калядныя вярцепы ў храмах і ў дамах, у царкоўнапрыходскіх школах і наогул паўсюль, дзе людзі радуюцца Ражджаству Хрыстоваму. Але давайце працягваць гэтую традыцыю і ў паўсядзённым жыцці, уладкоўваючы нашы сем`і і нашы дамы як месцы знаходжання Бога. Давайце ўвасабляць Віфлеемскую святыню ў сваім жыллі і ў сваіх сем`ях, дзе не будзе месца ні смеццю, ні спрэчкам; дзе святло Ражджэственскай зоркі асвятляе словы і думкі; дзе багавейная цішыня любові і ўвагі да чалавека не падменьваюцца шумам пустаслоўя і бураю пажаднасцяў.
Гасподзь наш Іісус Хрыстос сказаў, што "не прыйдзе Царства Божае прыкметна, і не скажуць: "вось, яно тут" ці: "вось, там". Пры гэтым Спасіцель з асаблівай настойлівасцю падкрэсліў, кажучы Сваім суразмоўцам: "...вось, Царства Божае ўнутры вас" (Лк. 17: 20—21).
А гэта азначае, што дасканалы дом нашага жыцця — мара кожнага чалавека пра сямейны ачаг, пра ўласнае прасторнае і ўтульнае жыллё, пра непарушнае бацькоўскае лона — пачынаецца не з крэдытаў і не з праектаў, а з больш цвёрдай асновы. Увасабленне гэтай мары ў жыццё павінна пачынацца з рашучасці ўдасканальваць сваю асобу, уладжваць свае адносіны з блізкімі і далёкімі людзьмі, развіваць узаемаадносіны з Богам па законах Таго, Хто стварыў увесь гэты бачны і нябачны свет, — па законах Самога Тварца.
Бо, па сутнасці, ніхто з людзей не з`яўляецца гаспадаром свайго жыцця, і ўсе мы толькі дойліды па ўзвядзенні храма сваёй душы і свайго лёсу. Каго нам вінаваціць, калі ў гэтай якасці мы бываем хлуслівымі і несумленнымі, лянівымі і недапытлівымі, саманадзейнымі і жорсткімі? І хто вінаваты, калі храмы нашых сэрцаў у выпрабаванні аказваюцца ўбогімі хацінамі, і знешнія фасады не могуць схаваць унутранай спустошанасці? Сапраўды горкі прыклад чалавека, на якім спраўджваецца папярэджанне Тварца: "Калі Гасподзь не збудуе дом, то марна працуюць будаўнікі яго" (Пс. 126: 1).
Узлюбленыя браты і сёстры! Мне хацелася б падмацаваць сваю думку прыкладам з нашай агульнай гісторыі. Сёлета спаўняецца 850 гадоў з таго дня, калі прападобная маці наша Еўфрасіння, ігумення Полацкая, унесла выраблены па яе благаславенні ўздзвізальны крыж у Спаса-Праабражэнскі храм сваёй абіцелі.
Ці думала яна ў той час, што працягвае справу роўнаапостальнага князя Уладзіміра, ствараючы духоўную аснову Белай Русі, — аснову, на якой будзе ўзрастаць і ўмацоўвацца шматвяковая гісторыя беларускай духоўнасці і дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры і самабытнасці?
Ці прадбачыў майстар Лазар Богша, працуючы восем з паловай стагоддзяў таму над Полацкім крыжам, што на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў яго шэдэўр будзе ўзноўлены як сімвал гістарычнай, рэлігійнай і дзяржаўнай годнасці беларускага народа?
Ці думаў дойлід Іаан, бачачы відавочную дапамогу Божую ў будаўніцтве Спаса-Праабражэнскага храма, што гэты дом Гасподні стане духоўнай калыскай заходнерускага манаства і выстаіць перад усімі вогненнымі віхурамі, якімі будуць напоўнены наступныя восем з паловай стагоддзяў?
Кожны з іх і яшчэ сотні і тысячы рупліўцаў нівы Хрыстовай пакорліва і настойліва здзяйснялі справу свайго жыцця, да якой былі закліканы, і плады гэтых спраў знайшлі бессмяротнасць яшчэ ў цяперашняй зямной гісторыі.
Успамінаючы іх святыя імёны, мы заклікаем да асаблівай адказнасці за дзеянні сённяшніх дзён. Мы будуем наш агульнанацыянальны дом і клапоцімся пра яго лёс у прасторы дома агульнаславянскага, агульнаеўрапейскага і агульначалавечага. Якім яму быць, залежыць ад духоўнай і грамадзянскай якасці тысяч і мільёнаў дамоў і сем`яў суайчыннікаў нашых, ад прыгажосці храмаў душ нашых і набожнасці абіцеляў сэрцаў нашых.
У дзейсным усведамленні гэтага заключаецца прамудрасць нацыянальнага домаўладкавання. І на агульнанародным, і на асабістым узроўнях аднолькава важным застаецца абяцанне Таго, Хто нарадзіўся сёння ў Віфлееме — Госпада нашага Іісуса Хрыста: "Хто любіць Мяне, той выканае слова Маё; і Айцец Мой узлюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і абіцель у яго створым" (Ін. 14: 23).
Сардэчна вітаю з Ражджаством Хрыстовым усіх вас, дарагія браты і сёстры! Калядныя добрыя пажаданні накіроўваю суайчыннікам нашым, якія знаходзяцца за межамі беларускай Айчыны, і сведчу перад усім хрысціянскім светам вялікую радасць адкрыцця праз Ражджаство тайны Промыслу Божага: "Слава ў вышніх Богу, і на зямлі мір, у людзях добрая воля!" (Лк. 2: 14).
ФІЛАРЭТ,
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Ражджаство Хрыстова,
2010 / 2011 гг., Мінск.
Звязда
6 студзеня 2011