Але давайце паразважаем, ці навучыліся мы, беларусы, вырабляць такую прадукцыю, і, што не менш важна, правільна і выгодна гандляваць ёй? Сёння мы пагутарылі на гэтую тэму з Андрэем Несцяровічам, кіраўніком Цэнтра садзейнічання экспарту пры Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, заснавальнікам УП "Белрэзерв":
— Андрэй Валер`евіч, калі вы заўважылі, то асабліва ў апошні час мы ўсё часцей і часцей чуем пра тое, што трэба актыўна павялічваць экспарт. Як вы лічыце, ці гатовыя да гэтага нашы прадпрыемствы?
— Скажу так: у нас ёсць шэраг тавараў, якія, напрыклад, з-за вялікага транспартнага пляча будуць неканкурэнтаздольнымі — іх везці на вялікія адлегласці проста немэтазгодна, бо кошт перавозкі будзе перавышаць кошт самога тавару. А вось што тычыцца тавараў з высокай дабаўленай вартасцю, у якія закладзена шмат працы і камплектуючых, то тут Беларусь цалкам можа канкурыраваць з Захадам.
— І што гэтаму перашкаджае?
— Для таго, каб прадаваць прадукцыю на экспарт, спачатку трэба пачаць прасоўваць інфармацыю пра гэтую прадукцыю. Калі няма інфармацыі ў пэўных рэгіёнах, то не можа быць і гаворкі пра больш-менш сістэматычныя продажы туды. Бо там нас ніхто не ведае, не ведаюць спажывецкіх якасцяў нашай прадукцыі, адпаведна і імавернасць заключэння здзелкі атрымліваецца вельмі нізкая.
— Даводзіць інфармацыю аб прадукцыі нашы прадпрыемствы яшчэ не навучыліся?
— Давайце нават не будзем разглядаць праблемы зносінаў з рэгіёнамі з іншымі часавымі паясамі, што, у прыватнасці, з`яўляецца дадатковай цяжкасцю для нашых аддзелаў маркетынгу, а проста возьмем тыя рэгіёны, дзе часавы пояс адрозніваецца на плюс-мінус 2-3 гадзіны. Супрацоўнікі аддзелаў маркетынгу не ўмеюць апрацоўваць уваходную і зыходную карэспандэнцыю, не ўмеюць правільна складаць камерцыйныя прапановы і падаваць інфармацыю. Адкрыйце любы каталог — інфармацыя лінейна перакладаецца на англійскую ці якую іншую мову. Паказваеш замежніку — ён усё разумее, але калі спытаеш: "Джон, табе падабаецца?". "Так, падабаецца. Прыгожы буклет. Але я б так не пісаў". І высвятляецца, што ў нас камерцыйна непрывабныя тэксты — шмат непатрэбнай і нязначнай інфармацыі, шмат "сухой" мовы. А пісаць жа трэба так, каб замежніку гэта было блізка і зразумела!
— У нас няма добрых спецыялістаў у гэтай галіне?
— Так, шмат дзе на прадпрыемствах наогул адсутнічаюць спецыялісты, якія могуць адэкватна і на патрэбным узроўні весці перамовы з замежнікамі. Калі, скажам, сакратарка і ведае англійскую мову, то яна не разбіраецца ў тэхнічных тонкасцях і нюансах. Нават калі на прадпрыемстве ёсць спецыялісты па знешнеэканамічнай дзейнасці, то іх адзін ці два, а сістэмы кіравання імі няма. І яны, такім чынам, проста фізічна не ў стане апрацоўваць масіў пастаўленых задач, а выхад на замежны рынак — гэта дастаткова складанае мерапрыемства, асабліва калі рынак вузкі і спецыялізаваны.
— Што скажаце наконт кіраўнікоў прадпрыемстваў?
— А кіраўніцтва прадпрыемстваў, асабліва дзяржаўны, проста не ставіць перад сабой задачы выходзіць на новыя рынкі. Я б гэта назваў адсутнасцю матывацыі. Бо тэма складаная, трэба над ёй сур`ёзна працаваць і ўпірацца. Хто будзе ўпірацца? Прыватнік, бо гэта яго жыццё, яго грошы, яго супрацоўнікі і гэтак далей. А ў дзяржструктуры няма сапраўднай матывацыі. Адсюль выцякаюць праблемы з персаналам, нежаданне браць на працу новых людзей і ўкладваць грошы, чамусьці вучыцца.
