У былыя гады, калі яшчэ фантанаваў пафас «братэрскай інтэграцыі» і было ўтульна пад ядзерным парасонам Масквы, лязо прамоў было накіраванае супраць заакіянскіх імперыялістаў.
Цяпер жа галоўная пагроза — з усходу. Імперыялісты, як ні дзіўна, апынуліся больш прадказальнымі і ўмеранымі.
«Амерыка прытрымліваецца сваёй пазіцыі. Расія сваю пазіцыю рэзка памяняла і спрабуе найперш прэзідэнта Беларусі адстроіць, нахіліць перад вядомымі палітычнымі падзеямі», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дазволіў сабе два вострыя моманты. Па-першае, папракнуў Дзмітрыя Мядзведзева за тое, што той недагаворвае адносна закулісных перыпетый прызнання\непрызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Так, Мінск мог бы пайсці на такі крок, але «Расія аказалася няздольная або не захацела кіраўніцтва Расіі ісці на нівеляванне і ліквідацыю тых наступстваў, якія для Беларусі павінны былі ўзнікнуць».
Паводле меркавання мінскага аналітыка-міжнародніка Андрэя Фёдарава, гаворка ідзе пра тое, што бакі не сышліся ў далікатным і сапраўды складаным палітычным гандлі.
У выніку, як вядома, Мінск прадаў сваю няўступлівасць у геапалітычным пытанні Еўрасаюзу, што дазволіла размарозіць адносіны з Бруселем.
Другім вострым момантам у каскадзе выказванняў ад 13 жніўня стала заява Лукашэнкі аб тым, што Мінск можа адмовіцца ад расійскіх паслуг у будаўніцтве АЭС. Аддадуць будоўлю кітайцам?
Андрэй Фёдараў сумняваецца: усё-ткі тэхналогіі ў кітайцаў не тыя. Магчыма, беларускі бок толькі злёгку шантажуе Маскву, каб прыцішыла свае ўмовы. Лукашэнка даў зразумець, што на СП для продажу будучай «атамнай» электрычнасці 50 на 50 з Расіяй не згодны.
«Цалкам магчыма, што пры цяперашніх складанасцях беларускае кіраўніцтва наогул адмовіцца ад будаўніцтва АЭС», — сказаў Фёдараў у інтэрв`ю «Белорусским новостям».
У цэлым жа Лукашэнка 13 жніўня выказваўся стрымана, без эмоцый. Гэта зразумела: цвяліць расійскага мядзведзя перад хуткімі выбарамі (тымі самымі «вядомымі палітычнымі падзеямі») ой як не з рукі!
Іншае пытанне, ці згодны на міравую мядзведзь. Ва ўсякім разе, на нядзелю НТВ ужо анансуе фільм «Хросны бацька-3».
Наколькі закранаюць гэтыя фільмы беларускага прэзідэнта, можна толькі здагадвацца. Ускосны штрых: пасля першай стужкі Лукашэнка нават выказаў версію, што такім каварным чынам яго хацелі справакаваць на адмову ад паездкі ў Астану на саміт ЕўрАзЭС у пачатку ліпеня.
Цяперашні ж анонс — больш хвосткі за папярэднія. А на носе — нефармальны саміт АДКБ у Ерэване.
Там і так наклёўваліся непрыемныя моманты кшталту непазбежнай сустрэчы з Розай Атунбаевай, якую зараз, пасля рэферэндуму ў Кыргызстане, нелегітымнасцю ўжо не папракнеш. У новых жа ўлад Бішкека — вялікія пытанні да беларускага кіраўніка, які даў прытулак скінутаму Курманбеку Бакіеву.
Бішкек дамагаецца экстрадыцыі экс-прэзідэнта, а таксама моцна падазрае, што ў сінявокай рэспубліцы хаваецца і яго брат Жаныбек, да якога, у сваю чаргу, вялікія пытанні наконт кровапраліцця падчас красавіцкіх падзей.
Але яшчэ больш непажаданай на фоне вельмі верагоднага новага ўсплёску інфармацыйнай вайны можа стаць сустрэча з Мядзведзевым. Эксперт Андрэй Фёдараў не выключае, што з боку Лукашэнкі магчымы і дэмарш. Аналагічны таму, што меў месца ў чэрвені мінулага года, калі з-за малочнай вайны той дэманстратыўна не паляцеў у Маскву, ізноў-ткі, на саміт АДКБ.
Вось яны, цяперашнія грымасы беларуска-расійскага саюзніцтва. Пры тым што АДКБ намінальна — «братэрства па зброі», гэтыя «браты» амаль перманентна ваююць паміж сабой то на малочным, то на газавым, то на інфармацыйным фронце.
У выніку беларусы ўсё больш расчароўваюцца ў міфах «братэрскай інтэграцыі» і ўсё часцей у сацыялагічных апытаннях выказваюцца за збліжэнне з ЕС. Што грэе душу ў асноўным праеўрапейскай беларускай апазіцыі.
Між іншым, як раз адсутнасць на тутэйшым полі моцных прарасійскіх структур і такога ж роду харызматычнай постаці, паводле меркавання шэрагу аналітыкаў, з`яўляецца сур`ёзным фактарам, які стрымлівае Крэмль у яго планах разабрацца з нязручным беларускім партнёрам.
Дарэчы, калі Масква сапраўды не прызнае вынікі чарговых прэзідэнцкіх выбараў, то, магчыма, справакуе зусім не той эфект, якога дамагаецца. Паводле прагнозаў Андрэя Фёдарава, Мінск у такім разе па прынцыпе выбару найменшага ліха можа ізноў хіснуцца да ЕС, пайсці на нейкія саступкі Бруселю. Ну, а там — кропля камень точыць.
Ва ўсякім выпадку, ужо сёння ў прамовах Аляксандра Лукашэнкі выява ворага, у адрозненне ад ранейшых часоў, відавочна асацыюецца з усходнім кірункам. І перспектывы цудоўнага прымірэння ды братання як ніколі хісткія.
Аляксандр Класкоўскі,
БелаПАН 15 жнiўня 2010