Як паведаміў «НН» кіраўнік Рэспубліканскага авіяметэрэалагічнага цэнтра Алег Аўдзейчык, верагоднасць гэтага вельмі вялікая.
«Распаўсюджванне вулканічнага попелу над Еўропай адсочвае Лонданскі метэрэагічны цэнтр. Паводле яго прагнозаў, сёння ў Беларусі будзе чыстае неба. Наступны прагноз па нашай краіне чакаецца заўтра а 16-ай гадзіне, аднак ужо зараз можна сказаць, што верагоднасць з’яўлення над Беларуссю вулканічнага пылу з Ісландыі вельмі вялікая» – адзначыў А.Аўдзейчык.
Сёння стала вядома, што воблака вулканічнага попелу накрыла дзве траціны тэрыторыі Літвы, а таксама з’явілася на поўначы Расіі.
Нагадаем, што пасля таго, як у сераду адбылося вывяржэнне вулкана, які размешчаны каля ледніка Эйяф’ялайекюль за 200 км на ўсход ад Рэйк’явіка, дым падымаўся на вышыню 6 тыс. метраў. Патокі распаленай лавы часткова растапілі ледавік, што выклікала паводкі. Уладам краіны давялося эвакуяваць з бліжэйшых вёсак ад 700 да 800 чалавек. Цяперашняе вывяржэнне — ужо другое за апошнія некалькі тыдняў. Вулкан спаў да гэтага 200 гадоў.
Вывяржэнне вулкана прывяло да адмены ўсіх авіярэйсаў ў Брытаніі, Скандынавіі і іншых краінах Заходняй Еўропы. Еўрапейскія авіяцыйныя ўлады непакояцца, што воблака вулканічнага попелу можа пашкодзіць рухавікі самалётаў.
Наша Ніва Алесь Пілецкі