https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Кітайцам у другі раз не ўдалося сабраць ураджай з беларускай зямлі


Чарговы інвестыцыйны праект на Пружаншчыне сарваўся: цяпліцы з Кітая так і не даехалі, а капуста і памідоры параслі бур`яном. Цяпер мясцовыя ўлады вырашаюць, што рабіць з другім кітайскім калгасам.
На пачатку года ў Пружанскім райвыканкаме зарэгістравалі кітайскае аграпрадпрыемства — “СінаБелАгра”. Зямлю ім выдзелілі ў Шчэрчаўскім сельсавеце. Гэтая спроба арганізаваць на беларускай зямлі кітайскую гаспадарку стала другой за апошнія два гады: летась там няўдала ладзілі гаспадарку кітайцы з замежнага прадпрыемства “Шэнян”. Тады, нягледзячы на нядрэнны ўраджай, “Шэнян” збанкрутаваў, кітайцы раз’ехаліся і гаспадарка развалілася.

“Новыя” кітайцы атрымалі не толькі тую ж самую зямлю, але і вырошчваць збіраліся тую ж самую гародніну, што і іх папярэднікі, — капусту, памідоры, агуркі, баклажаны і гэтак далей. Але і вынік працы, як стала вядома Еўрарадыё, стаў гэткім жа, як і ў папярэднікаў, распавяла намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Марыя Сцепанюк.

Марыя Сцепанюк: “Пасадзілі яны 44 гектары ранняй капусты — яна зарасла бур’яном і пагніла. Нічога там няма. Што яны пра дыні і кавуны вялі размову, то, магчыма, нешта гэта і было. Поле было не зарослае, і я бачыла, што лісце нармальнае было. Моркву яны садзілі на пачатку ліпеня, познюю. Але я яе не бачыла і не веру, што яна можа быць там. Садзілі яны і памідоры насеннем. Я іх бачыла сярод пустазелля, і нават два памідоры былі завязаліся, але гэта несур’ёзна ўсё”.

У прадпрыемства “Шэнян” працавала каля 100 кітайцаў. “СінаБелАгра” складаецца з 12 выхадцаў з Паднябеснай на 100 гектараў зямлі. Спецыялісты, кажа Марыя Сцепанюк, настойліва раілі не забывацца апрацоўваць пасаджанае сродкамі абароны. Але кітайцы аказаліся цяжкімі на пад’ём.

Марыя Сцепанюк: “Мы настойліва рэкамендавалі ім папрацаваць са сродкамі абароны. А яны — пакуль разжуюць, пакуль стэлефануюцца з Брэстам, выйдуць на Мінск — ужо і тэрміны выйшлі. Там жа мусіць быць пэўнае развіццё раслін: да ўзыходу, пасля ўзыходу, у іншых фазах развіцця раслін. А там… Пакуль там нічога сур’ёзнага не атрымалася”.

Летась амбасадар Беларусі ў Кітаі Анатоль Тозік заявіў, што ў самы бліжэйшы час на пружанскай зямлі будзе рэалізаваны чарговы кітайскі інвестыцыйны праект: там пабудуюць цяплічны комплекс. Паводле плану, да кожнай з цяпліц, якіх мае быць некалькі сотняў, будзе прыбудаваная хатка, дзе паселіцца па кітайскай сям’і. А гэта — каля тысячы чалавек. Вагоны з цяпліцамі нібыта ўжо стаяць на мяжы і чакаюць ільготнай растаможкі.

У сакавіку намеснік дырэктара “СінаБелАгра” Вячаслаў Паноў расказваў Еўрарадыё пра тое, што “іх” кітайцы плануюць пабудаваць 10 вялікіх цяпліц, якія будуць працаваць круглы год, і некалькі сезонных. Але як паведаміла намеснік старшыні райвыканкама, у раён не тое што не даехалі кітайскія цяпліцы — “мясцовыя” кітайцы не здолелі пабудаваць цяпліцы з тутэйшых матэрыялаў.

Марыя Сцепанюк:
“Цяпліцы, якія ішлі вагонамі,— яны так і не дайшлі. Штосьці яны пачалі будаваць з жардзін — не дабудавалі. Пачалі яны нейкую канструкцыю сваю збіраць — так яна раскіданая і стаіць на полі. Нічога яны не давялі да канца”.

Яшчэ Вячаслаў Паноў расказваў пра тое, што на працу ў гаспадарку будуць браць мясцовых жыхароў, якім абяцалі плаціць не менш як 20-25 тысяч рублёў за дзень. Але ў мясцовым фельчарска-акушэрскім пункце Еўрарадыё паведамілі, што ніхто з сялян на працу да кітайцаў так і не пайшоў.

Супрацоўніца ФАП:
“Хто тут асабліва пойдзе са сваёй працы зрывацца і ў іх за 25 тысяч працаваць? У лесе людзі на ягадах ды грыбах заробяць больш за 25 тысяч. І тут сезонная праца, і там сезонная”.

Увогуле, кажа, у вёсцы кітайцаў асабліва не відаць — яны ці то ў полі, ці то сядзяць у бараку на тэрыторыі былога вайсковага гарадка. Па дапамогу да медыкаў звярталіся толькі двойчы — падрапаліся нечым у полі падчас працы. Але, адзначае фельчар, у мясцовых жыхароў за два гады склалася не самае лепшае ўражанне ад гасцей з Паднябеснай.

Супрацоўніца ФАП: “У гэтым годзе іх і не чуваць, і не відаць, канфліктаў з мясцовымі ніякіх няма. Але летась, калі іх было больш, дык яны пастаянна хадзілі каля ФАПа і паўсюль смецілі. Сядуць на ганку і смецяць — элементарных правілаў не выконвалі. Семачкі плявалі, пакункі з-пад чыпсаў, паперкі ад марозіва — усе проста пад ногі кідалі”.

Пра тое, як ідуць справы ў кітайскай гаспадаркі, Еўрарадыё запытала ў намесніка дырэктара “СінаБелАгра” Вячаслава Панова. Але той заявіў, што амаль два месяцы знаходзіцца “ў адпачынку” і не валодае сітуацыяй. А перакладчык Анатоль на дрэннай рускай мове заявіў, што без дазволу з райвыканкама размаўляць з журналістамі не мае права. Праўда, пасля таго, як Еўрарадыё атрымала дазвол на такую размову, Анатоль перастаў адказваць на тэлефанаванні.

Дарэчы, як паведаміла Марыя Сцепанюк, у выканкаме думаюць пра тое, каб гэтую гаспадарку некаму прадаць альбо перадаць.

Зміцер Лукашук 11 верасня 2010
Еўрапейскае радыё для Беларусі

 
Дата публикации:12.09.2010
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:6283
 
Ключевые слова:
Китай Инвестиционные проекты
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме