https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларуская мова як прыкмета элітарнасьці


Паўтара месяца таму стартаваў першы фэстываль беларускамоўнай рэклямы "Adnak!" Сёньня арганізатары фэсту зрабілі спробу падвесьці першыя вынікі і наагул абмеркаваць месца і ролю нацыянальнай мовы ў рэклямных камунікацыях Беларусі. Думкі, меркаваньні, заўвагі, скаргі кіраўнікоў вядучых рэклямных агенцыяў, а таксама творцаў і крытыкаў.
"Ці можна навучыць рэкляму размаўляць па-беларуску?" Меркаваньне дырэктара агенцыі "Adventa Initiative Media" Алега Сташэўскага:

"У краіне, дзе 90% кантэнту ідзе на расейскай мове, выдзеліцца з дапамогай беларускай мовы дастаткова проста. Іншая справа — а ці ёсьць у гэтым вялікая неабходнасьць? Казаць пакуль складана. Але гаварыць трэба, бо гэта дадатковы інструмэнт у прасоўваньні, гэта дадатковы інструмэнт у ідэнтыфікацыі прадукту, яго паходжаньня".

Паводле словаў каардынатара кампаніі "Будзьма беларусамі" Алены Макоўскай, летась сумесна з аксіямэтрычнай лябараторыяй "Новак" і Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў (Літва) кампанія правяла сацыялягічнае апытаньне на тэму "Хто такі сучасны беларус?":

"Нас вельмі парадавала, што, па выніках, 70% апытаных гатовыя спажываць інфармацыйны, культурны прадукт беларускаарыентаваны. Маецца на ўвазе прадукт, які скіраваны на мэнтальнасьць беларускую, на нашу гісторыю. І 70% — гэта тая лічба, зь якой мы мусім лічыцца. І выглядае дзіўнавата, што беларуская рэкляма, рэклямісты, рэклямадаўцы досыць кансэрватыўныя, і замест прапановы прагрэсу і адпавяданьню патрэбе грамадзтва яны кіруюцца стэрэатыпамі ў дадзеным выпадку".

Рэклямная агенцыя Publicis Hepta Belarus мае досьвед стварэньня беларускамоўнай рэклямы для ўсясьветна вядомых брэндаў Samsung, Renault, Hugo Boss, Nescafe. Дырэктар агенцыі Аляксандар Васілевіч распавёў пра тры выпадкі, у якіх часьцей за ўсё замоўцы рэклямы ідуць на беларускую мову:

"Першы — калі мы маем міжнародную кампанію, якая павінна праявіць павагу да рынку. Другі выпадак — калі кампанія ў агульным рэклямным шуме хоча быць больш яркай, неяк аддзяліцца ад іншых. Беларуская мова для гэтага вельмі добра падыходзіць. І яшчэ — гэта калі неабходна падкрэсьліць беларускасьць".

Натуральна, нельга прымусіць рэклямадаўцаў ствараць рэкляму па-беларуску. Неабходна аргумэнтаваць, навошта гэта патрэбна, кажа кіраўнік агенцыі Yanka di Ullka Ян Карпаў:

"Для мяне неабходнасьць гэтага фэстывалю ў тым, што ў мяне зьявяцца нейкія аргумэнты, можа, сфармуецца мікрастатыстыка, мікраразуменьне таго, што гэта працуе. Калі мае словы будуць падмацаваныя чымсьці больш глябальным. Тады, можа, гэтыя брэнды пагодзяцца рэклямавацца па-беларуску".

Мастак Алесь Пушкін, музыка Тодар Кашкурэвіч, дырэктар рэклямнага агенцтва Publicis Hepta Belarus Аляксандар Васілевіч перакананыя, што імідж беларускай мовы трэба падвышаць, рэпрэзэнтуючы мову як прыкмету элітарнасьці:

"Дзякуй богу, што тут ёсьць і інтэлектуальны аспэкт. У некаторых выпадках мова можа павышаць імідж брэнду. Яна выступае як нейкі такі элітарны асяродак. Таму што яна не выкарыстоўваецца большасьцю насельніцтва, але можа выкарыстоўвацца шэрагам адукаваных людзей. І нам патрэбна падтрымліваць гэтую мову, якая можа быць мовай будучыні, мовай інтэлектуальнай эліты, калі хочаце".

Застаецца нагадаць, што конкурс беларускамоўнай рэклямы "Adnak!"працягваецца. Дасылаць свае працы можна да 23 чэрвеня. Урачыстае ўзнагароджаньне пераможцаў адбудзецца на пачатку ліпеня.

07.06.2010      Іна Студзінская    Радыё Свабода
 
Дата публикации:07.06.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:9015
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме