Кожны год аўстрыйскія скаўты бяруць агонь ў месцы нараджэння Езуса Хрыста ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме і дастаўляюць яго самалётам у Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцяў у катэдральным касцёле ў Вене агонь перадаецца ў суседнія краіны.
Менавіта праз рукі скаўтаў Бэтлеемскі агонь пераадольвае шмат межаў і трапляе да ўсіх, хто чакае любові, веры і надзеі ў сваіх сем’ях, сваім доме, сваёй краіне. Агеньчык, як сімвал цяпла, міру і дабрабыту, любові да бліжніх і ўсяго свету, салідарнасці з беднымі, з’яднання з Хрыстом, які таксама нарадзіўся ў беднасці, падарожнічае з захаду на ўсход, мінаючы межы і аб’ядноўваючы хрысціян напярэдадні Нараджэння Пана.
Яшчэ ў ХІІ стагоддзі адзін з удзельнікаў Крыжовага паходу прывёз гэты агонь з Бэтлеема, як падарунак сваёй сям’і і блізкім, як сімвал дабра.
У гэтым годзе Бэтлеемскі агонь ужо ў адзінаццаты раз будзе прывезены ў Беларусь. Беларускім скаўтам яго перададуць 17 снежня 2010 г. на польска-беларускай мяжы каля Гродна польскія скаўты.
Сустрэча агню ў Мінску адбудзецца 18 снежня гг. у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. На пачатку св. Імшы ў 12.00 каталіцкія скаўткі і скаўты Еўропы ўрачыста ўнясуць Бэтлеемскі агонь у архікатэдру. Адтуль ён адразу будзе перададзены ў касцёл святых Сымона і Алены.
Потым Бэтлеемскі агонь будзе перададзены ў іншыя парафіі Мінска, Барысава, Івянца, Гомеля, Паставаў, Глыбокага і Лынтупаў.
catholic.by
10 снежня 2010