— Значыць, усе праблемы ў кіраўніцтве?
— Мне падаецца так. Бо правільна кажуць, што рыба гніе з галавы — калі праблемы ў самой арганізацыі, то, значыць, праблемы ў кіраўніцтве. Скажам, калі вас у рэстарацыі дрэнна абслужыў афіцыянт і вы пакінулі негатыўны водгук у кнізе скаргаў, то гэтая праблема не афіцыянта, а кіраўніцтва: яно не змагло як след гэтага афіцыянта навучыць правільна працаваць.
— А калі параўноўваць год 2010 і, скажам, 2006-ты: ёсць пэўныя зрухі ў разуменні таго, што экспартам трэба сур`ёзна займацца?
— Шчыра кажучы, калі меркаваць па нашых кіраўніках дзяржпрадпрыемстваў, то ніякіх зрухаў я не заўважыў. У іх толькі з`явілася больш напружанасці, бо пытанні экспарту ўсё часцей і часцей уздымаюцца на вельмі высокім узроўні. А па-сутнасці праблема карэнным чынам ніяк не змянілася, а месцамі і завяла людзей у тупік: зараз кожны другі кажа, што мы ўсю інфармацыю размяшчаем на сайце. А якая ад гэтага карысць? Сайт прадпрыемства не з`яўляецца інструментам знешнегандлёвай дзейнасці. Для таго, каб ён працаваў на замежныя краіны, неабходныя вельмі салідныя маркетынгавыя бюджэты на кантэксную рэкламу, на пошукавую аптымізацыю, на банэрную рэкламу і гэтак далей. А не кожнае прадпрыемства рызыкне выдаткоўваць дзясяткі тысяч долараў у месяц на такі крок, бо грошы могуць быць патрачаныя, а эфекту не будзе ніякага. А далей прыйдзе КДК і спытае за гэтыя грошы. І гэта яшчэ адна праблема нашых кіраўнікоў. Яны баяцца выкарыстоўваць новыя інструменты, бо не ведаюць іх эфектыўнасці: лепей я нічога не буду рабіць, чым нешта атрымаецца не так і з мяне потым спытаюць..
— А калі адкінуць дзяржаўныя прадпрыемствы і пагаварыць пра прыватныя: там матывацыя ў кіраўнікоў ёсць?
— Там усё нармальна, яны дакладна разумеюць сваю стратэгію паводзінаў на знешніх рынках і адпаведна будуюць сваю збытавую структуру. Калі кіраўніцтва і супрацоўнікі добра разумеюць мэту, скажам, выйсці на рынак мяккіх цацак у Германіі і заняць там 0,5%, то яны пад гэтую мэту і распрацоўваюць сваю стратэгію. Я нядаўна гутарыў з адным бізнэсмэнам, і ён мне расказаў, як у іх наладжаная дылерская сетка. У іх ёсць цэлы аддзел, які накіраваны на Лацінскую Амерыку. Людзі ведаюць партугальскую, французскую, іспанскую мовы, выходзяць на працу ў іншы час, каб супадалі часавыя паясы і гэтак далей — яны працуюць толькі ў гэтым напрамку. Так што, калі падсумоўваць, я лічу прыватны бізнэс болей паспяховым у прасоўванні прадукцыі за мяжу. І магу параіць дзяржпрадпрыемствам: выкарыстоўвайце тыя ж інструменты і методыкі, якімі карыстаюцца прыватнікі. Не трэба лічыць, што зрабілі сайт, пераклалі яго на англійскую і французскую мовы — і ўсё. Гэта састарэлыя інструменты, трэба карыстацца тым, чым карыстаецца сёння ўвесь цывілізаваны свет.
— І чым жа заходнія краіны сёння карыстаюцца?
