https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Рынак жылля ў Беларусі


Попыт на сталічнае жыллё павялічыўся ў некалькі разоў.
Ужо амаль традыцыйна менавіта перад Новым годам патэнцыйныя пакупнікі сталічных кватэр пачынаюць больш актыўна цікавіцца варыянтамі прапановы на другасным рынку жыллёвай нерухомасці Мінска. Калі ў мінулыя гады другасны рынак ажываў толькі ў снежні, то сёлета кліенты агенцтваў нерухомасці пачалі больш актыўна "варушыцца" ўжо з другой паловы лістапада, паведаміў рэдакцыі кіраўнік агенцтва "БелЦТН", старшыня савета Беларускай асацыяцыі "Нерухомасць" Мікалай Прасталупаў.

У першую чаргу купляюць аднапакаёўкі коштам да 40 тысяч USD

На працягу года жыллё ў Мінску толькі таннела на фоне амаль нулявога попыту. Выключэннем быў толькі "кавалачак" лета ў чэрвені—ліпені, калі аднапакаёўкі патаннелі да 35—37 тысяч USD і актыўна скупляліся кемлівымі хлопцамі з грашыма. Сёння рэзкага патаннення кватэр не назіраецца, а самыя танныя аднапакаёўкі трымаюцца ў дыяпазоне 37—40 тысяч долараў. Праўда, калі летам на рынку былі толькі малыя аднапакаёвыя "хрушчоўкі", то цяпер па мінімальным кошце ў продажы з`яўляюцца і стандартныя кватэры ў дзевяціпавярховых панельных дамах з агульнай плошчай каля 33—34 квадратных метраў. Калі гэта не зусім "дабітая" былымі гаспадарамі кватэра, то яна будзе куплена абавязкова.

На другасным рынку жылля цяпер назіраецца нервовасць, калі кліенты часам самі не ведаюць, якую кватэру яны хочуць набыць, або — ці будуць купляць жыллё ўвогуле.

Кіраўнік агенцтва "БелЦТН" адзначае, што, калі летам адной ліквіднай кватэрай маглі цікавіцца за некалькі дзён 1—2 чалавекі, то цяпер такую кватэру за гэты час праглядае ўжо больш як 10 кліентаў. Сярэдняя колькасць праглядаў кватэр павялічылася ажно ў 3 разы.

Паводле статыстыкі інфармацыйнага каталога рэспубліканскага выдання "Нерухомасць Беларусі", сярэдні кошт квадратнага метра прапановы аднапакаёвых кватэр складае 1377 долараў, двухпакаёвых — 1370, трохпакаёвых — 1345, чатырохпакаёвых — 1300 долараў.

Разам з тым, як адзначае Мікалай Прасталупаў, сёння рэальным попытам карыстаюцца кватэры, калі кошт квадратнага метра двухпакаёўкі вагаецца ў межах 1220—1270 долараў, аднапакаёвыя кватэры — каля 1300, а трохпакаёвыя — 1200 долараў. У залежнасці ад зручнасці месцазнаходжання дома, паверха, якасці аздаблення, планіроўкі і іншых фактараў, канчатковы кошт кватэры можа карэктавацца на плюс-мінус 3—5 тысяч долараў. А вось зніжкі на кватэры сёння прапануюцца мінімальныя, бо прадаўцы ўбачылі, што патэнцыйных пакупнікоў стала значна больш.

Актыўнасць пакупнікоў працягнецца да Новага года

Згодна з інфармацыяй Мікалая Прасталупава, цяпер на другасным рынку сталічнага жылля знаходзіцца каля 8,5 тысячы кватэр, з якіх каля 5 тысяч аб`ектаў прапануецца на продаж па завышаным кошце без вялікага шанцу на рэальную рэалізацыю. Праўда, сёлета ўжо большая частка прадаўцоў згаджаецца перапісваць свае цэннікі, каб гадамі не пакідаць свае кватэры ў каталогах мёртвым грузам. З жыллём па яўна завышаным кошце агенцтвы нерухомасці сёння ўжо амаль не працуюць. Наш эксперт упэўнены, што кватэры ў Мінску будуць актыўна набывацца максімум да 25 снежня. А вось потым на працягу студзеня і лютага на рынку чакаецца мёртвы сезон.

Павелічэнне попыту справакавалі чуткі аб магчымым павелічэнні сабекошту будаўніцтва?

Асобныя спецыялісты рынку нерухомасці звязваюць павелічэнне актыўнасці патэнцыйных пакупнікоў жылля з тым, што такім чынам людзі з грашыма спрабуюць фінансава засцерагчы сябе ад "магчымай дэвальвацыі". Праўда, апошнімі днямі галоўны банкір краіны запэўніў насельніцтва, што беларускі рубель няма неабходнасці абясцэньваць. Старшыня Нацыянальнага банка краіны паведаміў, што калідор ваганняў курса рубля да валютнага кошыка запланаваны на 2011 год у межах плюс-мінус 8 працэнтаў.

