Дырэктыва ўтрымлівае дзевяць раздзелаў, "кожны з якіх сфакусаваны на ўстараненні існуючых бар`ераў, з якімі сутыкаюцца суб`екты прадпрымальніцкай дзейнасці".
Найменні гэтых раздзелаў "сфармуляваныя ў выглядзе канцэптуальных сістэмных патрабаванняў да ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх аб`яднанняў і грамадзян краіны":
1. Забяспечыць далейшае развіццё добрасумленнай канкурэнцыі суб`ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці незалежна ад формы ўласнасці.
2. Ствараць умовы для бесперашкоднага ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.
3. Ліквідаваць залішнія адміністрацыйныя бар`еры пры ўзаемадзеянні паміж дзяржаўнымі органамі і юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі.
4. Завяршыць гарманізацыю падатковай сістэмы Беларусі з дзейнымі ў еўрапейскіх краінах. Надаць падатковаму заканадаўству характар, які стымулюе добрасумленнае выкананне падатковых абавязацельстваў і дзелавую ініцыятыву.
5. Надаць кантрольнай (нагляднай) дзейнасці папераджальны характар, перайсці да пераважнага выкарыстання прафілактычных мер, накіраваных на прадухіленне правапарушэнняў пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці.
6. Удасканаліць інфраструктуру і сістэму фінансавання малога прадпрымальніцтва з мэтай актывізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і забеспячэння эфектыўнай падтрымкі прадпрымальніцтва (прававой, арганізацыйнай і фінансавай).
7. Выключыць залішняе рэгуляванне рынку працы.
8. Сфарміраваць прававую базу, якая стымулюе развіццё ў Рэспубліцы Беларусь механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
9. Забяспечыць адназначнае прававое рэгуляванне і стабільнасць заканадаўства, якое рэгулюе прадпрымальніцкую дзейнасць.
Аб тым, што дырэктыва, якую доўга чакалі суб`екты гаспадарання, будзе падпісаная, Лукашэнка заявіў 30 снежня.
"Дырэктыва не праблема, яна будзе, калі мы абяцалі. І мы знімем гэтай дырэктывай наогул усе праблемы і прэтэнзіі да органаў улады. Але трэба самому разумець, што бізнес залежыць толькі ад цябе", — сказаў беларускі кіраўнік.
Паводле слоў Лукашэнкі, бізнесмены павінны не чакаць дырэктывы, а пачынаць працаваць.
"Калі б у нас наогул не было бізнесу, то гэтае пытанне было б дарэчным. Дырэктыва павінна даць дадатковы штуршок да развіцця прадпрымальніцтва і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў краіне. А там, дзе вузкія месцы, яна павінна "расшыць" іх", — заявіў Лукашэнка.
"Дырэктыва па лібералізацыі павінна даць пэўны дадатковы штуршок. Так што калі хтосьці за мяжой ці ў нас чакае гэтай дырэктывы як манну нябесную, — гэта вялікая памылка. Трэба ўжо цяпер пачынаць працаваць, у нас для гэтага ўсё ёсць", — адзначыў беларускі кіраўнік.
Мінск, 31 снежня 2010
Мінск, 31 снежня 2010
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.