Шэсьце распачнецца ад парку Чалюскінцаў у Менску і завершыцца ва ўрочышчы Курапаты — Народным мэмарыяле памяці ахвяр палітычных рэпрэсій.
Сёлета акцыя рыхтуецца звыклым парадкам, кажа намесьнік старшыні партыі Юрась Беленькі.
"Перад "Дзядамі" ўжо ня трэба рабіць нейкіх надзвычайных высілкаў, каб прывесьці ўрочышча ў адпаведны выгляд, бо гэтая праца праводзіцца цягам году. Гэта асноўная практычная падрыхтоўка. Што тычыцца самой імпрэзы — падрыхтоўка арганізатараў, дружыны, — то гэта таксама рутынная паўсядзённая праца".
Кандыдат у прэзыдэнты ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў кажа, што таксама мае пляны паўдзельнічаць у "Дзядах", але гэтае пытаньне яшчэ будзе абмяркоўвацца з аднапартыйцамі:
"Канечне, у нейкім сэнсе партыя будзе прымаць удзел — мы яшчэ будзем сустракацца і абмяркоўваць, бо яшчэ ня ведаем сцэнару. Але, канечне, "Дзяды" для нас — знакавы дзень. Прынамсі, у мяне ў плянах ёсьць".
Пра свой частковы ўдзел у "Дзядах" заявіў і яшчэ адзін кандыдат у прэзыдэнты, лідэр партыі БСДП (Грамада) Мікола Статкевіч:
"У нас ёсьць сваё традыцыйнае мерапрыемства — мы ідзем на магілу заснавальніка партыі Міхася Ткачова. Але пэўную частку акцыі мы правядзем разам, хоць я не лічу дэманстрацыяй шэсьце па ходніках ад цэнтру. Але гэтая акцыя асаблівая, а таму — так".
Яшчэ адзін кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду Алесь Міхалевіч заявіў, што ня прыме ўдзелу ў Дні памяці, але не з ідэйных, а з тэхнічных прычынаў:
"У мяне зараз апошнія дні здачы подпісаў, а гэта вельмі вялікі арганізацыйны блёк працы. І, на вялікі жаль, не застаецца часу на ўдзел нават у такіх важных акцыях".
Лідэр руху "Гавары праўду" і кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў кажа, што ад удзелу ў "Дзядах" не адмаўляецца ні ў якім разе:
"Дзяды" — гэта ня толькі народная традыцыя, але і традыцыя дэмакратычнай грамадзкасьці ў змаганьні з гэтым рэжымам. Так што абавязкова буду браць удзел".
Кандыдат у прэзыдэнты ад партыі БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што ня толькі сам возьме ўдзел у "Дзядах", але і заклікае далучыцца да яе ўсіх неабыякавых людзей:
"Безумоўна, пайду на "Дзяды", тым больш што шэсьце будзе скіраванае на Курапаты. Мы мала ўзгадваем пра тагачасныя палітрэпрэсіі, і гэта жахліва. Бо калі мы будзем бяз памяці, як і тыя, хто зараз пры ўладзе, то чым мы ад іх будзем адрозьнівацца? І якое маральнае права мы маем падаваць сябе як альтэрнатыву ім? Таму "Дзяды", безумоўна, трэба працягваць і гэтую памяць несьці ў народ і пашыраць. Таму я пайду на "Дзяды" і заклікаю слухачоў вашага радыё, а таксама ўсіх неабыякавых людзей Беларусі далучацца да гэтага шэсьця".
Радыё Свабода
27 кастрычніка 2010
Галіна Абакунчык