Усё гэта так, але цяпер кліенты з грашыма спрабуюць прагназаваць сітуацыю самастойна. Тым больш што ў інтэрнэце і некаторых СМІ пачынаюць гуляць чуткі аб тым, што пасля Новага года з улікам новых цэн на энерганосьбіты можа істотна павялічыцца і кошт будаўніцтва жылля. Аднак гэта не зусім адпавядае галоўным прыярытэтам будаўнічай галіны, якія прадугледжваюць будаўніцтва ў бліжэйшыя гады каля аднаго квадратнага метра жылля ў год на кожнага жыхара краіны з захаваннем якасці гэтага будаўніцтва і стрымліванне ў эканамічна абгрунтаваных межах рост цэн на жыллё. Маецца на ўвазе такі параметр, каб кошт квадратнага метра кватэры адпавядаў узроўню сярэдняга заробку чалавека за месяц. Нагадаю, што сёлета сярэдні кошт квадратнага метра для чаргавікоў складаў 500—650 долараў. Прыкладна на такім узроўні павінен застацца кошт жыллёвага квадрата і ў наступным годзе, паведаміў рэдакцыі начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль.

Павялічыць даступнасць жылля паспрыяе і апошняе рашэнне кіраўніка дзяржавы, якое дазваляе асобам з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў атрымліваць ільготныя крэдыты ў памеры 100 працэнтаў ад кошту будаўніцтва. Адначасова прынята рашэнне аб абавязковай здачы жылля ў шматкватэрных дамах з поўным аздабленнем, з улікам інтарэсаў грамадзян, якія змогуць выбіраць варыянты ўласнага аздаблення кватэры.

Спецыялісты рынку жыллёвай нерухомасці не выключаюць варыянта, што чуткі аб магчымым падаражанні будаўніцтва былі наўмысна "ўкінуты" ў межах піяр-кампаніі прыватнымі камерцыйнымі забудоўшчыкамі. Не сакрэт, што сёння асобныя камерцыйныя арганізацыі маюць сур`ёзныя цяжкасці пры рэалізацыі ўжо пабудаванага жылля.

Вялікі выбар долевага будаўніцтва

Сёлета на першасным рынку жылля існуе шмат варыянтаў па долевым і камерцыйным будаўніцтве. Самыя дарагія кватэры прапануюцца кліентам у новым маналітным доме ў цэнтры Мінска ў раёне вуліцы Арлоўская. Там квадратны метр каштуе ў межах 2 тысяч долараў. У жылым квартале "Маскоўскі", побач з вуліцай Голубева, квадратны метр кватэр у новым жылым доме прапануецца забудоўшчыкамі па кошце ў межах 1150—1350 долараў.

Ёсць магчымасць будаваць элітныя кватэры ў 19-павярховым доме ў квартале вуліц Сурганава—Акадэмічная. Квадратны метр у такіх кватэрах будзе каштаваць ад 1450 да 1700 долараў. Плануецца, што дом будзе здадзены ў ІV квартале 2011 года. Па лініі долевага будаўніцтва жыхарам сталіцы прапануюцца значна таннейшыя варыянты. Напрыклад, група кампаній "Твая сталіца" пачынае заключаць дагаворы на долевае будаўніцтва ў мікрараёне "Каменная горка", дзе квадратны метр кватэр у шматпавярховым доме каштуе ад 950 долараў. У новым мікрараёне побач з метро Аўтазаводская, побач з вуліцай Адэскай долевае будаўніцтва квадратнага метра каштуе ад 900 долараў.

Старшыня савета Беларускай асацыяцыі "Нерухомасць" адзначае, што менавіта ў лістападзе актыўна заключаюцца дагаворы долевага будаўніцтва, калі кошт жыллёвага квадрата складае не больш як 1150 долараў. Галоўным чынам у кліентаў добрым попытам карыстаюцца адна- і двухпакаёвыя кватэры, а вось трохпакаёвыя кватэры з агульнай плошчай каля 100 квадратных метраў патэнцыйных гаспадароў пакуль не маюць. Тут трэба адзначыць, што агучаны кошт камерцыйнага жылля прадугледжвае кватэры без аздаблення. Зразумела, што больш-менш якаснае аздабленне будзе каштаваць гаспадару кватэры яшчэ каля 25—30 працэнтаў ад кошту жылля.

Крэдыты на агульных падставах і спецыяльная прапанова

Максімальны ўзровень працэнтных ставак па камерцыйных жыллёвых крэдытах у пачатку года дасягаў 22—26 працэнтаў гадавых. Потым Нацыянальным банкам і ўрадам краіны прымаліся актыўныя меры па зніжэнні працэнтных ставак, якія сёння склаліся на ўзроўні 17—18,5 працэнта. Мікалай Прасталупаў паведамляе, што цяпер насельніцтва пачало больш актыўна карыстацца такімі крэдытамі для набыцця і будаўніцтва жылля. Для развіцця долевага і камерцыйнага будаўніцтва канкрэтных забудоўшчыкаў ці асобных аб`ектаў прыватныя банкі пачалі прапанаваць спецыяльныя ўмовы крэдытнай падтрымкі. Напрыклад, у БПС-Банка існуе спецыяльная крэдытная прапанова, дзе стаўка для чаргавікоў складае 13,5 працэнта, а на агульных падставах — 16,5 працэнта гадавых. Для кліентаў, якія паспрабуюць будаваць дарагія кватэры па вуліцы Сурганава, забудоўшчык "Арэса-Сэрвіс" сумесна з БПС-Банкам прапануе танную праграму крэдытавання, дзе працэнтная стаўка на агульных падставах складае 12,5, а для чаргавікоў — 10 працэнтаў.

Сяргей Куркач
Звязда
26 лістапада 2010

 
Дата публикации:26.11.2010
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3493
 
Ключевые слова:
Стоимость жилья в Беларуси Рынок жилья
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме