Цяпер ужо былы мэр Масквы доўгія гады быў адным з найбольш уплывовых палітычных паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў Расеі. Стасункі Аляксандра Лукашэнкі з Крамлём мяняліся, перажывалі розныя пэрыяды, а за апошнія месяцы зьведалі наймацнейшы крызіс. Аднак усё гэта ніяк не ўплывала на палітычнае сяброўства Лукашэнкі і Лужкова. Мэр Масквы быў частым госьцем у Менску, адкрываў тут бізнэс-праекты, зь іншага боку — павялічваліся пастаўкі беларускай прадукцыі ў Маскву.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што адстаўка Лужкова азначае моцны ўдар па пралукашэнкаўскім лобі ў Расеі:
«Адстаўка Лужкова — гэта ўнутрыпалітычная расейская падзея, але яе кругі даходзяць да Менску. Такім чынам Мядзьведзеў — мэтанакіравана ці выпадкова — пачаў „адстрэл“ пралукашэнкаўскага лобі ў Расеі. Лужкоў быў адным са слупоў, на якім трымалася прысутнасьць Лукашэнкі ў Маскве. Можа, гэта пачатак, які будзе мець наступствы для іншых прадстаўнікоў пралукашэнкаўскага лобі ў Расеі.
Зь іншага боку, нам трэба чакаць, што дуэт Лужкоў-Батурына ў хуткім часе можа актывізаваць сваю дзейнасьць у Беларусі. Я думаю, што мы яшчэ неаднаразова сутыкнёмся зь іхнімі прозьвішчамі падчас абмеркаваньня тых ці іншых „прыхватызацыйных“ рашэньняў, што будуць прымацца ў Беларусі»
Аналітыкі цяпер праводзіць паралелі з тым, наколькі падобна падкантрольныя Крамлю СМІ вялі інфармацыйную вайну супраць Лужкова і Лукашэнкі. Дастаткова сказаць, што ў праграмы НТВ «Справа ў кепцы» тыя ж самыя аўтары, што і ў антылукашэнкаўскага сэрыялу «Хросны бацька».
Рэдактар Інтэрнэт-праекту «Мы» Кірыл Пазьняк вылучае палітычныя і эканамічныя наступствы адстаўкі Юрыя Лужкова:
«Я бы прыцягнуў увагу на тое, што супраць Лужкова Крэмль дзейнічаў тымі ж мэтадамі, як і супраць Лукашэнкі. Калі б Лукашэнка быў нейкім губэрнатарам, то яго чакаў бы лёс Лужкова — аднак простым указам беларускага прэзыдэнта ня зрынеш. Аднак гэта можа сьведчыць, што намеры Масквы ў дачыненьні да Лукашэнкі вельмі сур’ёзныя. Як мінімум, Лукашэнка згубіць падтрымку маскоўскага лобі.
Але гэта будзе тычыцца толькі падтрымкі палітычнай. Бо эканамічна шчыльныя адносіны Беларусі і ўраду Масквы застануцца. Тым больш цяпер, калі эканамічная сытуацыя ў Расеі няпростая, і яны асабліва зацікаўленыя ў беларускай прадукцыі. Таму прыпыненьня гандлёвых адносінаў не адбудзецца.»
Зусім нядаўна, віншуючы Юрыя Лужкова зь 74-годзьдзем, Лукашэнка «выказаў упэўненасьць, што і ў далейшым Юры Лужкоў будзе ўносіць важны ўнёсак ва ўмацаваньне ўзаемавыгадных беларуска-расейскіх дачыненьняў». Выглядае, аднак, што гэты ўнёсак Лужкову давядзецца ўносіць ужо ў якасьці звычайнага пэнсіянэра
28 верасня 2010
Віталь Цыганкоў
Радыё Свабода