"Генеральная пракуратура заклікае грамадзян, прыхільнікаў альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, незалежна ад палітычных поглядаў і перакананняў не паддавацца на відавочна правакацыйныя заклікі і парушаць заканадаўства, не падводзіць пад небяспеку сябе і іншых асоб", — заявіў начальнік упраўлення Генпракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Павел Радзівонаў 10 снежня на сустрэчы з журналістамі.
Паводле яго слоў, 9 снежня афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства былі вынесены пяці кандыдатам у прэзідэнты: Мікалаю Статкевічу, Віталю Рымашэўскаму, Уладзіміру Някляеву, Яраславу Раманчуку і Андрэю Саннікаву. Прычынай для гэтага паслужылі іх заклікі да грамадзян сабрацца вечарам 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы Мінска.
Радзівонаў растлумачыў, што мерапрыемствы, якія праводзяцца ў гэты дзень, трапляюць пад дзеянне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, а не выбарчага заканадаўства, бо агітацыя ўжо будзе завершана. Паводле яго слоў, згодна з артыкулам 5 закона аб масавых мерапрыемствах асобы, якія арганізуюць масавую акцыю, не менш як за 15 дзён абавязаны звярнуцца з заявай у Мінгарвыканкам. Аднак па стане на 9 снежня ніякіх заяў аб правядзенні акцыі на Кастрычніцкай плошчы ні ад аднаго з кандыдатаў не паступала.
Пры гэтым Радзівонаў папярэдзіў: тыя, хто заклікае прыйсці на плошчу, будуць несці ў залежнасці ад наступстваў або адміністрацыйную, або крымінальную адказнасць. "Мы будзем кантраляваць выкананне папярэджання Генеральнай пракуратуры і ў выпадку яго ігнаравання прымаць меры", — сказаў начальнік упраўлення.
9 снежня работнікі Генпракуратуры звязаліся па тэлефоне з Някляевым, Статкевічам, Рымашэўскім і Раманчуком, і паколькі кандыдаты былі заняты ў сувязі з паездкамі па краіне, тэкст папярэджання ім быў зачытаны па тэлефоне. Паводле слоў Радзівонава, кожны з чатырох заявіў, што сутнасць папярэджання яму зразумелая. Гэтым кандыдатам у прэзідэнты тэкст папярэджання ўжо накіраваны па пошце.
З Саннікавым Радзівонаў сустрэўся вечарам 9 снежня, калі той праводзіў сустрэчу з выбаршчыкамі. "Запэўніваю, што яму падрабязна было растлумачана аб сутнасці патрабаванняў Генеральнай пракуратуры і прычынах вынясення афіцыйнага папярэджання. Аднак Саннікаў адмовіўся паставіць подпіс пад афіцыйным папярэджаннем", — сказаў прадстаўнік пракуратуры.
Афіцыйнае папярэджанне Статкевічу, Рымашэўскаму, Някляеву, Раманчуку і Саннікаву вынесена ў мэтах арганізацыі бяспекі грамадзян і правапарадку, а таксама няўхільнага захавання заканадаўства. "Іншага рашэння ў прававой дзяржаве быць не магло", — сказаў Радзівонаў.
Прадстаўнік пракуратуры растлумачыў, што першыя папярэджанні Статкевічу і Рымашэўскаму былі вынесены як кандыдатам у прэзідэнты і тычыліся недапушчальнасці парушэння выбарчага заканадаўства. А 9 снежня папярэджанні былі вынесены Статкевічу, Рымашэўскаму, Някляеву, Раманчуку і Саннікаву як грамадзянам аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Мінск, 10 снежня 2010
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН