Савет створаны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь у мэтах паляпшэння каардынацыі сувязей і аказання дапамогі з боку дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь грамадскім арганізацыям беларусаў замежжа. У склад Кансультатыўнага савета ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу органаў дзяржаўнага кіравання, кіраўнікі беларускіх аб’яднанняў Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны і Эстоніі, грамадскіх аб’яднанняў Беларусі і інш.
На першым пасяджэнні будуць абмеркаваныя Палажэнне аб Кансультатыўным савеце і план работы, пытанні выканання Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі крытычных заўваг і прапаноў, выказаных удзельнікамі V з’езда беларусаў свету; падрыхтоўкі праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб суайчынніках"; правядзення ў 2011 годзе Фестывалю беларусаў замежжа.
У пасяджэнні прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства адукацыі, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, мясцовых улад Беларусі.
Праграма Першага пасяджэння Кансультатыўнага савета прадугледжвае наведванне Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і спектакля “Чорная панна Нясвіжа” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. 26 чэрвеня ўдзельнікі савета прымуць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 600-годдзю Грунвальдскай бітвы ў Навагрудку, наведаюць Мірскі замак.
Запрашаем прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі для асвятлення мерапрыемстваў.
24.06.2010
TUT.BY