— Я маю на ўвазе электронныя гандлёвыя вэб-платформы накшталт Alіbaba.com, EC21, AllBіz, якія існуюць каля 10 гадоў і на Захадзе перасталі быць нечым незвычайным. А для Беларусі гэта інавацыйны інструмент: не ўсе ім паспрабавалі пакарыстацца, не ўсе вераць у яго, нават не ўсе ведаюць пра яго. Але для Беларусі такая сітуацыя не ўнікальная: тое самае і ў Расіі, і ва Украіне, хоць там працэнт карыстальнікаў электронных рынкаў больш высокі. Што даюць электронныя вэб-платформы? Гэта — як электронныя рынкі накшталт інтэрнэт-крамаў eBay ці Amazon.com, толькі накіраванасць не рознічная, а аптовая. За кошт добрай раскручанасці іх наведвае ад 5 да 35 мільёнаў чалавек штомесяц, таму знаходжанне прадукцыі ў гэтых сістэмах з`яўляецца 99,99% гарантыі таго, што ёй зацікавяцца. Электронны рынак — гэта вельмі эфектыўны інструмент прасоўвання інфармацыі пра прадукцыю за мяжу.
— Ёсць прыклады выкарыстоўвання нашымі беларускімі прадпрыемствамі магчымасцяў гэтых электронных гандлёвых пляцовак?
— Так, мы, напрыклад, супрацоўнічаем з Глыбоцкім малочнакансервавым камбінатам, ААТ "Чырвоны харчавік", МТЗ, "МінскКрышталь" і іншымі. Я хачу адзначыць, што беларусам не трэба прыдумляць нешта новае ў міжнародных адносінах, а трэба браць усё лепшае з Захаду, пераносіць сюды і тут расціць, толькі афарбаваць у свае колеры, каб гэта было нацыянальным. І ўсё — галоўнае правільна выкарыстаць ужо прыдуманае, як калісьці зрабілі японцы, якія перанялі ўсё лепшае з Захаду.
— Якія выдаткі і які эфект ад размяшчэння на міжнародных электронных гандлёвых пляцоўках?
— Бюджэты тут вельмі ліберальныя — ад 1 да 3 тысяч долараў за год. Гэта цалкам адэкватныя лічбы, супастаўляльныя з выдаткамі прадпрыемства на паліграфію, нават і меней. А эканамічны эфект можа быць вельмі і вельмі добры: напрыклад, адно з прадпрыемстваў выйшла на заказ 8 тысяч дзвярэй для іранскага пасёлка. Гэта сур`ёзны заказ, і, патраціўшы 500 долараў на ўдзел у электронным рынку, прадпрыемства будзе зараз амаль квартал працаваць на знойдзены там заказ. Бывае, вядома, што і ніводнага кантракту не атрымліваецца — тут як пашанцуе. Але як сведчыць статыстыка, за апошні год на 27% болей прадпрыемстваў у свеце стала ўдзельнічаць у электронных гандлёвых вэб-платформах.
— Скажыце, як вы наогул лічыце: ці ёсць што паказаць нашай краіне? Чым — амаль на 100 % — мы можам зацікавіць замежных пакупнікоў?
— Калі не браць у разлік абмежаванні па дакументах, то ў нас вельмі добрыя харчовыя тавары, прыгожыя вырабы з дрэва. Вельмі цікавяцца замежнікі нашымі навуковымі распрацоўкамі, хоць, як я гляджу, наша Акадэмія навук зусім не ўмее падаць свой прадукт, каб гэта было камерцыйна прывабна. Магчыма, можам зацікавіць фарфорам, адзеннем... Вялікая цікавасць ёсць у галіне альтэрнатыўнай энергетыкі.
— Якія прагнозы можаце даць наконт далейшага экспартнага развіцця нашай краіны?
— Я думаю, што развіццё экспарту пойдзе не рэвалюцыйным шляхам, а эвалюцыйным. Будзе дастаткова складана, пакуль не зменіцца пласт кіраўнікоў. Як толькі на змену старэйшаму пакаленню прыйдуць новыя кіраўнікі — справа зрушыцца з месца. А пакуль рэвалюцый тут не будзе, усё павінна развівацца паступова.
Гутарыў Павел Бераснеў
Звязда
2 кастрычніка 2010