https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Нацыянальны атлас Беларусі рыхтуецца да перавыдання


Упершыню атлас быў выдадзены ў 2002 годзе і складаўся з 19 раздзелаў. Новае выданне плануецца выдаць да сярэдзіны 2024 года.
Навукоўцы БДУ ўвайшлі ў склад рэдкалегіі па перавыданні Нацыянальнага атласа Беларусі. Узначаліў яе старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў. Адным з намеснікаў галоўнага рэдактара зацверджаны рэктар БДУ Андрэй Кароль. У якасці адказнага рэдактара ўключаны першы прарэктар Дзмітрый Курловіч. Таксама ў склад рэдкалегіі ўвайшлі тры супрацоўнікі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ.

Навукоўцам трэба абнавіць паліграфічную версію атласа і стварыць яго электронны варыянт у выглядзе дзяржаўнай атласнай інфармацыйнай сістэмы (АІС). Над новай рэдакцыяй будуць працаваць каля 40 вучоных. Гэта прадстаўнікі НАН Беларусі, БДУ, Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белкартаграфія», Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі і інш. У іх задачу ўваходзіць дапоўніць і абнавіць 19 раздзелаў новага выдання.

Супрацоўнікі БДУ зацверджаны ў якасці навуковых альбо адказных рэдактараў і адказваюць за работу над раздзеламі: «Рэспубліка Беларусь і яе месца ў свеце», «Рэльеф», «Паверхневыя воды», «Ландшафты», «Медыка-геаграфічны стан тэрыторыі», «Насельніцтва», «Прамысловасць», «Сельская гаспадарка», «Транспарт», «Сацыяльная сфера і ўмовы жыцця насельніцтва», «Навука і адукацыя», «Культура, спорт, турызм».

Фундаментальнае навукова-даведачнае выданне будзе змяшчаць больш поўную, абноўленую інфармацыю пра Беларусь, яе тэрыторыю, гісторыю, геалагічную будову і рэльеф, кліматычныя ўмовы, паверхневыя воды, глебу і зямельныя рэсурсы, жывёльны і раслінны свет, экалогію, насельніцтва, прамысловасць, сельскую гаспадарку, транспарт, сацыяльную сферу, навуку, адукацыю, культуру, спорт, турызм.

Неабходнасць перавыдання і дапаўнення Нацыянальнага атласа Беларусі абумоўлена шэрагам трансфармацый, што адбыліся ў краіне. У прыватнасці, змяніліся межы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак — раёнаў.

Картаграфічнае выданне з’яўляецца візітнай карткай дзяржавы. Яно дазваляе акумуляваць вынікі шматгадовай працы вучоных і спецыялістаў, якія працуюць у розных сферах. Аўтарам атласа неабходна правесці збор рознай інфармацыі па вялікай колькасці напрамкаў, усё сістэматызаваць, размеркаваць па частках і раздзелах, а таксама граматна і наглядна прадставіць навукаёмістую картаграфічную інфармацыю.

Надзея Нікалаева
Звязда, 28 лютага 2023
 
Дата публикации:28.02.2023
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:551
 
Ключевые слова:
Картография Атлас Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме