Умова падтрымкі ЕС — прагрэс у правах чалавека і дэмакратыі, — мяркуе еўракамісар.
Сустрэча праходзіла ў фармаце інтэрв’ю еўракамісара Першаму тэлеканалу.
Паводле слоў Штэфана Фюле, ўзровень удзелу Беларусі ў палітыцы «Усходняга партнёрства» залежыць ад таго, як краіна паважае тое, што з’яўляецца асновай гэтай палітыкі, — такія каштоўнасці, як вяршэнства закона, належнае кіраванне, дэмакратыя і правы чалавека.
«Пры прагрэсе Беларусі ў сферы правоў чалавека і дэмакратыі ЕС будзе гатовы аказаць больш канкрэтную падтрымку», — сказаў еўракамісар.
Пашырэнне ўзаемадзеяння, адзначыў ён, дазволіць ЕС «адкрыць Беларусь аб’яднанай Еўропе»: садзейнічаць умацаванню вяршэнства закона, мадэрнізаваць эканоміку Беларусі, газавую і нафтавую сістэму, транзітную сістэму, а таксама дыверсіфікаваць рынак.
Штэфан Фюле заклікаў «выкарыстаць магчымасць і ўмацаваць адносіны Беларусі і ЕС».
«Беларусь — самая вялікая таямніца Еўропы, — дадаў ён. — І сакрэт — не ў танным газе ці нафце з Расіі і не ў прапановах ЕС з самымі лепшымі намерамі.
Сакрэт Беларусі — у народзе, вельмі адукаваным грамадстве з шырокім кругаглядам».
Марына Рахлей, БелаПАН
9 лiпеня 2010